Чаму не закрываюць справу Алеся Міхалевіча?

Крымінальная справа па снежаньскіх падзеях 2010 году ў дачыненні да экс-кандыдата ў прэзідэнты была прыпынена, але не зачынена, і яе могуць аднавіць у любы момант.

mihal_praha_rusamb_logo_1.jpg


“Закрыць за тэрмінам даўніны справу могуць толькі гадоў праз сем”, — распавёў сайту palitviazni.info Алесь Міхалевіч.
Экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч быў вымушаны пакінуць Беларусь пасля прэзідэнцкай кампаніі 2010 году. Тады ён з шэрагам іншых кандыдатаў на вышэйшую пасаду ў краіне апынуўся пад крымінальным пераследам. Міхалевіч стаў адным з фігурантаў нашумелай справы “Аб масавых беспарадках”. Пэўны час палітык знаходзіўся ў СІЗА КДБ і быў першым з тых, хто заявіў пра жорсткія катаванні ў турэмных засценках.
Выйшаўшы на волю пад падпіску аб нявыездзе, Міхалевічу ўсё ж-такі ўдалося пакінуць Беларусь і эмігрыраваць у Чэхію. Але ў 2015 годзе палітык вярнуўся на радзіму пасля пяці гадоў жыцця за яе межамі.
Тым часам, крымінальная справа па снежаньскіх падзеях 2010 году ў дачыненні да палітыка была прыпынена, але не зачынена, і яе могуць аднавіць у любы момант.
“У апошні час нічога не змянілася, — распавёў сайту palitviazni.info Алесь Міхалевіч. — Закрыць за тэрмінам даўніны справу могуць толькі гадоў праз сем. У такім падвешаным стане і знаходжуся да гэтага часу”.

 Чаму не закрываюць “справуМіхалевіча”?


“На маю думку, гэта такая дробная помства палітыку з боку сілавікоў, — каментуе сітуацыю праваабаронца Валянцін Стэфановіч. — Мы памятаем, што ў 2010 годзе Міхалевіча вызвалілі з ізалятара КДБ пасля таго, як ён даў згоду на супрацоўніцтва са спецслужбамі. Затым, калі экс-кандыдат у прэзідэнты выйшаў са следчага ізалятара, ён правёў прэс-канферэнцыю, дзе публічна заявіў, што ніякага супрацоўніцтва не збіраўся ні з кім ладзіць,і распавёў пра тое, якія метады жорсткага бесчалавечнага абыходжання ўжываюцца ў адносінах да фігурантаў снежаньскіх падзей. Пасля гэтага Алесь быў вымушаны папрасіць палітычны прытулак у Чэхіі, але праз нейкі час прыняў рашэнне вярнуцца дадому. Таму не выключана, што сёняшняя крымінальная справа ў адносінах да палітыка, якая знаходзіцца ў падвешаным стане, носіць выключана палітычны характар, бо па падзеях 2010 году, здаецца, усё ужо даследавана. “Справа Кондруся” гэта яшчэ раз даказала”.
Са слоў праваабаронцы, прыпыненая, але не зачыненая крымінальная справа — гэта, хутчэй, маральны ціск на Міхалевіча.
“Чалавек псіхалагічна няўтульна сябе адчувае, калі ведае, што ў любы момант справа можа “запрацаваць”, — адзначае Валянцін Стэфановіч. — Хаця ніякіх абмежаванняў яна не накладае. А колькі справа можа знаходзіцца ў такім стане? Тэрмін даўніны па цяжкім складзе злачынства даволі працяглы. Таму тут два варыянты. Альбо справа будзе цягнуцца аж да сканчэння гэтага тэрміна, альбо органы пераследу самі прымуць рашэнне спыніць яе раней”.