Ці ёсць у турме правы чалавека?

Праваабаронцы часта звяртаюцца да тэмы правоў зняволеных: нам хочацца, каб людзі ў няволі, незалежна ад прычын, па якіх яны апынуліся за кратамі, утрымліваліся ва ўмовах, што не супярэчылі б чалавечай годнасці.

turma_ptica_1.jpg


Хацелася б, каб з нашымі вязнямі працавалі на стваральны вынік, не ператвараючы зняволенне ў помсту за зробленае, — гэта нічым не лепш за сярэднявечныя катаргі і цялесныя пакаранні. У нас, праваабаронцаў, заўсёды ёсць актуальныя прэтэнзіі да сітуацыі, мы іх не прыдумляем: яны заснаваныя на міжнародных абавязацельствах Беларусі і правілах, якія краіны-чальцы ААН распрацавалі, прынялі і абавязаліся выконваць.

Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, прыняты ААН і абавязковы для Беларусі, ратыфікаваны яшчэ ў 1973 годзе.


Артыкул 6. Права на жыццё

Сітуацыя, калі зняволеныя не атрымліваюць дастатковай медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі, з прычыны чаго гінуць або здзяйсняюць суіцыд, несумяшчальная з абавязацельствамі дзяржавы па артыкуле 6 Пакта. Пра парушэнне правоў чалавека сведчыць і адсутнасць усебаковага і аб’ектыўнага расследавання кожнага выпадку гібелі зняволеных.

Як правіла, Следчы камітэт па сваёй ініцыятыве не прыступае да расследавання выпадкаў смерці зняволенага: замест расследавання праводзіцца так званая «праверка». Расследавання — гэта азначае ўзбуджэння крымінальнай справы — даводзіцца дамагацца праз скаргі. Правядзенне праверкі — гэта не паўнавартаснае расследаванне.

У гэтых этапаў крымінальнага працэсу розныя мэты. Падчас праверкі вызначаюцца падставы да ўзбуджэння крымінальнай справы: наяўнасць дастатковых дадзеных, якія паказваюць на прыкметы злачынства пры адсутнасці абставін, якія выключаюць вытворчасць па крымінальнай справе. Папярэдняе расследаванне — гэта дзейнасць па зборы і ацэнцы доказаў, вызначэнне абставінаў злачынства, выкрыццё асобаў, што яго ўчынілі, забеспячэнне абгрунтаванага прыцягнення іх у якасці абвінавачаных.

Калі гаворка ідзе пра прыкметы здзяйснення злачынства супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, у тым ліку — супрацоўнікамі папраўчых устаноў, то ў праверку следчыя спрабуюць уціснуць і працэс даказвання віны ці яе адсутнасці ў гэтых супрацоўнікаў. На практыцы гэта выліваецца ў тое, што расследаванне праводзіцца з выкарыстаннем вельмі абмежаваных сродкаў праверкі: следчы не папярэджвае сведкаў пра адказнасць за дачу заведама ілжывых паказанняў, не праводзіць вочных ставак і следчых эксперыментаў, апазнанне і праверкі паказанняў на месцы. У выніку следчыя прыходзяць да высновы аб адсутнасці ў дзеяннях супрацоўнікаў складу злачынства, хаця для распачынання крымінальнай справы даказваць віну пэўнага чалавека і не трэба. Але такая практыка эфектыўная для ўтойвання рэальных прычын смерцяў у месцах несвабоды.

Расследаванне гібелі ў Жо­дзінскай турме абвінавачанага Алега Багданава зайшло ў тупік, бо следчы сваімі, як мінімум, непрафесійнымі дзеяннямі знішчыў доказы магчымага злачынства. Нягледзячы на відавочнасць гэтага факту, яго калегі прадказальна адмаўляюцца бачыць у гэтым проціпраўнасць. А высокапастаўлены супрацоўнік Генеральнай пракуратуры, да якога маці загінулага зняволенага звярнулася ў пошуках праўды, нават не ведае, што права ўзбу­джаць крымінальныя справы ў дачыненні да супрацоўнікаў МУС і Следчага камітэта ўжо даўно прадастаўленае і пракурорам.


