Ці кіраваў бы штучны інтэлект Беларуссю лепш, чым Лукашэнка?
Калі чалавек не разумее, як карыстацца інтэрнэтам і планшэтам, як ён можа кіраваць краінай? Заснавальнік кампаніі Rozum Robotics, які пакінуў Беларусь пасля пачатку вайны ва Украіне, — пра тое, чаму ў Беларусі няма свайго ноўтбука. І, у цэлым, чаму ў краіны, дзе пануе герантакратыя, няма будучыні. Якой бачыць будучыню Віктар Хамянок, піша«Салідарнасць».
Заснавальнік кампаніі Rozum Robotics, які пакінуў Беларусь пасля пачатку вайны ва Украіне, — пра тое, чаму ў Беларусі няма свайго ноўтбука. І, у цэлым, чаму ў краіны, дзе пануе герантакратыя, няма будучыні. Якой бачыць будучыню Віктар Хамянок, піша«Салідарнасць».
— Прэзідэнт сучаснай дзяржавы павінен умець карыстацца і кіраваць сучаснымі тэхналогіямі, таму што чалавецтва рухаецца наперад і ўся эканоміка цяпер высокатэхналагічная, — выказаў меркаванне Віктар Хамянок на канале «Жыццё-маліна». — Калі чалавек не разумее, як карыстацца інтэрнэтам і планшэтам, як ён можа кіраваць краінай?
У такім выпадку яму здаецца, што ён кіруе краінай. Змог бы штучны інтэлект (ШІ) кіраваць Беларуссю лепш, чым Лукашэнка? Але СhatGPT не ўмее перабіраць бульбу, — смяецца заснавальнік адной з самых інавацыйных кампаній.
Ён распавядае пра досвед вядзення бізнэсу ў Беларусі.
— Вельмі шмат энергіі траціцца на пераадоленне супраціву пры ўзаемадзеянні з дзяржавай. Калі ў іншых краінах ты атрымліваеш нейкую дапамогу, то тут траціш сілы не толькі на стварэнне свайго бізнэсу, але і на тое, каб згладжваць камунікацыю з чыноўнікамі. І гэта адымае вельмі шмат сіл.
У Беларусі існуе практыка — 5% падатку на прыбытак ідзе ў інавацыйны фонд, а пасля гэтыя грошы пераразмяркоўваюцца дзяржавай.
Іх павінны накіроўваць на нейкія інавацыйныя прадпрыемствы для таго, каб тыя раслі, развіваліся, наймалі больш людзей і, адпаведна, плацілі больш падаткаў.
Я прысутнічаў на некалькіх пасяджэннях Камітэта па навуцы і тэхналогіях, які прымае рашэнне аб размеркаванні сродкаў, — гэта можна назваць цыркам.
Прыходзіць, напрыклад, Магілёўскі ліфтавы завод і просіць грошы на распрацоўку новага ліфта. Яму кажуць, мы ж вам ужо давалі грошы на гэта летась. Ну, не атрымалася — і ім зноў і зноў даюць гэтыя грошы, таму што Магілёўскі ліфтавы завод закрыць не могуць.
Атрымліваецца, што грошы накіроўваліся не на развіццё сапраўды інавацыйных прадпрыемстваў, а на тое, каб старыя прадпрыемствы падтрымліваць у нейкім жыццяздольным стане.
Пры гэтым, калі ты людзям усё раскладваеш па палічках, яны з табой згаджаюцца, але потым усё роўна робяць так, як ім сказалі зверху. Было складана, таму што ты адчуваеш, што ўклаў у гэта сваю энергію, а яна сышла кудысьці ў паветра.
Беларускі ноўтбук — гэта «пацёмкінскія вёскі». Трэба ствараць бачнасць таго, што нешта робіцца, і людзі выкручваюцца як могуць, лепяць налепкі (на кітайскія ноўтбукі, выдаючы іх за беларускую распрацоўку. — Рэд.).
Нам патрэбен не ноўтбук, нам патрэбныя прадпрымальныя людзі, інжынеры, якія будуць ствараць прадукт, адпаведны часу.
Рабіць ноўтбук — гэта ўжо не самая сучасная задача, яна даўно вырашаная, але мы не можам паўтарыць нават гэта.
Таму што разваленая сістэма адукацыі, прычым, пачынаючы з малодшых класаў. Абсалютна разваленая сістэма вышэйшай адукацыі.
Людзі не разумеюць, навошта яны ідуць вучыцца, не разумеюць, кім яны будуць, не разумеюць, навошта ім усё гэта трэба. Усюды пануе герантакратыя, сядзяць адны старыя. Сярэдні ўзрост у Акадэміі навук — 65 гадоў. Гэтым людзям нічога ўжо не трэба, — кажа айцішнік.
Ён успомніў, як сам спрабаваў змяніць гэтую сістэму.
— Я люблю Беларусь, адчуваю, што я ёй нешта павінен, і хацеў аддаць гэты абавязак. Я шчыра верыў, што мы можам пабудаваць сучаснае прадпрыемства.
