Як расказаць дзецям праўду пра Дзеда Мароза?
Некалькі дзён таму ў Вялікабрытаніі звольнілі настаўніцу, якая распавяла дзецям, што Санта-Клауса не існуе. Казаць дзіцяці праўду пра Дзеда Мароза (Санта-Клауса, святога Мікалая, Зюзю) ці не казаць — пытанне, з якім хоць бы аднойчы сутыкаецца кожны бацька. Выданне "Мел" раіць, як захаваць у дзіцяці веру ў цуд і не загразнуць пры гэтым у хлусні.
Навошта мы расказваем казкі пра Дзеда Мароза
Для хлусні, калі верыць брытанскаму навукоўцу Олдэрту Фраю, які спецыялізуецца на пытаннях практычнай сацыяльнай псіхалогіі, існуе ўсяго 5 прычын. Людзі хлусяць, каб зрабіць станоўчае ўражанне на іншых, атрымаць нейкую перавагу, пазбегнуць пакарання, дапамагчы іншым або каб захаваць сацыяльныя адносіны.
Бацькоўскую хлусню пра Дзеда Мароза ў гэтым выпадку можна кваліфікаваць як "дапамогу іншым".
Прафесар МДПУ Аляксандр Савянкоў называе гэта "педагагічным падманам", з дапамогай якога дарослыя ствараюць для дзяцей "выдуманыя мадэлі свету". Дзецям як носьбітам міфалагічнага светапогляду, што балансуе на мяжы паміж фантазіяй і рэальнасцю, гэта сапраўды неабходна, упэўнены Савянкоў, паколькі гэта развівае ў іх крэатыўнае мысленне.
Тут варта асобна сказаць пра тое, што казкам пра Дзеда Мароза як галоўнага дарыльшчыка падарункаў на Новы год на самай справе не так ужо і шмат гадоў. Класічны вобраз Дзядулі Мароза з мяшком падарункаў сфармаваўся толькі ў сярэдзіне XX стагоддзя, калі ў СССР рэабілітавалі ёлку і зрабілі Новы год свецкім святам наўзамен праваслаўнага Раства.
Дзядуля Мароз пачаў прыходзіць да ўсіх дзяцей краіны на ёлкі ў дзіцячых садках і школах і дарыў падарункі, але не проста так, а за чытанне вершаў, спевы песень і добрыя паводзіны на працягу года. Доўгі час вобраз Дзядулі Мароза і апавяданні пра яго мелі педагагічную мэту: будзеш добра сябе паводзіць — Дзед Мароз прынясе табе падарунак. Аднак ад гэтай канцэпцыі, як і ад запалохванняў бабайкай і шэранькім ваўчком, сучасныя бацькі паступова сыходзяць. І Дзед Мароз застаецца проста сімвалам самага чароўнага часу года, калі спраўджваюцца жаданні.
Але падтрымліваць у дзецях веру ў казку і цуды з кожным годам становіцца ўсё больш складана. У снежні на вуліцы можна за дзень сустрэць некалькіх Дзядоў Марозаў. А ёлак з фальшывымі чараўнікамі з накладнымі бародамі ў жыцці дзяцей з кожным годам становіцца ўсё больш.
Калі казаць праўду
Ці варта бацькам першымі пачынаць размову пра тое, што Дзеда Мароза не існуе? Або лепш дачакацца прамога пытання ад дзіцяці? Адзінага правільнага адказу на гэтае пытанне няма.
У кожнай сям'і свае традыцыі і правілы выхавання. Ёсць бацькі, якія першапачаткова не хаваюць, што ўсё гэта казка і выдумка, а ёсць тыя, хто да старэйшых класаў школы робяць усё магчымае, каб падтрымліваць ва ўжо падрослым дзіцяці веру ў казку. І большасць псіхолагаў упэўненыя, што гэта правільна:
"Вера ў чараўніцтва і ў цуд — гэта важная задача дзяцінства, якую дзіцяці трэба пражыць і вырашыць".
Калі з пытаннем падыходзіць дашкольнік або малодшы школьнік, а вам хочацца падоўжыць яго дзяцінства, безумоўна, можна пагаварыць з ім пра тое, што Дзед Мароз існуе і ў навагоднюю ноч менавіта ён прыносіць падарункі, а ўсе астатнія Дзяды Маразы — яго памочнікі. У кожнай сям'і ёсць свае легенды на гэты конт. Адны прыдумляюць, што за кожнай сям'ёй замацаваны пэўны памочнік Дзеда Мароза, іншыя распавядаюць, што дарослым таксама хочацца дакрануцца да чараўніцтва і пабыць Дзедам Марозам — бо так выдатна прыносіць радасць, а адзін дзядуля не справіцца, нават з чароўнымі аленямі, санкамі і суперсучаснымі гаджэтамі.
Зрэшты, паводле даследавання, якое праводзіцца прафесарам Крысам Бойлам у Эксэтэрскім універсітэце (яно працягваецца і па гэты дзень, і вы можаце прыняць у ім удзел), дзеці даведаюцца праўду пра Санта-Клауса і Дзядулю Мароза ва ўзросце 7-10 гадоў. Камусьці распавядаюць аднакласнікі, а хтосьці застае бацькоў за хаваннем падарункаў.
Як бы там ні было, той жа прафесар Савянкоў кажа, што малодшыя школьнікі ў большасці сваёй гатовыя прымаць гэтую гульню ў Дзеда Мароза і нават падтрымліваць яе ў прысутнасці малодшых братоў, сясцёр і сяброў.
Як распавядаць праўду
Калі дзіця (памятаем, што раней за 7-10 гадоў веру ў цуды лепш не развейваць) адкрыта заяўляе, што ён больш не верыць у казкі пра Дзеда Мароза і дакладна ведае, што ўсё гэта справа рук бацькоў, суседзяў і аніматараў, першае, што варта зрабіць, — гэта пацікавіцца: і як яму з гэтым веданнем? Ці засмучаны ён? Што ён адчувае з гэтай нагоды? Можна падзяліцца з ім сваімі ўспамінамі пра тое, як вы раскрылі таямніцу бацькоўскай змовы, выявіўшы, што Снягурка носіць акуляры, а Дзед Мароз чамусьці ходзіць у татавых чаравіках.
Адкрыццё, што чараўніцтва не бывае, можа стаць вельмі траўматычным, але ў вашых сілах гэтага пазбегнуць.
Разам паразважайце пра тое, навошта людзі прыдумалі навагодніх казачных персанажаў, якія ёсць ва ўсіх культурах свету. Можна разам прачытаць гісторыю Новага года і Калядаў, паглядзець, як гэтае свята трансфармавалася і што яно давала людзям у кожны з момантаў гісторыі.
Пагаварыце пра тое, што вера ў цуды робіць наша жыццё радасней, а калі мы ведаем, што мы і самі можам тварыць цуды, гэта робіць нас мацней. Сутыкненне з праўдай непазбежна — гэта лагічны этап сталення.
Дзед Мароз больш чым проста зімовы чараўнік. Ён сімвал свята і цудаў. І тое, што яго нехта прыдумаў, не адмяняе само існаванне Новага года — і не адмяняе цудаў. Навагодні настрой ствараем у першую чаргу мы самі, і мы самі можам стаць Дзядамі Марозамі і Снягуркамі для дзяцей і дарослых. Быць адказным за цуд — гэта па-даросламу, а дарыць радасць іншым часам нават прыемней, чым быць проста ўдзельнікам свята і атрымальнікам падарункаў.