Ці трэба баяцца ўкусаў кляшчоў? Спытайце ў педыятра

Клешчавы энцэфаліт і лайм-барэліёз — дзве зусім розныя хваробы, звязаныя паміж сабой толькі кляшчом. Але далёка не кожны клешч пераносіць хваробу. Што ж трэба рабіць, калі вас укусіў клешч? Тлумачыць доктар Мая Церакулава.

image_1024x768.png

Клешчавы энцэфаліт

Клешчавы энцэфаліт — вірусная хвароба. Як і іншыя вірусныя хваробы, клешчавы энцэфаліт лячыць умеюць дрэнна. У выпадку заражэння інвалідызацыя або смяротны зыход цалкам верагодныя. На шчасце, людзі заражаюцца клешчавым энцэфалітам не так часта, і калі параўноўваць смяротнасць, то ад грыпу штогод паміраюць больш. І робяць гэта зусім дарма, таму што ад грыпу, як і ад энцэфаліту, існуе бяспечная і эфектыўная вакцына.

Далёка не кожны клешч пераносіць энцэфаліт. Зусім не кожны клешч з энцэфалітам пры ўкусе заражае чалавека. Сэнсу несці кляшча ў лабараторыю няма.

Тэарэтычна, калі ў кляшча, што вас укусіў, ёсць энцэфаліт, то можна прадухіліць яго з дапамогай увядзення спецыяльных імунаглабулінаў. Але, па-першае, не ўсе кляшчы, якія маюць энцэфаліт, перадаюць яго пры кожным укусе. Па-другое, пакуль вашаму кляшчу паставяць дыягназ, уводзіць імунаглабулін будзе ўжо позна, яго трэба ўвесці ў першыя 72 гадзіны пасля ўкусу і чым раней, тым лепш. Па-трэцяе, ідзі знайдзі яшчэ гэты супрацьэнцэфалітны імунаглабулін у Беларусі. Так што насіць кляшча ў лабараторыю бессэнсоўна.

Што будзе, калі клешч усё ж такі заразіў вас энцэфалітам?

Праз два-тры тыдні вы адчуеце недамаганне. Падвысіцца тэмпература, з'явіцца галаўны боль, ламота ў целе, млоснасць ці ваніты. І ў шчаслівай большасці гэта ўсё пройдзе дня за 3-4. Але ў 20-30% выпадкаў пасля перыяду палягчэння здараецца пагаршэнне стану. Тэмпература пад сорак, вельмі моцны галаўны боль, парушэнне сну. У такім выпадку трэба ехаць у бальніцу. Там будуць спрабаваць ратаваць.

Калі вы цяпер баіцеся клешчавога энцэфаліту вакцынуйцеся.

У Беларусі зарэгістравана некалькі вакцын ад клешчавога энцэфаліту — Цікавак, Энцэпур, Энцэвір і інш. Вакцынацыя ад клешчавога энцэфаліту не ўваходзіць у нацыянальны каляндар прышчэпак, гэта значыць заказваць прыйдзецца самастойна і платна. Адна доза вакцыны каштуе 80-90 беларускіх рублёў, трэба дзве дозы. Праз год яшчэ дозу і потым бустэрную вакцыну раз у тры гады. Па такой схеме ў Беларусі вакцынуюць работнікаў лясгасаў.

Вы можаце замовіць вакцыну ў паліклініцы і чакаць, або прадпрымаць больш актыўныя дзеянні і шукаць вакцыну ў прыватных цэнтрах або ў цэнтры вакцынапрафілактыкі ў Мінску. Кошт вакцынацыі ў паліклініцы, прыватным або Рэспубліканскім цэнтры будзе прыкладна аднолькавы.

Лайм-Барэліёз

Пра яго ў мяне ёсць дзве навіны: дрэнная і добрая. Дрэнная: вакцыны ад лайм-барэліёзу не існуе. Добрая: лекары ўмеюць яго лячыць.

Лайм-барэліёз выклікаецца бактэрыямі спірахетамі і, адпаведна, лечыцца антыбіётыкамі. Але не ўсякімі, а эфектыўнымі супраць спірахета.

