Бляск і беднасць беларускай Феміды
На мінулым тыдні ў сеціве з’явіліся здымкі шыкоўных інтэр’ераў новага будынка Вярхоўнага суда. Багатыя жырандолі, аздобленыя шклянымі вітражамі сцены, велічная статуя багіні правасуддзя…
Новы чатырохпавярховы будынак Вярхоўнага суда на вуліцы Арлоўскай у Мінску не толькі знаходзіцца літаральна праз дарогу ад Палаца Незалежнасці, але і паўтарае яго стылістыку, што не дзіўна: абодва праекты зрабіў архітэктар Уладзімір Архангельскі.
Адкрыць новы «храм правасуддзя» планавалася да 7 лістапада, але не паспелі, хоць будоўля ішла досыць хуткімі тэмпамі. І, варта адзначыць, абышлася бюджэту ў круглую суму. Згодна з тэндарамі на дзяржаўныя закупкі, адзін толькі фантан з асвятленнем каштуе амаль 300 тысяч долараў (598 594 рублі), а мастацкі дэкор будынка абыдзецца ў 814 тысяч долараў. За герб і надпіс «Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь» для фасада заплацілі больш за 112 тысяч долараў, крышталёвая жырандоля індывідуальнага вырабу для цэнтральнага хола абышлася амаль у 90 тысяч долараў.
Але гэта яшчэ не ўсё. Вырабы з натуральных камянёў беларускай вытворчасці на 1027 квадратных метраў будынка абышліся бюджэту ў 562 тысячы долараў. На падлозе — венгерскае спартовае пакрыццё, 132 квадраты якога каштавалі 5,3 тысячы долараў.
Камяні для брукаванкі і гранітны борт для будынка суда пацягнулі на 390 тысяч долараў. А ўжо згаданы фантан за 300 тысяч долараў у дадатак абліцуюць гранітам за 30 тысяч долараў.
Што да ўсялякай «драбязы» накшталт лесвічных дываноў, іх для будынка галоўнага беларускага суда прывезлі з Бельгіі, выдаткаваўшы амаль 6 тысяч долараў за 40 квадратных метраў. А каб наведвальнікі і супрацоўнікі суда лішні раз не тапталі дарагія бельгійскія дываны на лесвіцах, дастаўляць іх з паверха на паверх будуць тры магілёўскія ліфты, за якія заплацілі 88 тысяч долараў (па 28 тысяч за штуку).
Што, ужо закружылася галава ад касмічных лічбаў? Чакайце, гэта яшчэ не ўсё.
Звонку будынак падсвецяць адмысловым абсталяваннем за 95 тысяч долараў. На ўваходзе наведвальнікаў будзе сустракаць флагшток за 17 тысяч долараў з дзяржаўным сцягам. Што да малых архітэктурных формаў (36 гранітных вазонаў, 17 гранітных лаваў, 6 гранітных сметніц), выкарыстаных для аздаблення будынка Вярхоўнага суда, то абышліся яны бюджэту краіны ў зусім не малую суму — амаль у 60 тысяч долараў.
Трэба дадаць, што будаўніцтва Вярхоўнага суда Беларусі, які ўсё ж плануюць адкрыць на лета, фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту, бюджэту Мінска, а таксама за кошт інвестараў ды «іншых крыніц». Праўда, у якой прапорцыі і якая ў гэтым фінансаванні доля грошай падаткаплацельшчыкаў — то бок нас з вамі — невядома. Затое цяпер кожны беларускі мужчына зможа ганарыцца, што выканаў хаця б адну частку з трыяды «дрэва — дом — сын»: маўляў, не тое што дом, а цэлы Вярхоўны суд фундаваў!
Насамрэч, з’яўленне здымкаў інтэр’ераў суда магло б стаць нагодай для чарговых інтэрнэт-мемаў на тэму «дорага-багата», каб на гэтым фоне не з’явілася яшчэ адна навіна аб тым, што траціна беларусаў (а гэта больш за тры мільёны чалавек!) не можа сабе дазволіць мінімум тавараў і паслуг. І колькасць такіх людзей у нашай краіне павялічваецца трэці год запар. Так, у мінулым годзе ў краіне налічвалася 3 мільёны 10,3 тысячы чалавек (або амаль 34% ад агульнай колькасці насельніцтва краіны), сярэднедушавыя рэсурсы якіх не перасягалі мінімальны спажывецкі бюджэт у разліку на аднаго сямейніка ў сям’і з чатырох чалавек за месяц — 317,72 рубля.
Дык для каго будуюцца ўсе гэтыя шыкоўныя саркафагі? Можа, ад яскравасці падсветкі ў фантане ці дарагавізны абліцоўкі сцен беларускі суд раптам стане справядлівым? Ці паўплываюць на незалежнасць суддзяў і шчырасць паказанняў сведак-міліцыянтаў шкляныя вітражы і шыкоўныя жырандолі?
У мяне на гэты конт няма ніякіх ілюзій. Папросту чым горшае становішча ў дзяржаве, тым важней яе кіраўніцтву любымі спосабамі даказаць адваротнае, каб утрымаць уладу ў руках. Не хапае грошай з зарплаты ці пенсіі дажыць да канца месяца? Лухта, затое звярніце ўвагу, які ў нас суд прыгожы. У краіне вялікія праблемы з правамі чалавека? Ды не можа быць, вы толькі паглядзіце, які багаты беларускі Вярхоўны суд — адразу бачна, тут паважаюць закон.
Але самае крыўднае, што гэта ўзвядзенне пацёмкінскіх вёсак (ці судоў, як у дадзеным выпадку) сапраўды робіць уражанне і дасягае сваёй мэты — схаваць за штучным бляскам сапраўдныя праблемы грамадства. Дык, можа, наспеў ужо час расплюшчыць вочы і азірнуцца навокал, звярнуць увагу на тое, што сапраўды важна: крытычны стан эканомікі, аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай палітыкі?
Бо мы ж не Феміда, каб жыць з завязанымі вачыма.