«Без буслоў» адсвяткавалі свой першы юбілей
16 студзеня творчае аб'яднанне «Без буслоў Артс» адсвяткавала свой першы юбілей — 5 гадоў свайго творчага існавання! «Вышэй за неба», «ГараШ», «PARTY-ZAN фільм», кожны фільм — поспех і гучная сенсацыя.

Удзельнікі здымак і стваральнікі карцін, а таксама вядомыя беларускія медыяперсоны сабраліся разам у «Falcon Club Буцік Кіно» каб успомніць, як усё было.
Сярод гасцей былі такія вядомыя персоны, як Меліціна Станюта, Яўген Булка, Уладзімір Максімкоў, Дзіяна Балыка, Павел Каранеўскі і шэраг іншых. Андрэй Курэйчык прадставіў некаторых асоб, якія спрычыніліся да стварэння кампаніі, падзякаваў ўсім за іх унёсак і прадаставіў ім слова.

Меліціна Станюта і Яўген Булка
Вядоўцам вечарыны выступіў Яўген Булка, знакаміты сваімі вострымі жартамі. Але нават яму не атрымалася ўвесці ў разгубленасць Меліціну, вядомую беларускую гімнастку, якая выканала ролю самой сябе ў першай карціне кінакампаніі «Вышэй за неба» (дарэчы, там Яўген Булка сыграў таксама). Вядоўца паспрабаваў высветліць у Меліціны, ці лёгка была здымацца ў карціне, ці не даводзілася «прагібацца» пад рэжысёра, на што тая з непарушнай спартовай упэўненасцю адпавяла: «Мяне вучылі ніколі не пад каго не прагібацца, таму я лёгка сыграла саму сябе. Хаця, магчыма, па гэтай жа прычыне я больш у нікога так і не знялася». Пасля чаго яна з жартам дадала: «А наогул я за любы кіпіш, апроч галадоўкі».

Асобы, якія прымалі ўдзел у здымках фільмаў "Без Буслоў Артс"
Дарэчы, усіх госцяў святкавання юбілею чакаў адмысловы кінападарунак ад маладой незалежнай кінакампаніі і невялікі, але смачны фуршэт.

Галоўныя акцёры "PARTY-ZAN фільма" Аляксандр Душачкін і Аляксандр Тарасаў
Выклікалі павагу і словы Аляксандра Тарасава, які выканаў ролю прадпрымальніка Аляксея ў «PARTY-ZAN фільме»: «Я жадаю, каб не беларускія акцёры марылі ехаць у Кіеў ці Маскву здымацца ў кіно, а наадварот, каб замежнікі імкнуліся прыязджаць да нас здымацца». А яго напарнік па фільму, Аляксандр Душачкін, прызнаўся, што цяпер бы ён сыграў інакш, зрабіў бы свайго героя іншым пасля таго карыснага вопыту, які набыў у Курэйчыка. Іх калега па фільме, Аліса Аўчыннік, прыехаць на юбілей на здолела, бо адпачывае зараз у Іспаніі. Але цікава было, калі яе ўзгадвалі ўжо ў кіназале, якраз паставілі кадр з яе выявай на постэры, як фота з адпачынку. Атрымалася, быццам яна дасылае ўсім сваё гарачае прывітанне.

"Прывітанне" ад Алісы Аўчыннік
Ужо ў кіназале Андрэй Курэйчык прадставіў публіцы кадры са здымачных пляцовак, бэкстэйджы і трэйлеры да фільмаў, апавёў гісторыю іх стварэння, узгадаў цікавыя моманты. Напрыклад, фільм «ГараШ» стаў іх першым са Зміцерам Фрыгам цалкам самастойным праектам, як прадзюсераў. Ён быў зняты за рэкордныя 5 дзён за іх уласныя грошы ў аўтамайстэрні і ў кватэры бабулі Андрэя. Стужку дэманстравалі ў Прыбалтыцы, яе з цікавасцю ўспрынялі ва Украіне, а ўжо хутка яе павязуць на кінафестываль у Мюнхен, Нямеччына. Жарт пра лайдакоў з гэтай камедыі актуальны і па сёння: «У нас па закону працаваць нельга. І не працаваць нельга — будзеш дармаедам».