У нас былі свае станкі, мы пачалі мяняць сістэму адукацыі, сталі супрацоўнічаць з факультэтам робататэхнікі БНТУ, прыводзілі да нас студэнтаў і паказвалі, чым яны будуць займацца пасля вучобы, каб у іх з'явіўся сэнс вучыцца.
Мы сталі даваць ім нармальныя сучасныя курсавыя і дыпломныя работы, прадастаўляць абсталяванне. Наступным крокам мы хацелі арганізаваць супрацоўніцтва факультэта робататэхнікі з іншымі ВНУ, каб яны маглі, дапусцім, пайсці ў медыцынскую або сельскагаспадарчую ВНУ і зрабіць нейкага медыцынскага або сельскагаспадарчага робата.
Мне здавалася, што гэта можа выцягнуць Беларусь з той ямы, у якую яна ляцела, калі ўсе вытворчасці развальваліся, і краіна губляла тую кампетэнцыю, якая ў яе была.
У нас была вельмі класная інжынерная школа, але пасля 1995 года яна пачала развальвацца — і адукацыя, і прадпрыемствы.
Пры гэтым для прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў коме, спрабавалі рабіць нейкія рэанімацыйныя мерапрыемствы, проста каб яны не закрыліся, але яны не развіваліся. А калі прадпрыемства не развіваецца, яно памірае. І так адбывалася з усёй эканомікай Беларусі.
У плане адукацыі ад Захаду дзесяць гадоў таму мы адставалі гадоў на 10, а цяпер ужо на 20—25.
Каб скарачаць гэтую прорву, трэба для пачатку хаця б даць магчымасць адкрываць прыватныя школы, развіваць прыватную адукацыю. Трэба даваць прадпрымальнікам магчымасць узаемадзейнічаць з гэтымі маладымі людзьмі, уцягваць іх як мага раней у бізнэс, — мяркуе бізнэсовец.
Ён мяркуе, што будучыня за штучным інтэлектам, які ўсё больш будзе пранікаць у наша жыццё, і распавядае пра тое, як уяўляе сабе гэты час.
— Мы ўсе баімся тэхналогій. Яшчэ калі ўкараняліся ткацкія станкі, з'явіліся лудзіты, якія ламалі гэтыя машыны, таму што баяліся застацца без працы.
Мяне палохае хуткасць развіцця штучнага інтэлекты, ён віхурай уносіцца ў наша жыццё, і, думаю, будзе вельмі шмат страхаў і шмат супраціву.
У дадзены момант СhatGPT — гэта вельмі эрудзіраваны падлетак, яшчэ нават не ўступіў у фазу палавога паспявання. Але літаральна праз 2—3 гады, засталося зрабіць некалькі невялікіх кавалачкаў, і ён стане разумнейшым, чым любы чалавек на планеце.
У выніку большасць нашых прафесій стануць абсалютна бескарыснымі. У першую чаргу, пад пагрозай усе творчыя і інтэлектуальныя прафесіі, тыя ж капірайтэры, дызайнеры, праграмісты і іншыя.
98% задач, якія вырашаюць беларускія чыноўнікі, ужо можна перакласці на штучны інтэлект.
Робаты стануць разумнейшыя, больш даступнымі, іх стане больш. Веру, што адбудуцца сур'ёзныя змены ў ахове здароўя, усё больш аперацый будуць рабіць менавіта робаты.
Вялікі эфект будзе ад укаранення робатаў дома. Гэта вызваліць шмат вольнага часу для людзей, якія вызваліліся ад бытавых праблем.
Таксама робаты змогуць заняцца масавай вытворчасцю любых тавараў, адзення, электронікі і інш., калі ўсё будзе рабіцца літаральна пад цябе на заказ.
Пры гэтым тое, што робаты заменяць чалавечую працу, прывядзе да масавага беспрацоўя.
Мне здаецца, што па сваёй магутнасці штучны інтэлект — як ядзерная зброя. Чалавецтву быццам бы ўдалося яго ўтаймаваць, тым не менш, быў Чарнобыль, Хірасіма і Нагасакі, японская АЭС. Вялікую моц цяжка ўтрымліваць, часам яна выходзіць з-пад кантролю.
Таму не выключаю, што будуць і нейкія непрыемнасці, звязаныя са штучным інтэлектам, з серыі «паўстання машын».
Але чалавецтва разумнае, яно павінна прыстасавацца. Мне здаецца, гэта натуральны шлях развіцця, і я сур'ёзна задумваюся над тым, чым мы будзем займацца праз 15—25 гадоў.
Магчыма, штучны інтэлект прадаставіць нам такую віртуальную рэальнасць, дзе мы зможам стаць тым, кім захочам, прадпрымальнікам, футбалістам, журналістам, і будзем жыць у гэтай віртуальнай рэальнасці і тварыць там, — разважае Віктар Хамянок.