Ці заўсёды людзі верылі ў каханне?

Яшчэ гадоў дваццаць таму пра свята ўсіх закаханых ў Беларусі амаль ніхто не чуў, а 100 гадоў таму сама канцэпцыя рамантычнага кахання была мала знаёмая большасці насельніцтва. Шлюб у традыцыйным грамадстве не меў функцыі забеспячэння эмацыйнай блізкасці. Сям’я была ў першую чаргу гаспадарчай адзінкай

heart_question.png


Як мала знаёмай? Лірычныя песні пра каханне спявалі, але быў гэта мастацкі вобраз, амаль недасягальны ідэал. Дзяўчаты марылі пра тое, чаго пакуль няма, а замужнія жанчыны — пра тое, чаго ўжо і не будзе. Спатканні і рамантычныя стасункі (у нашым цяперашнім разуменні) павінны былі прывесці да хутчэйшага шлюбу, а звестак пра сямейныя складанасці значна больш, чым пра шчаслівае сямейнае жыццё.

ХІХ стагоддзе: прыступка да шлюбу

П. Пятроў "Агледзіны нявесты"

П. Пятроў "Агледзіны нявесты"

Каханне, калі не вяло да шлюбу, для дзяўчыны заканчвалася трагедыяй: стратай дзявоцкасці, нараджэннем пазашлюбнага дзіцяці ці нават самагубствам. Таму стаўленне дзяўчыны да рамантыкі на практыцы было прыкладна як у знакамітай песні «Ой, сівы конь бяжыць»: «А тое кахання ад ночы да рання, як сонейка ўзыдзе — каханне разыдзе».
У маладых людзей было літаральна некалькі гадоў для падбору пары, і да таго ж — з вельмі абмежаванага кола асоб супрацьлеглага полу да таго ж роўнага маёмаснага становішча. У выпадку ўзнікнення пачуццяў да кагосьці «няроўнага» ў душах абодвух адбываўся не абы-які канфлікт. У песнях дзяўчына просіць хлопца не хадзіць да яе, бо «ты богат, я бедна», а хлопец думае: «у багатай валы ды каровы, а ў сіраціны — толькі чорны бровы». У той жа час, у песнях сустракаюцца радкі: «Хто бярэ па мілосці, той шчаслівы будзе». Можна сказаць, што ў фальклоры, як і ў жыцці, было па-рознаму.
Прынцып «Дай Божа, каб за роўніцу» тычыўся і ўзросту. Шлюб са старэйшым кавалерам, удаўцом лічыўся непажаданым, бо дзяўчына павінна была б выхоўваць чужых дзяцей. У песнях вобраз спакуслівай удавы, якая заваблівае маладога хлопца, таксама падаецца як адмоўны.
З аднаго боку, разнаполая моладзь у даіндустрыяльнай вёсцы бавіла мала часу разам: час для заляцанняў — танцы, што ладзіліся на святы, удзел у абрадах і вячоркі падчас Піліпаўскага посту перад Калядамі. З другога боку, у вёсцы ўсе і ўсё навідавоку, і нават не кантактуючы шчыльна, маладыя людзі адно аднаго ведалі.