Кляшча несці ў лабараторыю на дыягностыку барэліёзу зноў не трэба. Таксама таму што не ўсякі клешч з барэліёзам заражае ўкушанага ім чалавека. І таксама таму што для посткантактнай прафілактыкі ў чалавека ёсць толькі 72 гадзіны.

Посткантактная прафілактыка — гэта тое, што робяць, каб не захварэць калі клешч ўжо ўкусіў. Для посткантактнай прафілактыкі барэліёзу існуе канкрэтны, даступны, эфектыўны антыбактэрыйны прэпарат — даксіцыклін. Але не ўсё так гладка. У даксіцыкліна ёсць непрыемныя пабочныя эфекты, напрыклад, слепата, на хвілінку. Такое бывае вельмі рэдка, але трэба ўзважваць патэнцыйныя рызыкі і карысць, як заўсёды мы гэта робім у медыцыне.

Напрыклад, у мяне на працы на ўчастку сельскія дзеці чаплялі кляшчоў сем разоў на тыдзень. Ну нельга ж ім піць даксіцыклін усё лета? Таму шэраг медыцынскіх пратаколаў прапануе адмову ад посткантактнай прафілактыкі на карысць назірання за пацыентам. Бо пры своечасова пачатым лячэнні барэліёз не мае наступстваў.

За чым жа трэба назіраць? 

Колцападобная эрытэма. Гэта ранні, спецыфічны і абавязковы для барэліёзу сімптом. З'явіцца можа як праз некалькі дзён, так і праз пару месяцаў пасля ўкусу. Таму варта запамінаць, куды вас укусіў клешч.

Калі эрытема пасля ўкусу кляшча з'явілася — трэба ісці да ўрача. Прапішуць даволі высокія дозы даксіцыкліну або тэтрацыкліну, будуць назіраць. Астатнія сімптомы барэліёзу неспецыфічныя — боль у цягліцах, суставах, галаўны боль, слабасць, млявасць, парушэнне гледжання. Пры адсутнасці лячэння гэтымі сімптомамі справа можа не абмежавацца, усё ж такі барэліёз смяротна небяспечная хвароба.

З-за таго, што сімптомы барэліёзу такія размытыя, а клешч хоць раз у жыцці пакусаў кожнага чалавека на зямлі, на жаль, у масах з'явілася тэорыя хранічнага барэліёзу. Але не ўсякія галаўны боль, боль у суставах, пагаршэнне зроку і слабасць выклікана барэліямі! Куды часцей прычынай такіх сімптомаў становіцца сядзячы лад жыцця, напрыклад.

Людзей, якія самастойна паставілі сабе дыягназ барэліёз, у апошні час стала шмат. Модная хвароба, у яе ёсць цэлы рух, з арганізацыяй, з фінансаваннем. Часам іх называюць "сведкі Лайм-барэліёзу". У Вікіпедыі пішуць: “ILADS-грамадская арганізацыя ў ЗША, створаная пацыентамі і лекарамі альтэрнатыўнай медыцыны. У ILADS няма лекараў-інфекцыяністаў. Гэтая арганізацыя не прызнаная медыцынскай у ЗША, яна не атрымала прызнання ў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя”.

Калі вам раптам прапануюць здаць аналіз на барэліёз, памятаеце - ІФА гэта метад, які вызначае наяўнасць антыцелаў у крыві. Так, антыцелы з'яўляюцца пасля кантакту з інфекцыяй. Але антыцелы да барэліёз ёсць у многіх здаровых людзей. У чалавечым арганізме ёсць імунітэт, які можа эфектыўна змагацца з інфекцыямі самастойна. Калі ў вас ёсць антыцелы, імунітэт да чаго-небудзь — гэта не значыць, што вы хворыя цяпер.

cerakulava_1.png


Калі ў вас ёсць пытанні да доктара Маі Церакулавай, дасылайце іх на рэдацыйную пошту ці ў тэлеграм-бот. А таксама пакідайце ў каментарах у фэйсбуку.