Чарнобыльскі шлях: улады дазволілі і абмежавалі
У пятніцу, 20 красавіка, у Мінскі гарвыканкам былі запрошаныя падпісанты заяўкі на правядзенне “Чарнобыльскага шляху–2012. Гарадскія ўлады ўдакладнілі фармат правядзенне акцыі, якая адбудзецца ў сталіцы ўвечары 26 красавіка, акурат на 26-ю гадавіну катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Як адзначылі на прэс-канферэнцыі арганізатары шэсця і мітынгу, улады не задаволілі два важныя пункты заяўкі і выказалі шэраг незразумелых патрабаванняў.
У пятніцу, 20 красавіка, у Мінскі гарвыканкам былі запрошаныя падпісанты заяўкі на правядзенне “Чарнобыльскага шляху–2012. Гарадскія ўлады ўдакладнілі фармат правядзенне акцыі, якая адбудзецца ў сталіцы ўвечары 26 красавіка, акурат на 26-ю гадавіну катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Як адзначылі на прэс-канферэнцыі арганізатары шэсця і мітынгу, улады не задаволілі два важныя пункты заяўкі і выказалі шэраг незразумелых патрабаванняў.
Як распавёў журналістам старшыня аргкамітэту “Чарнобыльскага шляху прафесар Юры Хадыка, заяўку на правядзенне мемарыяльных мерапрыемстваў Мінгарвыканкам з большага задаволіў. Так, улады дазволілі правядзенне 26 красавіка шэсця і мітынгу ў наступным фармаце: збор удзельнікаў ад 18.00 да 18.30 каля Нацыянальнай акадэміі навук, ад 18.30 да 19.30 — шэсце па ходніках вуліцы Сурганава да Плошчы Бангалор і ад 19.30 да 20.30 — мітынг на цэнтральнай пляцоўцы Парку Дружбы народаў.
“Лёгка заўважыць, што ўлады праігнаравалі дзве істотныя акалічнасці, на якія мы звярнулі ўвагу гарадскога начальства ў нашай просьбе. Па-першае, нам не дазволілі шэсце па першай паласе праезнае часткі вуліцы Сурганава, маўляў, мы будзем перашкаджаць руху, хаця, як вядома, тралейбусы могуць спакойна рухацца і па другой паласе. І другое, магчыма, больш істотнае. Мы прасілі даць нам гарантыі, што не будзе арыштавана гукаўзмацняльная апаратура, як гэта адбылося 25 сакавіка. Такіх гарантыяў мы не атрымалі, хаця мелі працяглую гутарку на гэты конт з палкоўнікам міліцыі Ігарам Яўсеевым. Мы дамагліся толькі вуснай заявы, што калі не будзе ніякіх парушэнняў пры афармленні заяўкі на гукаўзмацняльную апаратуру, то яны яе забіраць не будуць, — паведаміў прафесар Хадыка.
Па словах старшыні аргкамітэту акцыі, ён адмовіўся падпісваць “Даведку аб правядзенні прафілактычнай размовы, у якой утрымліваецца шэраг вельмі запамінальных рэчаў. Вось толькі частка пераліку забаронаў, якія ўтрымлівае гэты дакумент: забараняецца перашкаджаць руху грамадскага транспарту і пешаходаў, ствараць перашкоды для бесперабойнай працы арганізацыяў і ўстановаў, мець пры сабе агнястрэльную, газавую ці іншую зброю, выбуховыя рэчывы і боепрыпасы, іх імітатары ці муляжы, а таксама спецыяльна вырабленыя прадметы ці прылады, выкарыстанне якіх можа ўяўляць пагрозу жыццю і здароўю людзей альбо нанесці матэрыяльны ўрон грамадзянам і арганізацыям.