Артыкул 7. Свабода ад катаванняў або жорсткага, бесчалавечнага ці зневажаючага годнасць абыходжання або пакарання

Праваабаронцы рэгулярна атрымліваюць паведамленні пра жорсткае, нялюдскае, прыніжаючае годнасць абыхо­джанне, а часам — і пра катаванні. Зусім не важна, чаго спрабуюць дамагчыся гэтым ад зняволенага — добрых паводзінаў, выканання работы або адмовы ад перакананняў. Свабода ад катаванняў і забароненых відаў абыходжання — абсалютная. Найважнейшая гарантыя свабоды ад катаванняў — аб’ектыўнае і бесстаронняе расследаванне кожнага выпадку катаванняў або забароненага абыходжання.

Пётр Кучура ў красавіку гэтага года звярнуўся ў Следчы камітэт з заявай аб ужыванні жорсткага абыходжання непасрэдна начальнікам папраўчай установы; медыцынскі агляд экспертам, як сцвярджае асуджаны, быў праведзены толькі праз 75 дзён пасля нанясення ўдараў. Ніхто з беларускіх афіцыйных асобаў на перыяд праверкі ад выканання абавязкаў не адхіляўся. Усе акалічнасці ў сукупнасці зрабілі расследаванне забароненага абыходжання бескарысным.

Артыкул 8. Забарона прымусовай або абавязковай працы; у ім жа ўтрымліваецца агаворка, што гэтая забарона не распаўсюджваецца на працу, якую звычайна павінны выконваць асуджаныя па выраку суда

Праца, якая ставіцца ў абавязак зняволеным, згодна з нашым беларускім законам, не можа быць практычна не аплачваемай, празмерна цяжкай, прыніжаючай або небяспечнай. Але прымус да працы зняволеных ЛПП ніяк не апраўдаць нават гэтымі агаворкамі: у ЛПП людзі змяшчаюцца не па выраку суда і не за здзяйсненне злачынстваў — яны там утрымліваюцца для «медыка-сацыяльнай рэадаптацыі».

Артыкул 9. Чалавек мае права на свабоду і асабістую недатыкальнасць. Ніхто не можа быць падвергнуты адвольнаму арышту або змяшчэнню пад варту

Мы расцэньваем як парушэнне гэтага прынцыпу зняволенне ў ЛПП людзей, хворых алкагольнай або наркатычнай залежнасцю, а таксама «абавязаных асобаў» — людзей, пазбаўленых бацькоўскіх правоў, чые дзеці перайшлі пад апеку дзяржавы.

Так званая «ізаляцыя для медыка-сацыяльнай рэадаптацыі» — гэта фактычна пазбаўленне волі за асацыяльны лад жыцця, прычым ні медыцынскай, ні сацыяльнай дапамогі зняволеныя не атрымліваюць. Ніхто з адміністрацыі ЛПП не хавае, што асноўным рэабілітуючым сродкам становіцца праца, а лячэнне абмяжоўваецца, як правіла, прыёмам настою рамонку. Вось сведчанні пра гэту «рэадаптацыю»:

«Замест так званай медыка-сацыяльнай рэабілітацыі мы маем грубае прыніжэнне чалавечай годнасці (пагрозы сексуальнага гвалту, пагроза смерці). На гэтым фоне сон 2–3 гадзіны, адсутнасць асабістага часу і адсутнасць магчымасці памыць рэчы — гэта дробязі. Магчымасць тэлефанаваць дадому, асабістая гігіена — праблемныя. Пакаранні — як здзекі: не так паглядзеў — з-за цябе ўвесь атрад пакутуе... Я ўжо маўчу пра абвастрэнне гастрыту і патрэбу прымаць лекі — іх няма».

