Дзмітрый Паліенка атрымаў тры гады «хатняй хіміі»
Сёння ў 12.30 у Мінскім гарадскім судзе абвешчаны прысуд па крымінальнай справе актывіста анархісцкага руху Дзмітрыя Паліенкі.

Перад пачаткам пасяджэння па перыметры будынку суда ўжо стаіць шмат міліцыянтаў у цывільным. Прысутнічае і начальнік мінскага АМАПу Дзмітрый Бараба.

Насупраць суда — перадвыбарчы пікет Еўрапейскай Беларусі. Праз гучнаўзмацняльнік гучыць "Свабоду Дзмітрыю Паліенку!" Актывістаў міліцыянты ў цывільным здымаюць на камеру. Таксама да пікета падышоў старшыня акруговай выбарчай камісіі Дрозд. Ён фатаграфуе пікет і стэнды.

Леанід Кулакоў і Максім Вінярскі на пікеце ў падтрымку Дзмітрыя ПаліенкіДзмітрыя Паліенку прызналі вінаватым у асабліва злосным хуліганстве. Прысуд — 3 гады хатняй хіміі (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову). Мінус год па амністыі. Падпіска аб нявыездзе і прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Дзмітрыя вызваляюць ў зале суда.


Дзмітрый Паліенка пасля вызвалення
Разглядаў справу суддзя Пётр Арлоў. Актывіста судзілі толькі па ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (асабліва злоснае хуліганства) — па факце распылення пярцовага газу ў твар мужчыне на лесвічнай пляцоўцы.
Першапачаткова працэс мусіў быць закрытым. У знак пратэсту супраць гэтага напачатку першага судовага пасяджэння Дзмітрый Паліенка парэзаў сабе руку. Пасля стала вядома, што пракурор Аляксандр Кароль адмовіўся ад астатніх абвінавачванняў: па арт. 341 КК (нанясенне графіці ў Курапатах і на будынак на вуліцы Ахоцкай), ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці да супрацоўнікаў міліцыі ў размешчаным на youtube відэароліку), арт. 369 (абраза міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча ў відэароліку). У выніку з-за вялікага грамадскага рэзанансу суд прыняў рашэнне праводзіць працэс ў адкрытым рэжыме.
Цягам трох судовых пасяджэнняў па справе выявілася шмат супярэчнасцяў паміж паказаннямі пацярпелага і сведкаў, якія былі дадзеныя падчас следства і якія прагучалі ў судзе. Сам Паліенка і яго адвакатка настойваюць на тым, што Паліенка выкарыстаў пярцовы балончык выключна для самаабароны.
Пракурор запрасіў у суда прызнаць яго вінаватым і прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на шэсць гадоў, а на падставе закона «Аб амністыі» скараціць тэрмін на адзін год. Таксама прымусова лячыць ад алкагалізму, а меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту пакінуць без зменаў.
spring96.org