Больш за 100 арганізацый па ўсім свеце заклікаюць прыняць новае права чалавека — жыць на здаровай планеце

Сёння, 13 ліпеня, больш за 100 грамадскіх арганізацый, у тым ліку беларуская прыродаахоўная арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ), заклікалі ААН дадаць новы артыкул ва Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека — пра ўсеагульнае права на здаровае навакольнае асяроддзе. Калі заклік будзе пачуты, гэта стане першай папраўкай да дэкларацыі з моманту яе з'яўлення ў 1948 годзе!

Больш за мільён відаў на Зямлі — пад пагрозай знікнення, у тым ліку беларускія хамякі

Больш за мільён відаў на Зямлі — пад пагрозай знікнення, у тым ліку беларускія хамякі

Найбуйнейшая прыродаахоўная асацыяцыя свету BirdLife International запусціла кампанію # 1Planet1Right, каб дасягнуць гэтай мэты.
Да кампаніі далучыліся іншыя грамадскія арганізацыі, такія як ClientEarth і Global Pact for Environment (Глабальны дагавор аб ахове навакольнага асяроддзя). Акрамя таго, кампанію падтрымаў д-р Дэвід Бойд, спецыяльны дакладчык ААН па правах чалавека і ахове навакольнага асяроддзя. Арганізатары кампаніі # 1Planet1Right ў Дзень Зямлі накіравалі ліст Антоніу Гутэрышу, Генеральнаму сакратару ААН, з афіцыйным запытам аб замацаванні новага права чалавека, а таксама запусцілі глабальную петыцыю.
Паводле даных СААЗ, 23% усіх смерцяў у свеце звязаны з парушэннем і разбурэннем прыроднага асяроддзя, сотні мільёнаў чалавек пакутуюць ад захворванняў, звязаных з нездаровым навакольным асяроддзем. Змяненне клімату прыводзіць да больш частых і моцных ураганаў, засух, лясных пажараў і павышэння ўзроўню мора, што пагражае жыццям мільярдаў людзей. Прычыны пандэміі COVID-19 караняцца ў страце біялагічнай разнастайнасці і нелегальным гандлі дзікімі жывёламі. Новае права дапаможа ўлічыць як праблемы біяразнастайнасці, так і праблемы змянення клімату пры глабальным «зялёным» аднаўленні, у якім мае патрэбу наш свет для таго, каб вярнуць грамадства на былыя пазіцыі пасля пандэміі.
Кампанія # 1Planet1Right заклікае ААН прагаласаваць за ўключэнне права на здаровае навакольнае асяроддзе ў Савеце па правах чалавека ААН, Генеральнай Асамблеі ААН, а таксама ў ходзе Саміту ААН па біяразнастайнасці, які адбудзецца ў сярэдзіне верасня 2020 года, каб у выніку ўключыць права на здаровае навакольнае асяроддзе ва Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека да 2023 года.
Д-р Дэвід Бойд, спецыяльны дакладчык ААН па правах чалавека і ахове навакольнага асяроддзя:
«Права жыць на здаровай планеце як агульнапрызнанае права чалавека стане магутным дадаткам да наяўнага інструментара для выратавання планеты. Права на здаровае навакольнае асяроддзе, ужо замацаванае ў заканадаўстве розных краін, забяспечвае аснову для сур'ёзнага прагрэсу. Цяпер трэба не ўпусціць момант глабальнага экалагічнага крызісу і дамагчыся прызнання гэтага права Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый. Тады гэтым правам зможа скарыстацца любы чалавек у любым пункце свету. Калі ўсе краіны свету прызнаюць права чалавека жыць на здаровай планеце, яно можа стаць самым важным правам чалавека XXI стагоддзя».
Патрысія Сурыта, кіраўнік BirdLife International:
«Здароўе нашай планеты — гэта наша здароўе. Калі наша планета хварэе, хварэем і мы. І сёння наша планета цяжка хворая. Выжыванню чалавецтва ўжо пагражае крызіс клімату і біялагічнай разнастайнасці, а пандэмія падштурхнула нас яшчэ бліжэй да краю бездані. Каб змяніцца, каб выратаваць грамадства, перш за ўсё неабходна зрабіць так, каб ва ўсіх людзей была аднолькавая кропка адліку — кожнаму неабходна гарантаваць права жыць на здаровай планеце».
Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ — нацыянальнага партнёра BirdLife International у Беларусі:
«Мінпрыроды, АПБ і іншыя грамадскія і дзяржаўныя прыродаахоўныя арганізацыі абараняюць дзікую прыроду, але не для іншапланецян. Дзікая прырода патрэбна зямлянам, чалавецтву, каб жыць доўга, шчасліва і выдатна!»
Сябры АПБ заклікаюць беларусаў падпісаць петыцыю, каб права на здаровае навакольнае асяроддзе стала ўсеагульным.
Паводле прэс-рэліза