Зміцер Фрыга і Андрэй Курэйчык
Прадзюсар Зміцер Фрыга таксама ўзгадаў, што калі праходзілі здымкі сцэны з музыкай Ягорам Забелавым, гэтакім шабаноўскім філосафам, то, калі ён зайграў на акардэоне на мосце — змоклі ўсе і ўсё навокал, нават газонакасілкі змоўклі. У фільм так і трапіў запіс з натуры, з той самай сцэны. Не давялося нават нічога пераагучваць. Гэтую музычную кампазіцыю Ягор Забелаў выканаў і на сцэне на юбілеі пад кадры са стужкі.

А падчас здымак першай карціны «Вышэй за неба», у адрозненне ад некаторых беларускіх дзяржаўных фільмаў, не было скрадзена ні капейкі. Хаця некаторыя і спрабавалі нажыцца на гэтым праекце, але Андрэй не даў. Наогул, як Курэйчык сам прызнаўся, з рэек расійскага кінематографа ён зразумеў сваю місію — рабіць беларускае кіно, і першай такой працай і стала «Вышэй за неба», прэм’ера якой, да слова, адбылася не дзе-небудзь, а адразу ў Нью-Йорку. Прагучала на юбілейнай імпрэзе і фінальная песня «Новы дзень» з гэтага фільма ў выкананні Аксаны Чывялёвай.

Аксана Чывялёва
Завяршыліся юбілейныя ўрачыстасці паказам фільма «Вышэй за неба», які падрыхтавалі спецыяльна для паказу на гэты раз у Нямеччыне — у высокай якасці і з цітрамі на англійскай мове.

Даведка
«Без буслоў Артс» (Bez Buslou Arts) — гэта творчае аб'яднанне беларускіх кінематаграфістаў, якія ствараюць незалежнае беларускае кіно. Заснавальнікі аб'яднання — рэжысёр і сцэнарыст Андрэй Курейчык, кампазітар Зміцер Фрыга, рэжысёр Зміцер Марынін, аператары Аляксей Карнеяў, Арцём Якімаў і Мікіта Пінігін.

Андрэй Курэйчык
У розны час кінакампанія супрацоўнічала з велізарнай колькасцю таленавітых беларускіх акцёраў, музыкаў, мастакоў, пісьменнікаў і проста неабыякавых да беларускага незалежнага кінематографа людзей. Мэтай стварэння «Без буслоў Артс» было аб'яднаць таленавітых людзей, якія вырашылі здымаць фільмы пра сучасную Беларусь, для беларусаў і сіламі беларускіх кінематаграфістаў і акцёраў.

Дзіяна Балыка, Павел Каранеўскі
А яшчэ яны імкнуцца прытрымлівацца пастаўленай перад сабой задачы — рабіць па аднаму фільму на год. За гэты час было знята 3 поўнаметражных фільма «Вышэй за неба» (а таксама серыял з аднайменнай назвай), «ГараШ», «PARTY-ZAN фільм». Цяпер вядуцца работы над новай камедыяй «Рабаванне па-беларуску». І кожны з фільмаў меў поспех, да ўсіх карцін была выяўлена велізарная цікавасць. І галоўнае — у адрозненні ад большасці беларускіх карцін, фільмы незалежнай кінакампаніі «Без буслоў Артс» — рэнтабельныя, і ў сваёй большасці адзначаны прызамі.

Першая незалежная беларуская моладзевая драма «Вышэй за неба» стала лаўрэатам аўтарытэтнай незалежнай міжнароднай прэміі «Знята!», заснаванай Асацыяцыяй незалежных прадзюсараў Расіі, а таксама стужка ўвайшла ў праграму лепшых фільмаў СНД 2012–2013 гадоў на X Міжнародным кінафэсце «Залаты абрыкос». Фільм «Вышэй за неба» стаў самым папулярным беларускім моладзевым фільмам за ўсю гісторыю, сабраўшы больш за 300 тысяч праглядаў у інтэрнэце.

Трагікамедыя «ГараШ» стала самым прыбытковым беларускім фільмам у нацыянальным кінапракаце за ўсю гісторыю, а таксама лідарам пракату за перыяд з 2011 па 2016 год сярод беларускіх карцін. «ГараШ» стаў першым беларускім фільмам, які акупіўся ў айчынным пракаце, паставіўшы некалькі ўнікальных рэкордаў. Моладзевая камедыя «PARTY-ZAN фільм» на XVIII адкрытым Расійскім фэсце кінакамедый «Усміхніся, Расія!» была адзначана прызам «За кінематаграфічную шматграннасць».