Андрэй Курэйчык: «Зараз час, калі расійская культура павінна сядзець моўчкі»

Беларускі драматург, лектар Ельскага ўніверсітэта ў інтэрв’ю «Свабодзе» расказаў пра свой праект арт-інсталяцыі «Галасы новай Беларусі», як ён ставіцца да праблемы палітвязняў і з якога часу ён перастаў супрацоўнічаць з расійскімі кінакампаніямі.

kureychik_andrey_03.jpg


— Вы сталі ініцыятарам арт-інсталяцыі «Галасы новай Беларусі». У ёй будуць прадстаўленыя 16 маналёгаў беларускіх палітвязьняў, якіх агучылі амэрыканскія акторы і выкладчыкі Ельскага унівэрсытэту, у тым ліку вядомыя амэрыканскія гісторыкі Тымаці Снайдэр і Марсі Шор, філёзаф Джэйсан Стэнлі, рэжысэр Юры Кардонскі ды іншыя. Што гэта за праект?

— Для мяне пытаньне беларускіх палітвязьняў зараз падаецца найбольш актуальным і цяжкім. У той час, калі ўся міжнародная ўвага пераключылася на вайну ва Ўкраіне, у Беларусі застаюцца тысячы палітзьняволеных, іх становіцца толькі больш. І мы ня ведаем, што зрабіць, каб іх вызваліць, выратаваць.

І я шукаў падыход, які б зрабіў гэтую тэму зноў актуальнай, бо яна адышла на трэці, чацьверты плян. І ўзьнікла ідэя зрабіць такую відэаінсталяцыю, апрацаваць з мастацкага погляду відэакадры з беларускіх пратэстаў. Я знайшоў мастачку з Бразыліі, якая зрабіла фантастычны і прыгожы відэа-акт. У сваю чаргу, я напісаў дакумэнтальную п’есу, выбраў 16 гісторыяў і дамовіўся зь вядомымі ў сьвеце асобамі, каб яны сталі галасамі беларускіх палітзьняволеных.

Пляцоўкай для прэм’еры мы выбралі найбуйнейшы сусьветны праваабарончы форум у Осла, які праходзіць 15 чэрвеня. Там зьбяруцца праваабаронцы, журналісты, палітыкі, дзеячы культуры, а кіруе гэтай падзеяй Гары Каспараў.

— Вакол тэмы палітвязьняў вядуцца даволі гарачыя дыскусіі. Адны кажуць, што ў гэтай справе робіцца недастаткова і, магчыма, варта пайсьці на нейкія саступкі; іншыя адказваюць, што ва ўмовах нежаданьня менскага рэжыму ісьці на кампрамісы нічога зрабіць немагчыма. І часам дыскусіі ператвараюцца ў абвінавачаньні...

— Сапраўды, ёсьць два канцэптуальныя падыходы. Першы — узмацніць санкцыі і ціск на рэжым Лукашэнкі. Другі — наадварот, зьняць ціск, аслабіць санкцыі, каб праз дыялёг вызваліць палітвязьняў. Людзі спрачаюцца наконт таго, які падыход больш правільны. Праблема ў тым, што мы не зрабілі выбару і завісьлі паміж гэтымі двума падыходамі — ні рыба ні мяса. Патрэбна вялікая дыскусія ў грамадзтве, каб беларусы разам вырашылі, які з гэтых падыходаў зараз патрэбны.

— Якая сытуацыя з сэрыялам «Акрэсьціна», які вы пачалі здымаць, але зь якім узьніклі праблемы? Што там увогуле адбываецца?

— Гэта мой боль. Мы зьнялі першую гісторыю гэтага праекту, пра Сяргея Ціханоўскага. Мне здаецца, гэта была вялікая і важная праца. Але так здарылася, што прадусары, якія гэтым займаюцца, ніяк ня могуць дарабіць фінальныя неабходныя рэчы, каб гэты праект выпусьціць афіцыйна, і ён «пакладзены на палічку». Яны грошы «засвоілі» — і задаволеныя.

— І вы, з улікам свайго імя і аўтарытэту, ня можаце нічога зрабіць?

— Мы сварымся. Я спрабую паўплываць, але не атрымліваецца. Я аўтар сцэнару і рэжысэр, але не супрацоўнік у іх, ня маю нават кантракту.


— На фоне агрэсіі Расеі супраць Украіны абвастрыліся дыскусіі пра расейскую культуру, пра «хороших русских». Вы пісалі шмат сцэнароў для расейскіх фільмаў, якія набіралі вялікую касу. Як вы цяпер глядзіце на супрацоўніцтва з расейскімі калегамі? Ці вайна зьмяніла вашыя погляды?

— Гэта не вайна зьмяніла, гэта адбылося раней, у 2020 годзе. Пасьля таго, як Пуцін падтрымаў Лукашэнку, я не супрацоўнічаю прынцыпова зь ніводнай расейскай кампаніяй. Яны мне яшчэ шлюць нейкія прапановы, але я на іх нават не адказваю.

Я лічу, што зараз час, калі расейская культура, нават самая апазыцыйная і лібэральная, павінна сядзець моўчкі. Проста памаўчаць. Ім варта аддаць усю інфармацыйную прастору ўкраінскай культуры, падтрымаць такім чынам Украіну. Бо вельмі непрыемна назіраць, калі яны спрабуюць перацягваць на сябе коўдру і выдаваць зь сябе ахвяру.

Цяпер для іх ня час, каб прэтэндаваць на цэнтар увагі. І калі іх просяць ня ўдзельнічаць у нейкай імпрэзе, то трэба з павагай ставіцца да такой просьбы.

— Вы даволі актыўна праводзіце свае стрымы на YouTube, уваходзіце ў Каардынацыйную раду. Ці маеце вы ў пэрспэктыве нейкія грамадзка-палітычныя амбіцыі?

— У мяне няма палітычных амбіцыяў. Здаецца, я быў бы вельмі кепскім чыноўнікам ці палітыкам, бо люблю паспаць, мне не цікавая праца з дакумэнтамі і гэтак далей. Я раблю гэтыя стрымы ў YouTube, каб адчуваць беларускае грамадзтва. Я лічу сябе беларускім аўтарам, драматургам і, каб адчуваць беларусаў у Беларусі, каб не губляць гэтую сувязь, раблю гэтыя жывыя эфіры. У мяне 77 працэнтаў гледачоў зь Беларусі. Я шмат атрымліваю інфармацыі ад людзей самых розных узростаў падчас гэтых эфіраў. Для мяне гэта магчымасьць заставацца беларусам, нягледзячы на такія вялікія геаграфічныя адлегласьці.

Захаваны правапіс арыгіналу