Будучыя абітурыенты запусцілі праект «Беларуская мова як шлях да паступлення»
Вучні выпускных класаў розных школ правялі аналіз верагоднасці паступлення ў беларускія ВНУ і прыйшлі да высновы, што выпускнікі, якія абіраюць беларускую мову, павышаюць свае шанцы на паступленне.

З аднаго боку, гэта дазволіць лягчэй здаць экзамены, а з іншага — у перспектыве павялічыць прысутнасць беларускай мовы ў краіне і яе пісьмовае ўжыванне, піша «Наша Ніва».
Гісторыя пачалася з мітапу праекта #першыя, у якім варта было знайсці актуальную праблему і вырашэнне гэтай праблемы па кірунку «Культура», дзе ментарам выступіў Аляксандр Шастаковіч — кіраўнік платформы say.by. І пасля сур’ёзнага абмеркавання юнакі вырашылі ўзяцца за разбурэнне стэрэатыпаў. Яны выявілі адзін з самых пашыраных: што рускую мову здаваць нібы прасцей, бо на ёй размаўляе большасць. Гіпотэза пра наяўнасць стэрэатыпу пацвердзілася апытаннямі некаторых выпускных класаў.

Нягледзячы на тое, што беларускай мовы амаль не чуваць навокал, яе здае больш за 25% выпускнікоў, і штогод гэтая лічба толькі расце. А самым шакуючым фактам з’явіўся адсотак тых, хто здае на 100 балаў.
З яго вынікае, што кожны год усё больш і больш абітурыентаў набіраюць 100 балаў па беларускай, прычым розніца з рускай мовай уражвае. Дык навошта абмяжоўваць свае шанцы, калі можна карыстацца цудоўнай роднай мовай?

Руская мова — адна з самых складаных моў у свеце. Напрыклад, рэпетытары раяць вывучыць 24 выключэнні з правілаў у беларускай мове і ажно 70 — у рускай. У беларускай «о» — заўсёды пад націскам, а ў рускай 15 пунктаў і падпунктаў для правапісу ў назоўніках, прыметніках, у выключэннях, у ненаціскных, у запазычаных словах і да таго падобнае.
Юнакі запусцілі праект «Беларуская мова як шлях да паступлення» і вырашылі зрабіць буклет, у якім згадаць асноўныя адрозненні, сцісла прывесці шэраг фактаў і вынікаў апытанняў. Акрамя таго, запусцілі тэлеграм-канал і Інстаграм, дзе падрабязна параўноўваюцца правілы і выключэнні з правілаў у рускай і беларускай мовах.
А цяпер дзякуючы платформе say.by замовіць стос буклетаў у сваю навучальную ўстанову можна абсалютна бясплатна. Трэба толькі запоўніць формачку.