Ва Уладзіміра Мацкевіча за кратамі ёсць пэўныя праблемы за здароўем
Святлана Мацкевіч, жонка філосафа Уладзіміра Мацкевіча, распавяла «Народнай Волі» пра навіны ад мужа.
Уладзімір Мацкевіч — беларускі філосаф і метадолаг, яго затрымалі 4 жніўня 2021 года і выставілі абвінавачанне ў «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК).
Філосафа асудзілі да пяці гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Спачатку Уладзімір Мацкевіч адбываў пакаранне ў Шклоўскай ПК № 17, але напачатку гэтага года яму змянілі рэжым утрымання на больш жорсткі і перавялі ў магілёўскую турму № 4.
МУС уключыў Уладзіміра Мацкевіча у спіс асоб, якія датычныя да экстрэмісцкай дзейнасці.
— Валодзя трымаецца, хаця са здароўем у яго ёсць пэўныя праблемы, — кажа Святлана Мацкевіч, жонка філосафа. — Не буду нічога канкрэтызаваць, няхай гэта будзе медыцынскай тайнай.
Адвакат да мужа наведваецца не вельмі часта, але, па меншай меры, такія візіты не адмяняюцца. І гэта ўжо добра.
— Працягвае за кратамі нешта пісаць?
— Думаю, так, але на волю перадаваць ён нічога не можа з таго, што напісаў. Трэба ж разумець, што гэта – турма, а не калонія. Таму невядома яшчэ, наколькі ёсць умовы, каб там нешта пісаць. І я нават не ведаю, колькі чалавек у камеры з мужам, як яму там даводзіцца. Наколькі я разумею, у турме зняволеныя не працуюць, а па рэжыме выходзяць толькі на прагулку.
Пытанне знаходжання ў турме — гэта ў першую чаргу пытанне здароўя. А 14 траўня Уладзіміру споўнілася ўжо 67 гадоў.
Нагадаем, палітзняволенага філосафа і метадолага абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») за «Марш Народнага Ультыматуму» 25 кастрычніка, ч. 1 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання») за платформу «Сход», а таксама па ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) за відэазапіс на YouTube-канале.
За кратамі Уладзімір Мацкевіч трымаў з 3 лютага 2022 года галадоўку, а з 15 лютага — «сухую галадоўку».
Суд над Уладзімірам Мацкевічам пачаўся 9 чэрвеня 2022 года ў Мінскім абласным судзе ў закрытым рэжыме. А 23 чэрвеня мысляра прызналі вінаватым і асудзілі да пяці гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «грубае парушэнне грамадскага парадку», «кіраванне экстрэмісцкім фарміраваннем» і «абразу Лукашэнкі».
Яго дачка Надзея Лучанок пракаментавала прысуд бацьку так: «Але насамрэч яго пакаралі за іншадумства, за “думказлачынства” ў духу Оруэла».