Беларусы з'яжджаюць з Расіі… з-за рускай мовы
Ад 1 студзеня 2015 году ў Расіі ўступіла ў сілу норма заканадаўства, якая абавязвае здаваць іспыты на веданне рускай мовы, гісторыі і культуры. У прыватнасьці, замежнікам, якія жадаюць атрымаць від на жыхарства або расійскае грамадзянства, неабходна прайсці тэставанне.
У пераліку іншаземцаў аказаліся і беларусы — нягледзячы на дэклараваную роўнасць у межах так званай саюзнай дзяржавы. З гэтай прычыны беларусы ўсё часцей крыўдуюць, што правы расіян і беларусаў перасталі быць роўнымі.
Як піша калінінградскае выданне «Янтарный остров», у рэгіёне пражывае адна з самых шматлікіх беларускіх дыяспараў у Расіі. Кожны дзясяты жыхар анклаву — этнічны беларус. Але ў апошні час беларусы змяняюць пляны і вяртаюцца на радзіму. У тым ліку з-за патрабаванняў, якімі абкладаюцца прадстаўнікі іншых нацыяў і народнасцяў.
Кіраўніцтва рэгіянальнага ўпраўлення міграцыйнай службы нават звярталася ў федэральны цэнтар з прапановай скасаваць іспыты для грамадзянаў краіны, дзе руская мова з'яўляецца другой дзяржаўнай, але бясплённа.
На дыскрымінацыю наракаюць і прадстаўнікі беларускай дыпмісіі ў Калінінградзе.
«Законапраект, які ўвёў абавязковую здачу экзамэнаў, стаў для нас поўнай нечаканасцю», — заявіў кіраўнік мясцовага аддзялення амбасады Рэспублікі Беларусь Васіль Гарбаценка.
Пры гэтым чыноўнік прывёў красамоўны прыклад: з Калінінградскай вобласці з'ехала сям’я лекараў — у тым ліку з-за неабходнасці здаваць іспыты. «Не зусім зразумела, навошта нашым грамадзянам даказваць, што яны ведаюць рускую мову», — сказаў Васіль Гарбаценка.