Прысуды за ўшанаванне паўстанцаў 1863 года ў Свіслачы

Сталі вядомыя вынікі першых адміністрацыйных працэсаў супраць удзельнікаў традыцыйнага Дня памяці паўстанцаў 1863 года, які прайшоў 27 кастрычніка ў Свіслачы і Якушоўцы.

svislach_2018.jpg


15 лістапада старшыня Свіслацкага раённага суду Аляксандр Шылін засудзіў грамадскага актывіста Юры Глебіка паводле артыкулу 23.34, частка 1 да 25 базавых велічынь штрафу. Ён жа 16 лістапада аштрафаваў іншага грамадскага актывіста Віктара Пяцельчыца на 10 базавых велічынь, паведамляе «Гарадзенская вясна».

Старшыня Свіслацкага суду Аляксандр Шылін мае багаты досвед карных пастановаў — у ранейшыя гады — у 2012-м, 2014-м, 2015-м і 2016-м гадах ужо засуджваў грамадскіх актывістаў да адміністрацыйнага арышту і штрафаў за ўдзел у традыцыйным Дні памяці паўстанцаў.

Даты судоў у дачыненні да гарадзенскіх праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў яшчэ невядомыя. Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч і Ежы Грыгенча ўжо азнаёміліся з складзенымі на іх пратаколамі пра нібыта адміністрацыйныя правапарушэнні. Таксама аналагічныя пратаколы складзены на Мікалая Саляніка, Сяргея Верамеенку і Ігара Банцара.