«Цяпер не сорамна людзям у вочы глядзець». Ігар Казмерчак — пра сваю «спецвытворчасць»
Сёння стала вядома, што супраць праваабаронцы і рэдактара аршанскага незалежнага сайта orsha.eu Ігара Казмерчака распачалі «спецвытворчасць» — яго збіраюцца судзіць завочна.

Фота "Вясны"
Ігара абвінавачваюць у «абразе Аляксандра Лукашэнкі» (ч. 1
арт.368 КК) і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4
КК).
Казмерчака «запрашаюць» вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў аршанскі міжраённы аддзел Следчага камітэта.
Справа пра абразу Лукашэнкі была ўзбуджаная даўно, незадоўга да расійскага ўварвання ва Украіну і сам праваабаронца за гэты час звыкся з гэтымі рэаліямі. Затым у родным горадзе Ігара Оршы з’явіліся абвесткі «Іх расшуквае міліцыя», а праваабаронцу абвясцілі ў міждзяржаўны вышук.
Пра арышт кватэры Ігар даведаўся выпадкова, калі на ягоны беларускі адрас прыйшоў ліст з Віцебскага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру. Рашэнне прынятае на падставе пастановы аршанскага аддзела Следчага камітэта, датаванага 13 лістапада 2023 года.
«Вясна» пацікавілася ў праваабаронцы пра ягоную рэакцыю на ўзбуджэнне «спецвытворчасці».
«Пакуль эмоцыяў аніякіх. Шкада, што заблакавалі банкаўскія рахункі ў Беларусі, затое цяпер не сорамна прыстойным людзям у вочы глядзець. У астатнім я спакойна стаўлюся да гэтага. Могуць завочна асудзіць. Я прапанаваў бы завочна мяне расстраляць — зусім супраць не буду», — сказаў Ігар Казмерчак. — А вось у чым чым канкрэтна палягае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці я пакуль не ведаю. Магчыма проста ў маім існаванні — гэта дастаткова лагічна».
Нагадаем, што Ігар Казмерчак з’ехаў з краіны яшчэ ў 2021 годзе.
Глядзіце таксама

Увогуле 14 сакавіка стаў «ураджайным» днём у сэнсе пачатых «спецыяльных вытворчасцяў». Акрамя Ігара Казмерчака, Следчы камітэі узбудзіўся яшчэ на траіх беларускіх палітычных эмігрантыў.
Завочна пераследаваць будуць 62-гадовую жанчыну з Глыбокага Людмілу Барэйка, якая прыдумала лозунг «Стоп таракан». Ёй інкрымінуюць арт. 188 КК (паклёп). На каго ўзводзіць «паклёп» гэты слоган, не ўдакладняецца, але пытанне выглядае досыць рытарычным.
Таксама «спецвытворчасць» пачалі ў дачыненні да гродзенскага журналісты і краязнаўцы Уладзімір Хільмановіча. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Уладзімір ужо два з паловай гады не пражывае ў Беларусі.
Тая ж самая форма пераследу выкарыстаная супраць яшчэ
аднаго гродзенца — 54-гадовага актывіста Сяргея Верамеенкі. Яму таксама паставілі
ў віну ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).