Адміністрацыйны арышт па пастанове кіраўніка органа ўнутраных спраў «абавязаных асобаў» за парушэнне працоўнай дысцыпліны таксама супярэчыць праву на свабоду і асабістую недатыкальнасць, якая можа абмяжоўвацца толькі судом.

Артыкулы 411 і 415 Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць пакаранне пазбаўленнем волі за здзяй­сненне дысцыплінарных праступкаў падчас адбыцця пакарання, таксама нясуць у сабе элементы адвольнага пазбаўлення волі: гэта — спадчына савецкага мінулага, гэта недарэчна, як недарэчна караць у крымінальным парадку работнiкаў за некалькі спазненняў на завод ці беспарадак на працоўным месцы.

Абсалютным рэкардсменам, які вядомы праваабаронцам, стаў Уладзімір Бандарэнка, які на 2018 год ужо восем разоў прысуджаны да пазбаўлення волі па частцы 2 артыкула 411 Крымінальнага кодэкса. За кошт гэтага яго першапачатковы тэрмін зняволення па выраку суда — восем з паловай гадоў, — з 2003 года павялічыўся практычна ўдвая. Ні разу зняволены не абвінавачваўся ў гвалтоўных дзеяннях, правіны былі немудрагеліста аднастайныя: адмова ад прыніжаючай працы; адмова ад выхаду ў клуб на выхаваўчыя мерапрыемствы; адсутнасць на спальным месцы пасля адбою. За ўсе правіны зняволены панёс папярэдне дысцыплінарную адказнасць.

І, нарэшце, вялікая частка з пяці тысяч абвінавачаных змяшчаюцца ў следчыя ізалятары: тыя, каму мерай стрымання было абрана ўтрыманне пад вартай, — без суда, з санкцыі пракурора. Гэта таксама ахвяры парушэння права на свабоду і асабістую недатыкаль­насць: мера стрымання, якая абмяжоўвае асабістую свабоду, павінна прымяняцца судом.


Артыкул 14. Замацоўвае асновы працэсуальных правоў у крымінальным і грамадзянскім судаводстве

Згодна з гэтым артыкулам, кожны мае права асабіста абараняць свае інтарэсы ў адкрытым судзе — аднак на справе тысячы зняволеных пазбаўленыя права паўнавартасна ўдзельнічаць у судовым разглядзе, задаваць пытанні другому боку і дапытваць сведак. У лепшым выпадку, ім дадуць магчымасць пісьмова выказацца па сутнасці справы, а ў горшым — давядзецца даведацца пра вынесены вырак, што закранае іх інтарэсы, калі-небудзь потым. Большая частка спраў, што вызначаюць лёс зняволеных, — пра замену рэжыму, асуджэнне за парушэнне рэжыму, перавод у турму, — разглядаецца ў калоніях і турмах, за калючым дротам, без доступу ў працэс «лішніх» людзей.

Магчымасці для рэалізацыі правоў зняволеных цалкам сканцэнтраваныя ў адміністрацыі: пад яе кантролем, нягледзячы на закон, знаходзіцца перапіска зняволеных і дзяржаўных органаў; нават адвакат можа трапіць да асуджанага ў калонію або турму толькі тады, калі да яго з папраўчай установы прыйдзе ўзгодненая і «выпушчаная» адміністрацыяй заява кліента. Гэта дазваляе беспакарана маніпуляваць сітуацыяй, ствараючы вакол свавольнага зняволенага вакуум і пазбаўляючы яго любой магчымасці адстойваць свае правы.

Мы сочым за сітуацыяй у папраўчых установах, аказваем дапамогу ахвярам парушэння правоў, падтрымліваем іх ініцыятывы па аднаўленні сваіх правоў. І мы за тое, каб у калоніях і турмах замест плакатаў пра важнасць прадукцыйнай працы размяшчаліся плакаты з цытатай артыкула 10 Пакту: «Усе асобы, пазбаўленыя волі, маюць права на гуманнае абыходжанне і павагу годнасці, якая ўласцівая чалавечай асобе».