Худы-худы год

У публіцыста, аналітыка, аглядальніка "Радыё Свабода" Юрыя Дракахруста ёсць кніжка пад назвай «Сем худых гадоў». І 2015-ы будзе калі не восьмым, дык ці не самым худым у гэтым шэрагу.



razb_elka.jpg

Яшчэ напрыканцы мінулага, 2014-га года, НЧ праводзіў «круглыя сталы» з аналітыкамі і палітыкамі наконт будучыні — прэзідэнцкай кампаніі гэтага года. Тады палітыкі білі сябе ў грудзі, ірвалі на сабе кашулі і казалі, што «калі мы не дамовімся, мы страцім краіну».

Што ж, не дамовіліся. Абяцанага нам шмат разоў зацверджанага адзінага кандыдата ад апазіцыі на выбарах не атрымалася. Беларускія дэмакраты пайшлі на выбары ў некалькі калонаў.

Падаецца, гісторыя ўсё вырашыла за іх. Ніхто, апроч Таццяны Караткевіч, не сабраў неабходныя сто тысячаў подпісаў для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты. Здавалася б, калі атрымалася такая сітуацыя, і Караткевіч стала адзіным дэмакратычным кандыдатам дэ-факта, усе астатнія павінны былі калі не аб’яднацца, то згуртавацца вакол яе. Інакш, «калі мы не дамовімся, мы страцім краіну».

Але замест гэтага апазіцыя пачала «мачыць» адзінага дэмакрата ў кампаніі. То Партыя БНФ кінула яе на паўдарозе, то астатнія прэтэндэнты пачалі казаць, што «Караткевіч — праект улады», і калі яна не здымецца, яна гэта пацвердзіць… Цікава, каб яны сабралі неабходныя подпісы для рэгістрацыі, яны б таксама былі «праектам улады»? І таксама б адразу пасля рэгістрацыі зняліся? Ці то стваралася незразумелая камісія па «праверцы подпісаў», праца якой скончылася нічым, — у адрозненне ад журналісцкай працы. «Акулы пяра» неаднаразова правяралі подпісы за Караткевіч па стандартах ЦВК і прыйшлі да высновы, што яны — сапраўдныя.

Паспрабавала ў гэты раздрай усунуць свае пяць капеек і ўлада, нечакана вызваліўшы такую моцную фігуру, як Мікалай Статкевіч. Але сам Статкевіч, да свайго гонару, не даў сябе скарыстаць у гэтай гульні, і заняўся зусім іншымі рэчамі: адраджэннем вулічнай актыўнасці, не ўлазячы і ў без яго «ўдалы» апазіцыйны раздрай.

У выніку надзея на нейкія змены ў краіне раставала, як лёд вясною. Праўда, і надзеі не было, а так — спадзяванне на цуд. Цуду, зразумела, не адбылося.

Паколькі апазіцыя падчас перадвыбарчай і выбарчай кампаніі нарабіла столькі памылак, колькі хапіла б на некалькі гадоў, яна пачала рабіць спробы ліхаманкава іх выправіць. А ліхаманкавасць заўсёды вядзе да новых памылак. І ўжо пасля выбараў тыя, хто казаў пра «дэлегітымізацыю Лукашэнкі», раптам звярнуліся да Еўропы з просьбай пасадзіць іх за круглы стол з той жа ўладай. Вызнаючы тым самым, як ні дзіўна, яе легітымнасць.

Карацей, гэты год стаў поўным правалам беларускай апазіцыі ў тым выглядзе, як яна існуе зараз. Тым не менш, яна такая, якая ёсць, і іншай у нас няма. Адначасна пакуль не бачна і спробаў перафарматавання гэтай апазіцыі, і спробаў стварыць нейкі стратэгічны план дзеянняў на якісьці працяглы час. Напрыканцы года ўзнікла правацэнтрысцкая кааліцыя, але яна па-ранейшаму толькі адказвае на выклікі, якія падкідвае ёй улада: ці то стварэнне расійскай авіябазы ў краіне, ці то наступная, парламенцкая кампанія.

