Беларусь — расколатая нацыя

Палітолаг Валер Карбалевіч прааналізаваў вынікі снежаньскага апытання НІСЭПД.



karbalevich_03_2014.jpg

news.tut.by
На што хацеў бы звярнуць увагу, аналізуючы вынікі снежаньскага апытання НІСЭПД. Найперш, яны пацвярджаюць глыбокі раскол беларускага грамадcтва. Гэта можна прасачыць літаральна па ўсіх пытаннях. Па шмат якіх тэмах раскол адбываецца амаль папалам. Фактычна няма пытання, якое б атрымлівала падтрымку большасці насельніцтва. Што лішні раз пацвярджае вядомы пастулfт, што Беларусь — расколатая нацыя.
Другая важная выснова. Таго адчування эканамічнага крызісу, пра які сведчаць эканамічная статыстыка і бягучыя навіны, у масавай свядомасці пакуль няма. Так, колькасць тых, хто лічыць, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў крызісе, знізілася ў параўнанні з вераснем з 75,1% да 66,9%. Для 41,8% беларусаў адыходзячы год быў у цэлым удалым, а для 37,4% — не, 42,5% апытаных сказалі, што іх матэрыяльнае становішча пагоршылася, 45,9% — не змянілася, а 10,5% — нават палепшылася. І гэта на тле таго, што з ліпеня 2014 года па лістапад бягучага году сярэдні заробак у краіне знізіўся з 9 да 0.
Сацыёляfгі гэты працэс называюць «негатыўнай адаптацыяй». То бок, насельніцтва хутка прызвычайваецца да дрэннага, разважаючы, як у тым вядомым анекдоце пра беларуса: «Можа, так і трэба». І гэта адно з тлумачэнняў, чаму ў краіне няма сацыяльных пратэстаў. Акрамя таго, эканамічны крызіс не прывёў да павелічэння колькасці тых, хто хоча пераменаў, хто выступаў бы за змяншэнне ролі дзяржавы ў эканамічных працэсах.
На першы погляд, колькасць прыхільнікаў рынкавых рэформаў у Беларусі цяпер удвая большая, чым іх апанентаў: амаль 57% супраць 27,8%. Але толькі звыш 35% лічаць, што «нашаму грамадству неабходныя сур’ёзныя рэформы (структурныя і сістэмныя змены)», 41,6% — што «нашаму грамадству неабходныя паступовыя рэформы, якія захавалі б цяперашнюю сістэму».
Апошняе — гэта якраз тое, што прапануе Лукашэнка: маўляў, трэба ўсяго толькі ўдасканальванне таго, што ёсць. Таму ён так рашуча процідзейнічае сапраўдным рэформам.
Не менш цікава, што людзі разумеюць пад рэформамі. Адказваючы на пытанне, якія рэформы Аляксандр Лукашэнка павінен правесці на працягу наступных 12 месяцаў, на першае месца рэспандэнты паставілі мадэрнізацыю эканомікі (15,1%), на другое — падвышэнне зарплаты (10,4%), на трэцяе — паляпшэнне медыцынскага абслугоўвання. Падвысьце мне заробак, палепшыце працу медычных устаноў — вось і ўся рэформа.
Цяпер да рэйтынгаў. Існуе сацыялагічная заканамернасць, што падчас выбарчых кампаній адбываецца мабілізацыя электарату, у выніку чаго рэйтынгі ўсіх палітычных структураў і палітыкаў, якія ўдзельнічаюць у выбарах, растуць.
Але падчас прамінулай кампаніі гэтае правіла, у прыватнасці, адносна Лукашэнкі, не спрацавала. Трэнд падвышэння рэйтынгу па меры набліжэння да дня выбараў быў разбураны ўшчэнт. Глядзіце самі. Паводле вераснёўскага апытання, рэйтынг Лукашэнкі быў 45,7%. А ў кастрычніку прагаласавала за яго — 35, 6%. Падзенне склала 10%. І гэта ў момант электаральнай мабілізацыі!
Дарэчы, гэтая заканамернасць не спрацавала і адносна Тацяны Караткевіч, з верасня па кастрычнік яе рэйтынг зменшыўся з 17,9 да 15,7%. (Гэта ад усяго насельніцтва. Калі браць толькі тых, хто прыйшоў на выбары, то там іншыя лічбы).
Прычынаў змяншэння ўзроўню падтрымкі Лукашэнкі, на мой погляд, некалькі. Гэта і зніжэнне ўплыву ўкраінскага чынніка, бо там набіраў моц мірны працэс. І нарастанне эканамічных цяжкасцяў.
Але галоўнае, падаецца, у тым, што, па сутнасці, дзяржаўныя медыі гэтым разам вялі вельмі вялую агітацыю ў падтрымку дзейнага кіраўніка. Яна была, хутчэй, апасродкаваная, чым прамая. Напрыклад, заклікалі падтрымаць стабільнасць, мір і парадак, а не прагаласаваць за Лукашэнку.
Асноўную ўвагу дзяржаўныя медыі і ўладная вертыкаль скіравалі на мабілізацыю яўкі электарату на выбарчыя ўчасткі. Мусіць, разлічвалі, што разліты ў грамадскай атмасфэры фаталізм спрацуе на аўтамаце. А вось не атрымалася.
Ніколі раней не было такога вялікага разрыву паміж дадзенымі ЦВК і НІСЭПД. Рэальнасць і яе афіцыйнае адлюстраванне ўсё больш рухаюцца ў розныя бакі.
Валерый Карбалевіч, РадыёСвабода