Больш за 300 еўрадэпутатаў падпісалі паштоўкі для беларускіх палітвязняў
Больш за 300 дэпутатаў Еўрапейскага парламента падпісалі паштоўкі для беларускіх палітвязняў, паведаміла 13 сакавіка дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х, піша «Позірк».
Палітык заявіла, што “поўніцца падзякай” да іх і адзначыла, што такі “выдатны акт салідарнасці ўсяляе надзею і зараджае энергіяй для барацьбы з гэтай несправядлівасцю!”.
“На карту пастаўленыя жыцці людзей, і мы не можам спыніцца, пакуль усе не будуць вызваленыя”, – напісала Ціханоўская.
Акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі праходзіць у рамках ініцыятывы #EPstandsBYyou 11–14 сакавіка на пленарнай сесіі Еўрапейскага парламента ў Страсбургу (Францыя).
У сваім тэлеграм-канале беларускі дэмлідар адзначыла, што аднаўленне гэтай ініцыятывы стала вынікам яе нядаўняй сустрэчы з прэзідэнтам Еўрапарламента Рабертай Метсола.
“Я ўдзячная Раберце і членам Еўрапарламента за падтрымку гэтай ідэі. Я ўпэўнена, #EPstandsBYyou падштурхне палітыкаў па ўсёй Еўропе далучыцца да барацьбы за свабоду беларускіх палітвязняў”, — заявіла Ціханоўская.
На 13 сакавіка праваабаронцы прызнаюць палітвязнямі 1412 чалавек, аднак рэальная колькасць людзей, якія падвергліся рэпрэсіям, значна большая.