Між тым, па плыні плыве не толькі апазіцыя, але і ўлада. У яе таксама няма адказу на выклікі, якія стварае час. Варта зазначыць толькі тое, што ў гэтым выбарчым годзе не было праведзена Усебеларускага нацыянальнага сходу, які б зацвердзіў перадвыбарчую праграму Аляксандра Рыгоравіча.

Дый сам кіраўнік дзяржавы ў ёй не абяцаў амаль нічога, што можна было б назваць прарывам. Збядненне насельніцтва тлумачылася сусветным крызісам, нягледзячы на тое, што ніякага сусветнага крызісу, насамрэч, няма. ВУП ЕС у 2014 годзе вырас на 1,3%, а ў 2015-м, па папярэдніх дадзеных, дасягне 1,9%. Нават «самыя крызісныя» Кіпр і Іспанія паказалі ў гэтым годзе рост эканомік на 2,2% і 3,4% адпаведна. «Мінусам» застаецца, канешне, Грэцыя, у якой ВУП знізіўся на 0,4%.

Але параўнайце Грэцыю і Беларусь: у нас ВУП за 8 месяцаў знізіўся на 3,5%!

Нам столькі разоў казалі пра мадэрнізацыю прадпрыемстваў, новыя тэхналогіі і гэтак далей. Аднак усе гэтыя «мадэрнізуемыя» прадпрыемствы ў гэтым годзе адпраўлялі працоўных у вымушаныя адпачынкі, плацілі ім дзве траціны заробку, пераходзілі на няпоўны працоўны тыдзень. Усё таму, што нашым асноўным гандлёвым партнёрам была і застаецца Расія. А ў яе нафтадолары скончыліся яшчэ ў 2014 годзе. Тады нафта патаннела з $100 да $60, а ў гэтым годзе — з $60 да $38. Адпаведна, на беларускую прадукцыю грошай не хапае.

Беларуская мадэрнізацыя не дала плёну па адной простай прычыне. Мы (дакладней, нашае кіраўніцтва) па інерцыі жывем у краіне дэфіцытаў. І думаем, што варта наладзіць тут якое-небудзь «мадэрнізаванае» прадпрыемства, і яго прадукцыя будзе раскупляцца, як гарачыя піражкі, па тых коштах, якія мы ўсталюем. А гэта цалкам няслушная практыка.

Спачатку трэба было вывучыць рынак і знайсці кліентаў, якія б пагадзіліся набываць нашу прадукцыю. І высветліць, па якім кошце яны згодныя яе набываць. А ўжо потым, зыходзячы з гэтага, праводзіць мадэрнізацыю, каб нашая прадукцыя гарантавана мела б рынак збыту.

А зараз мы ліхаманкава спрабуем знайсці рынкі збыту на прадукцыю. Якую ніхто не хоча набываць.

А калі мы не можам прадаць сваю прадукцыю, то нам застаецца толькі пазычаць грошы. У Расіі, як было сказана раней, для нас грошы скончыліся. На іх велізарным цяжарам ляжаць Крым, Усход Украіны, і зараз — Сірыя, затраты на вайну ў якой для Расіі, па некаторых падліках, ужо супастаўляльныя з сумай беларускага крэдыту — $2–3 мільярды. Нават сам Аляксандр Рыгоравіч, які на тыдні злётаў у Маскву, грошай адтуль не прывёз.

Што нас чакае ў наступным годзе? Ён будзе вельмі цікавым з нагоды эксперыменту ўладаў наконт грашовай рэформы і ўводзінаў у абарачэнне манетаў, — у той час, калі ніякай стабільнасці і перспектываў развіцця папросту няма. У наступным годзе нам трэба выплаціць $3,3 мільярда крэдытаў, калі золатавалютныя рэзервы зараз у нас складаюць толькі $4,6 мільярда. У наступным годзе трэба будзе патраціцца і на парламенцкія выбары.

Карацей, наступны год таксама будзе годам эксперыментаў і выпрабаванняў. Асабліва цікавы будзе эксперымент з грашыма. Прынамсі, 2016-ы будзе шчаслівы для адной катэгорыі людзей па ўсім свеце. Нумізматы ўзрадуюцца.