Чаму Лукашэнка вызваліў Сафію Сапега? Меркаванне Валерыя Карбалевіча
Паўгода таму, у студзені 2023 года, Лукашэнка адмовіўся памілаваць Сафію Сапега. А 7 чэрвеня яе нечакана вызвалілі. Чаму? Аб гэтым у аўтарскай калонцы на «Свабодзе» разважае палітолаг Валерый Карбалевіч.
«Аляксандар
Лукашэнка нечакана памілаваў грамадзянку Расеі Сафію Сапега, асуджаную на 6
гадоў калёніі, — піша Валерый Карбалевіч. — 7 чэрвеня яе перадалі з папраўчай калёніі ў Гомлі дэлегацыі
Прыморскага краю, якую ўзначальвае губэрнатар Алег Кажамяка. Апошняя абставіна
робіць сытуацыю трагікамічнай. Дэлегацыя цэлага краю на чале з губэрнатарам
сутракае Сафію Сапега як гераіню, хоць, паводле заканадаўства Беларусі і Расеі,
яна лічыцца злачынкай. Сапраўды, непрадказальныя шляхі Гасподнія.
Драма Сафіі Сапега вартая апісаньня ў кнігах, сэрыялах. Магчыма, яе чакаў бы лёс звычайнага
палітвязьня, якіх сотні і тысячы, калі б не скандальныя абставіны затрыманьня.
Яе арыштавалі 23 траўня 2021 году пасьля прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair» у
Менску. І тады высьветлілася, што на борце, акрамя галоўнай ахвяры гэтай
спэцапэрацыі Рамана Пратасевіча, была ягоная сяброўка і паплечніца ў палітычнай
барадзьбе Сафія Сапега. Аказалася, што яна грамадзянка Расеі. І расейскаму
кіраўніцтву давялося неяк рэагаваць.
Паводле прэсавага сакратара прэзыдэнта РФ Дзьмітрыя Пяскова, сам Уладзімер Пуцін падняў тэму вызваленьня расейскай грамадзянкі падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Сочы яшчэ ў траўні 2021 году.
3 чэрвеня таго ж году Аляксандар Лукашэнка сказаў журналістам: «Шкада дзяўчынку. Трэба гэтае пытаньне вырашаць. Яна ж расіянка, у нас ёсьць практыка. Мы можам расейскага грамадзяніна перадаць у Расею — няхай яна там адбывае тэрмін, ці яны што хочуць, тое няхай і робяць».
Здавалася б, усё
ідзе да таго, што хутка Сафія апынецца на свабодзе. Аднак нешта пайшло ня так.
Адбыўся закрыты суд, ёй прысудзілі шэсьць гадоў калёніі. Сафія ўсё яшчэ спадзявалася
на літасьць: яна нават ня стала абскарджваць прысуд, падала прашэньне аб
памілаваньні.
Аднак тады
Лукашэнка адмовіў у памілаваньні. Як патлумачыла намесьніца кіраўніка
Адміністрацыі прэзыдэнта Вольга Чупрыс, Сапега не адбыла паловы тэрміну, таму і
атрымала адмову. Паводле інфармацыі палітвязьняў, якія выйшлі на волю, у
калёніі яе «прэсавалі».
Незразумела, у
чым была прычына такога стаўленьня ўладаў да дзяўчыны. Магчыма, яна паведаміла
ня ўсю інфармацыю, якую хацелі ведаць сілавікі, не хацела «здаваць»
паплечнікаў, якіх ведала. Але гэта пакуль толькі вэрсія.
Потым пачаліся
нейкія дзіўныя рухі ў пошуках расейскага суду, у які меркавалася перадаць
Сапега зь беларускай калёніі. І вось нарэшце вызвалілі. Тут спрацавала некалькі
фактараў.
Па-першае,
выглядала дзіўна, што Раман Пратасевіч, якога зьнялі з самалёта разам з Сафіяй
Сапега, ужо на волі, а яна застаецца за кратамі. Хоць ягонае «ліхадзейства» з
гледзішча ўладаў знача большае, чым дзяўчыны.
Па-другое, калі
здарыўся скандал з прымусовай пасадкай у менскім аэрапорце самалёта
авіякампаніі «Ryanair», міжнародная супольнасьць ня толькі ўвяла санкцыі ў дачыненьні да палітычнага рэжыму Беларусі, але і патрабавала вызваленьня Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапега. Цяпер абое зьняволеныя вызваленыя. Такім чынам, інцыдэнт нібыта
вычарпаны і афіцыйны Менск можа патрабаваць ад Захаду адмены санкцыяў, уведзеных
за гэтую апэрацыю.
І, па-трэцяе,
Лукашэнку падабаецца, калі яго асабіста просяць нейкія статусныя асобы. Тады ён
гатоў ісьці на саступкі. Вядомага паліттэхноляга Віталя Шклярава вызвалілі
пасьля званка Аляксандру Лукашэнку дзяржсакратара ЗША Майка Пампэо.
У гэтым выпадку
кіраўнік Прыморскага краю Алег Кажамяка асабіста зьвярнуўся да Лукашэнкі з
просьбай аб памілаваньні Сапега. А ў губэрнатара прасіў аб дапамозе бацька
дзяўчыны. І Лукашэнка зрабіў шырокі жэст.
Дарэчы, палітвязьнямі, якія апынуліся ў Беларусі за
кратамі, зьяўляюцца яшчэ некалькі грамадзянаў Расеі, менш вядомыя, чым Сафія Сапега. І расейскія ўлада пра іх асабліва не клапоціцца».