Беларусам адмовілі ў эвакуацыі з Непала на бясплатным самалёце для еўрапейцаў
Супрацоўніца кампаніі, якая займаецца эвакуацыяй людзей з Непала, параіла беларусам уступаць у ЕС, калі яны хочуць ляцець з зоны стыхійнага бедства разам з грамадзянамі Еўрасаюза.
З Непала, дзе цягам трох дзён адбываюцца падземныя штуршкі, спрабуюць выехаць турысты-беларусы. Аэрапорты перапоўненыя і выехаць з краіны цяпер вялікая праблема.
“Сёння некаторыя амбасады эвакуіравалі жыхароў Еўрасаюза. Мы адпраўлялі хлопчыка з Германіі ў Тайланд на лячэнне, былі ў аэрапорце. Нас бельгійцы не захацелі браць на борт самалёта, які эвакуіруе людзей. Супрацоўніца, якая займалася пасадкай на самалёт, а квіткі пры гэтым бясплатныя, сказала, што беларусы не еўрапейцы. Я кажу: “Мы — Еўропа”. А яна адказвае: “Вы не Еўрасаюз”. Тады я і мая знаёмая з Расіі спыталі што ж нам рабіць? На што гэтая спадарыня адказала: “Уступайце ў Еўрасаюз”, — распавядае грамадзянка Беларусі Любоў Праневіч, якая апынулася ў Катманду акурат падчас землятрусу.
Па яе словах сёння з раніцы ў краіне было спакойна, а да гэтага цягам двух дзён назіраліся падземныя штуршкі. Самы моцны, які і прынёс вялікія разбурэнні, адбыўся ў суботу. Цяпер ёсць пагроза атручвання вады ад трупаў, бо многа людзей загінула і не ўсіх паспелі знайсці ды пахаваць.
Любоў Праневіч
Уначы людзі спяць у намётах на вуліцы, бо заставацца ў памяшканнях рызыкоўна з-за паўторных землятрусаў.
Любоў гаворыць, што жыццё ў краіне крыху наладжваецца — з'яўляецца электрычнасць, недзе ёсць інтэрнэт. “У газетах — самыя страшныя карцінкі, але на месцы ўсё выглядае не так жахліва, на мой погляд”, — гаворыць Любоў.
Калі адбыўся землятрус і пра гэта сталі пісаць СМІ, а Любоў Праневіч не выходзіла на сувязь, яе сяброўка званіла ў МЗС Беларусі, каб даведацца ці можа знешнепалітычнае ведамства дапамагчы з пошукам грамадзянкі нашай дзяржавы. На што дзяжурны супрацоўнік МЗС сказаў, што ведамства цікавілася лёсам арганізаваных тургруп з Беларусі, а ў выпадку з самастойнымі турыстамі і ў прыватнасці з асобай Праневіч параілі званіць як будзе больш канкрэтная інфармацыя пра яе. Пры гэтым МЗС афіцына паведамляў, што беларусы па дапамогу ў сувязі з землятрусам у Непале не звярталіся.
Як паведамілі ўлады Непала, афіцыйная колькасць ахвяр землятрусу, які адбыўся 25 красавіка, на дадзены момант складае 3 617 чалавек, пацярпелых — 6 538. Дадзеныя будуць абнаўляцца.
Пад лавінамі на Эверэсце загінулі па меншай меры 17 чалавек, больш за 60 атрымалі траўмы. 90 чалавек загінулі ў суседніх з Непалам краінах — Індыі і Кітаі.
Сотні тысяч людзей у Непале і пацярпелых раёнах Індыі праводзяць другую ноч запар на вуліцы, баючыся новых падземных штуршкоў. У іх мала ежы і вады.
Землятрус магнітудай 7,9, з эпіцэнтрам паміж сталіцай Катманду і горадам Покхара стаў самым магутным за апошнія 80 гадоў.