Аднак некаторыя забароны выклікалі проста сумны смех як у арганізатараў, так і ў журналістаў, што прысутнічалі на прэс-канферэнцыі. Напрыклад, падчас акцыі таксама забараняецца “ажыццяўляць прапаганду вайны і экстрэмісцкую дзейнасць, у тым ліку з выкарыстаннем плакатаў, транспарантаў ці іншых сродкаў… хаваць свае твары пад маскамі… ажыццяўляць рэалізацыю алкагольных напояў і піва ў месцах правядзення ўказанага мерапрыемства і ў радыусе 500 метраў прылеглых да яго тэрыторый. На гэтую забарону Юры Хадыка з гумарам заўважыў: “Гэта ж колькі барышоў мы атрымалі ад гэтага гандлю за ўсе мінулыя акцыі!
Яшчэ адзін пункт памянёнае даведкі гучыць так: “Забараняецца карыстацца сцягамі, вымпеламі, не зарэгістраванымі ва ўстаноўленым парадку, а таксама эмблемамі, сімваламі, плакатамі і
транспарантамі, змест якіх накіраваны на нанясенне ўрону грамадскаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзян. Прадстаўнік аргкамітэта па стварэнню Партыі “БХД
Дзяніс Садоўскі падкрэсліў, што падчас сустрэчы ў Мінгарвыканкаме ўдалося дамовіцца з гарадскімі ўладамі, што яны не будуць перашкаджаць выкарыстанню падчас шэсця і мітынгу бел-чырвона-белых сцягоў і
іншай сімволікі, як гэта было ў Дзень Волі 25 сакавіка.
Варта адзначыць, што іншыя заяўнікі пагадзіліся падпісаць памянёную даведку, каб акцыя ўсё ж была дазволена. Таццяна Новікава, якая ў аргкамітэце прадстаўляе арганізацыю “Экадом і
грамадзянскую ініцыятыву “Астравецкая атамная — гэта злачынства, выказала спадзяванне, што ўсе ўдзельнікі будуць прытрымлівацца рамачных дамоваў, дасягнутых з уладамі. Па
словах Новікавай, сталічныя ўлады таксама далі дазвол на правядзенне 25 красавіка ў Мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтры ім Яханэса Раў (пачатак у 18.30) адкрытай панэльнай дыскусіі па абмеркаванню
наступстваў Чарнобыля, Фукусімы, іншых радыяцыйных катастрофаў. Будзе абмеркаваны таксама экалагічны складнік функцыянавання атамных электрастанцыяў. У дыскусіі возьмуць удзел як беларускія, так і
замежныя спецыялісты
.
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паведаміў, што гомельскія дэмакратычныя сілы 26 красавіка ў 18.00 правядуць жалобнае мерапрыемства на вуліцы Юбілейнай у абласным
цэнтры. “Гэта будзе ўскладанне кветак і імправізаваны мітынг. А 25 красавіка мы плануем выезд у Астравец, бо тэма астравецкай АЭС — адна з дамінуючых 26 красавіка. Мы не падавалі
ніякіх адмысловых заявак, бо лічым, што для таго, каб прыехаць у Астравец і сустрэцца з жыхарамі, ніякі дазвол не патрэбны. А рабіць прамы маніторынг, прамую сацыялогію для палітычных структур вельмі
важна, таму мы прыедзем, сустрэнемся з людзьмі, будзе і асобна падрыхтаваная сустрэча з актывістамі, якія выступаюць супраць будаўніцтва астравецкай АЭС. Таксама мы проста пройдзем па горадзе,
раздаючы інфармацыю і размаўляючы з людзьмі, каб ведаць, як самі жыхары рэгіёна ставяцца да таго, што непасрэдна ў іх будуецца атамная станцыя, — адзначыў кіраўнік АГП.
Дзяніс Садоўскі дадаў, што дэмакратычныя актывісты ў наступныя дні плануюць наведаць таксама і рэгіёны, найбольш пацярпелыя ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Арганізатары
“Чарнобыльскага шляху спадзяюцца, што мерапрыемствы пройдуць гэтаксама мірна, як гэта было на сёлетні Дзень Волі, таму параілі грамадзянам не баяцца і далучыцца да адзначэння гэтай
памятнай і трагічнай даты — 26 красавіка.