Чорны спіс расце
Яшчэ 19 беларускім службоўцам Еўрапейскі Саюз забараніў уезд на тэрыторыю сваіх краін. Яны спрычыніліся да рэпрэсій супраць дэмакратычных актывістаў пасля прэзідэнцкіх выбараў. Цяпер агульны спіс неўязных асобаў з Беларусі налічвае 175 чалавек.
![34609bdc08a07ace4e1526bbb1777673.jpg 34609bdc08a07ace4e1526bbb1777673.jpg](/img/v1/news/full/34609bdc08a07ace4e1526bbb1777673.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Яшчэ 19 беларускім службоўцам Еўрапейскі Саюз забараніў уезд на тэрыторыю сваіх краін. Яны спрычыніліся да рэпрэсій супраць дэмакратычных актывістаў пасля прэзідэнцкіх выбараў. Цяпер
агульны спіс неўязных асобаў з Беларусі налічвае 175 чалавек.
У чорны спіс дадаліся пракуроры і суддзі, якія ўжо вынеслі прысуды па “справе 19 снежня. Гэта суддзя Вольга Комар і пракурор Антон Загароўскі (справа Васіля Парфянкова). А таксама
суддзя Таццяна Чаркас і пракурор Таццяна Маладцова (справы Аляксандра Атрошчанкава, Аляксандра Малчанава і Дзмітрыя Новіка).
Сярод новых неўязных — два намесніка міністра ўнутраных справаў, Валеры Гайдукевіч і Сяргей Гурэеў. А таксама камандзір роты амапаўцаў Раман Кадзін. У спіс трапілі тры намеснікі
міністра юстыцыі і чатыры рэктары тых ВНУ, у якіх адлічылі з вучобы студэнтаў па палітычных прычынах. Гэта Пётр Кухарчык (рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта), Міхаіл Батура
(Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі), Мечыслаў Часноўскі (Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт) і Тамара Алпеева (Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут).
Кэтрын Эштан, вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі, заявіла, што спіс з’яўляецца адкрытым. І будзе пастаянна пераглядацца з улікам далейшага развіцця сітуацыі ў
Беларусі.
Афіцыйны Мінск у адказ зрабіў адпаведныя захады: 22 сакавіка абвясціў пра свой чорны спіс замежнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі. Як заявіў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных, туды
“ўключаны асобы, якія робяць дэструктыўныя дзеянні ў дачыненні да Беларусі і наносяць шкоду міжнароднаму супрацоўніцтву.
Аднак агучваць прозвішчы МЗС не стаў. “Асобы, уключаныя ў спіс, змогуць даведацца аб гэтым, калі звернуцца за візай у беларускую амбасаду, — паведаміў Савіных. І наогул,
паводле яго словаў, цяпер візіты еўрапейскіх і амерыканскіх дэлегацый “палітычнага ўзроўню будуць ажыццяўляцца пры наяўнасці запрашэння ад органаў улады Беларусі.
Як стала вядома з неафіцыйных крыніц, беларускі чорны спіс фармаваўся з больш чым 150 прадстаўнікоў ЕС і ЗША. Сярод іх — кіраўнік Еўрапарламента Ежы Бузэк і еўрадэпутат Яцэк Пратасевіч, якія
з’яўляюцца “злоснымі крытыкамі беларускага рэжыму.
Рэакцыя беларускіх уладаў, як мяркуюць назіральнікі, сведчыць, што візавыя санкцыі ЕС маюць уплыў. Хоць і не прымушаюць рэжым ісці на саступкі, але раздражняюць. Беларускія ж санкцыі эксперты лічаць
зусім неэфектыўнымі. Бо еўрапалітыкі не так ужо моцна імкнуцца ў Беларусь. А вось сярод 175 беларускіх чорнаспісачнікаў дакладна знойдуцца тыя, хто не супраць быў бы паездзіць па Еўропе.