Лічыцца, што ў патрыярхальным грамадстве сексуальныя адносіны да шлюбу былі найстражэйшым табу, інакш дзяўчына лічылася навекі зняважанай. Толькі ў апошнія гады, з «гендарным паваротам» гуманітарных даследаванняў навукоўцы спрабуюць разабрацца, што ж менавіта забаранялася. І выглядае на тое, што толькі практыкі, якія могуць весці да цяжарнасці. Тое, што мы цяпер назвалі б петынгам, не лічылася чымсьці надзвычайным. Сустракаюцца звесткі пра так званыя супольныя «падначоўкі» разнаполых маладых людзей.
Гульні з пацалункамі — увогуле звычайная справа, нават гульнявыя вяселлі, тая ж «Жаніцьба Цярэшкі».
Часлаў Пяткевіч у «Рэчыцкім Палессі» прыводзіць слоўцы, якімі палешукі апісвалі стан маладых (і не толькі) людзей: млоснасць (млосць) — для слабасці, выкліканай палавой пажаднасцю, «хацець» — для ўласна пажаднасці. Аднак, і сексуальныя стасункі маладых людзей у традыцыйнай свядомасці звязваліся з будучым шлюбам. З таго ж «Рэчыцкага Палесся»:
— А што, доньку, — гаворыць матка, — пацягушкі, спаць хочацца?— Не так, мамко, спаць, як млосьць бярэ, бо вельмі замуж хочацца.— Падажджы, галубка, скоро пойдзеш, калі ўжэ есьцека свій мілы.— Эге! Сягоня нешто было зрабілося з маім любым: то гуляў, гуляў, быў вясёлы, і зразу абалванеў; пастаяў трохі, вочы вулупіўшы, а далей сеў, дай чысто ахлёп, бы анучка, да толькі перад самым выхадам быццам то трохі разварушыўся.— Ета яго, доньку, млосьць узяла, бо ён тож малады.
У ХІХ стагоддзі шлюб лічыўся абавязковым для ўсіх у вясковай супольнасці, і ідэальным каханнем лічылася тое, што да шлюбу прывяло. Неўступленне ў шлюб асуджалася, у штодзённым жыцці і святочным. Напрыклад, на Масленку вядомы абрад вешання калодкі, які «пагражаў» залішне пераборлівым жаніхам ды нявестам: «Гэта ўжо еслі хто жаніцца сабіраўся, ну, і не жаніўся ў тыя Каляды, ну, значыць, ужэ яму калодку. Ета значыць, што еслі хто не жаніўся ці замуж не пайшла, дак гаварылі, што вам ужэ і калодка» (в. Бацунь Буда-Кашалёўскага раёна).
Калі да дзяўчыны першы раз прыходзілі сваты, бацькі не спяшаліся аддаць яе замуж. Прасілі, каб прыйшлі яшчэ раз, «зрабілі дзеўцы славу», каб ніхто не падумаў, што дачку хочуць хутчэй збыць з хаты.
Шлюб у традыцыйным грамадстве не меў функцыі забеспячэння эмацыйнай блізкасці, якую мы яму сёння надаём. Сям’я была ў першую чаргу гаспадарчай адзінкай, сродкам легітымна нарадзіць і выхаваць дзяцей, паправіць маёмаснае становішча. Прыхільнасць хлопца і дзяўчыны, мужа і жонкі адно да аднаго, канечне, магла прысутнічаць, але далёка не гэта было першасным.

