Беларускі сцэнарыст стаў аўтарам самага касавага расійскага фільма

Расійская спартовая драма «Рух уверх», знятая па сцэнарыю вядомага беларускага сцэнарыста і рэжысёра Андрэя Курэйчыка стала самай касавай стужкай за ўсю гісторыю расійскага кінематографа.

6__4_.jpg


Па апошніх дадзеных, на рахунку новага фільма ўжо каля 1,74 млрд. расійскіх рублёў, што дазволіла яму апярэдзіць папярэдняга расійскага рэкардсмена — расійска-дыснэеўскую фэнтэзійную стужку «Апошні волат», якая пратрымалася на першым радку ўсяго паўтара месяца. «Рух уверх» таксама абагнаў такія касавыя расійскія фільмы, як «Вікінг», «Экіпаж», «Вій» і іншыя.
«Рух уверх», стаў пятым расійскім фільмам, якія пераадолелі мяжу ў 1,5 млрд. рублёў. Пры гэтым рэліз па хуткім часе стане першай расійскай карцінай, якой скорыцца планка ў 2 млрд. рублёў.
Фільм — спартовая мастацкая драма 2017 года, заснаваная на рэальных гістарычных падзеях, апавядае пра перамогу мужчынскай зборнай СССР па баскетболе над мужчынскай зборнай ЗША на летніх Алімпійскіх гульнях у Мюнхене 1972 года. У фінальным матчы зборная СССР перамагла каманду ЗША з лікам 51:50, пры тым, што амерыканцы дагэтуль наогул не саступалі ніводнай гульні на алімпійскіх турнірах. Адзін з гульцоў савецкай зборнай быў Іван Ядзешка, ураджэнец Гарадзеншчыны. Менавіта ён даў пас праз усю пляцоўку Аляксандру Бялову, які, скарыстаўшыся момантам, што двое гульцоў каманды ЗША перашкодзілі адзін аднаму, закінуў пераможны мяч.


Прэм'ерны паказ фільма адбыўся 22 снежня ў Маскве. Толькі за першыя дні праката карціну паглядзелі больш 700 тысяч гледачоў. Ролю амбітнага трэнера баскетбольнай каманды Уладзіміра Кандраціна выконвае Уладзімір Машкоў. Таксама з зорак расійскага кіно ў здымках прынялі удзел Марат Башараў, Сяргей Гармаш, Вікторыя Толстаганава і іншыя. У Мінску прэзентацыя фільма адбылася 28 снежня. У беларускім пракаце стужка будзе дэманстравацца да 21 студзеня.