Беларускія навукоўцы вынайшлі шкло і кола

А заснавальнік «Белай Русі» Песціс запантэнтаваў каляску для перавозкі вуллёў. Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці працягвае штогод рэгістраваць сотні патэнтаў.



nn_21.jpg

Беларускія пчола — самыя шчаслівыя ў свеце

Беларускія навукоўцы ахопліваюць самыя разнастайныя галіны — ад сельскай гаспадаркі да аховы здароўя. Летась у каталог было дадзена 1423 вынаходніцтвы. «НН» знайшла самыя цікавыя з іх.

 

Выкопваючы орган ад рэктара

 

Сярод безлічы навуковых тэрмінаў вока выхоплівае вынаходніцтва шкла. Вікіпедыя кажа, што ў старажытным Егіпце шкло выкарыстоўвалі яшчэ пяць тысяч гадоў таму... Аднак Людміла Папко, Іван Лявіцкі і Ганна Галібарава (усе з Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта) вынайшлі новае лепшае шкло. Для гэтага трэба «дадаткова звыш 100% дадаць, прынамсі, адзін кампанент» з васьмі варыянтаў. Аксід медзі, альбо аксід хрому, альбо аксід марганцу і гэтак далей.

 

Апроч шкла, беларускія навукоўцы вынайшлі і кола. Але не простае, а павышанай праходнасці. Для гэтага збоку шынаў да дыска прымацоўваецца па адным канічным абадку.

 

Побач у каталогу знаходзім іншыя цікавыя вынаходніцтвы, напрыклад, «выкопваючы працоўны орган бульбаўборачнай машыны». Адзін з ягоных аўтараў — новапрызначаны рэктар Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта (БДАТУ) Іван Шыла.

 

Сямейны клопат пра пчол

 

Не цураюцца рацыяналізатарства і больш высокія прадстаўнікі ўлады. Член савета рэспублікі і рэктар Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, заснавальнік «Белай Русі» Вітольд Песціс паўдзельнічаў у стварэнні каляскі для перавозкі пчаліных вуллеў са светласігнальным абсталяваннем.

 

Разам з ім вынаходніцтвам займаўся і сын Павел. Ен, дарэчы, летась спрычыніўся да вырабу рамкі пчалінага вулля з дадатковай планкай.

 

Таксама быў вынайдзены і новы «спосаб нанясення мастацкай выявы».

 

Калі вы спачатку насуха праціраеце паверхню, а ў якасці клеявога раствору змешваеце клей ПВА і акрылавы лак фактычна ў любых прапорцыях, ведайце: гэта насамрэч прыдумала Таццяна Папова з кампаніі «Бэст-Ост».

 

А ў Палескім аграрнаэканамічным інстытуце Акадэміі навук група з чатырох эксперыментатараў фармулявала рэцэпт безалкагольнага збітню.

 

Атрымалася тры варыянты. У выніковай масе мусіць быць 20% натуральнага меду, 77—78% вады, а рэшта — карыца, шматлікія травы, свежыя ці замарожаныя чарніцы... Выглядае смачна. Як, зрэшты, і бульбяны збіцень, рэцэпт якога вынайшлі ў БДАТУ. Напой атрымаўся алкагольным.

 

Парады для здаровага цела

 

У пазалеташнім аглядзе патэнтаў «НН» пісала пра Віктара Кунавіна, які распрацоўвае фізічныя практыкаванні. Што ж, ні года без патэнтаў.

 

Для аматараў здаровага ладу жыцця ен гатовы прапанаваць новую позу. Спачатку станьце на калені, ногі шырэй за таз, ступні выверніце вонкі, абапіраючыся тыльнымі паверхнямі вялікіх пальцаў аб падлогу, і апусціце рукі ўздоўж цела. Цяпер пачынаем практыкаванне: павольна ўдыхніце, нахіліце галаву назад, выпінайце грудзі ўверх, рукі і плечы цягніце ўніз да дотыку каленяў. У такой позе трэба крыху патрымацца, вярнуцца ў пачатковы стан і пачаць практыкаванне зноў.

 

Ягоны калега па навуцы Уладзімір Шэлемаў таксама мае з дзясятак патэнтаў. Некалькі гадоў таму ен прыдумаў шматслойную сцілку, а цяпер палепшыў жыцце беларусаў вынаходніцтвам падушкі.

 

Яе апісанне займае два радкі — набіваць чахол трэба жытнім вотруб'ем. Падыдзе таксама ячменнае ды аўсянае.

 

На жаль, статыстыкі наконт таго, колькі з вынаходніцтваў знайшлі рэальнае ўвасабленне, не існуе. Многія з патэнтаў застаюцца ляжаць на паліцы і радуюць толькі сваіх аўтараў.

 

Што трэба для атрымання патэнта?

1) заява на выдачу патэнта;

2) апісанне вынаходніцтва, якое раскрывае яго з паўнатой, дастатковай для ажыццяўлення;

3) формула вынаходніцтва, якая выражае яго сутнасць і цалкам заснаваная на апісанні;

4) чарцяжы ці іншыя матэрыялы, калі яны неабходныя для разумення сутнасці вынаходніцтва;

5) рэферат.

 

Што яшчэ вынайшлі беларускія навукоўцы?*

Зліўны бачок

Дах

Паўфабрыкат мясны сечаны

Транспартны святлафор

Чайнік

*назвы патэнтаў, выдадзеных у 2012 годзе