ХХ стагоддзе: міф пра рамантычнае каханне

Аўтар Мацэгора Р.П.

Аўтар Мацэгора Р.П.

ХХ стагоддзе прынесла разбурэнне традыцыйнага вясковага ладу і распаўсюджанне гарадскога, ці «жорсткага» раманса. У песнях ужо — пра пакінутых дзяўчат, што помсцяць былым палюбоўнікам, забіваюць іх ці ўласных дзяцей. У масавай свядомасці на змену шлюбу прыйшло рамантычнае каханне. З рэвалюцыяй 1917 году ўдзел жанчын у прамысловай вытворчасці з маргінальнай з’явы ператвараецца ў пажаданую на афіцыйным узроўні практыку. У гэты час у савецкіх краінах ствараецца так званы прыватна-дзяржаўны кантракт — «маці, што працуе», які, збольшага, дзейнічае дасюль. Якое ж месца кахання ў гэтым?
Каханню адводзіцца, з аднаго боку, другасная пасля вытворчага жыцця роля, з другога, яно ўспрымаецца як адзіная «правільная» нагода для шлюбу. Ніякія маёмасныя пытанні маладзёнаў турбаваць не павінны, галоўнае — каханне! Але на практыцы «сапраўднае» каханне здаралася па-ранейшаму рэдка. Часцей савецкаму чалавеку, як калісьці прыгоннаму селяніну, даводзілася выбіраць кагосьці з найбліжэйшага кола знаёмых па працы ці вучобе.
Апяваецца «першае каханне», пад якім зазвычай маюцца на ўвазе платанічныя стасункі школьнай пары. Яны супрацьпастаўляюцца цяжкасцям дарослага жыцця. Песні пад гітару, гулянне ўсю ноч, трымаючыся за рукі, імкненне калі-небудзь «сур’ёзна» быць разам, немагчымасць стаць хутчэй дарослымі і ажаніцца — прыкладна такое кола сюжэтаў. Мабыць, маецца на ўвазе, што ўжо другое-та каханне, напэўна, прывядзе да стварэння сям’і. Тут пачынаюцца ў літаратуры і фальклоры сюжэты пра сяброўку-разлучніцу. Грамадска прыймальнымі з’яўляюцца знаёмствы на працы і на ўсё тых жа танцах.
Савецкія грамадзяне даволі рана, па цяперашні мерках, жаніліся: пасля сканчэння ВНУ ці ССНУ ці ўжо ў працэсе. У большасці выпадкаў ужо ў першы год у пары з’яўляліся дзеці. Дэманстраваць каханне трэба было падарункамі на Дзень народзінаў, Новы год, дзень вяселля і ў «жаночы» дзень 8 Сакавіка ці «мужчынскі» 23 Лютага. Даследаванні паказваюць, што са свята барацьбы жанчын за свае правы ў «свята кветак» 8 сакавіка ператварылася прыкладна ў 1970-х.
Напрыканцы 1980-х каханне, шлюб і секс паступова перастаюць устойліва асацыявацца адно з адным.


ХХІ стагоддзе: камерцыялізацыя рамантычнага кахання

valentines_day_2057745_1280.jpg


На пачатку 2000-х у Магілёве Дзень святога Валянціна адзначалі падлеткі і вучні гімназіі з англамоўным ухілам. Мае аднагодкі, што выраслі ў Мінску, таксама не памятаюць, каб свята было масава папулярным сярод дарослых. А ўжо ў 2016-м, седзячы 14 лютага ў стаматолага з разяўленым ротам, раптам чую «З Днём кахання вас, дзяўчаты!» ад прыбіральшчыцы сярэдніх гадоў. І далей пажаданні гэтае каханне знайсці.
Цяпер гэта індустрыя — не проста выбар паштовак, як у часы майго юнацтва. На 14 лютага прапануюць падарункавыя сертыфікаты і зніжкі, самыя розныя варыяцыі вольнага часу «для дваіх»… На працягу года мы глядзім рамантычныя камедыі і сустракаемся з кімсьці, каб раптам не застацца аднымі ў Дзень святога Валенціна. Бо самотным быць… неяк сорамна, ці што?
Да 14 лютага прымяркоўваюцца шматлікія імпрэзы, як скіраваныя на пошук «палавінкі», кшталту speed dating («хуткія знаёмствы», альбо «знаёмствы ўсляпую»), так і арт-праекты, тэматычныя спектаклі і фільмы… Ад істэрыі вакол абавязковай наяўнасці рамантычнага кахання ў жыцці (якое трэба ж яшчэ неяк уратаваць ад разбівання аб побыт), бадай што, пакутуюць усе: і самотныя маладыя людзі, і пары, што даўно ў шлюбе.Можна абстрагавацца і па-філасофску ставіцца да пытання «што ёсць каханне, ці ёсць яно?», можна з галавой кінуцца ў святкаванне. Адно аднаму, дарэчы, не замінае. У любым выпадку, рэдакцыя «Новага часу» віншуе чытачоў і зычыць кожнаму знайсці ўласны адказ.