Чаму нельга «ратаваць» птушанят, якія вучацца лётаць?

Подлеткі — птушаняты, якія вучацца лётаць і часам нязграбна скачуць па зямлі, быццам прыцягваючы ўвагу. Іх не трэба браць у рукі, тым больш ратаваць. Подлеткі могуць гучна пішчаць, кідацца з боку ў бок, і здавацца вам бездапаможнымі, але ў 99% выпадкаў яны не маюць патрэбы ў дапамозе чалавека.

_belarus_pryroda_zjablik_vjasna_spevy_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas_logo.jpg

Кожны год з траўня на інфалінію па вырашэнні экапраблем «Зялёны тэлефон» звяртаюцца абаненты з просьбай дапамагчы птушанятам, якіх яны падабралі на вуліцы.

Так, летась экаактывісты сказалі абанентцы аднесці подлетка туды ж, дзе яна яго падабрала, пасля чаго даведаліся радасныя навіны: маці-сініца прыняла птушаня назад і пакарміла яго. Але, на жаль, так гісторыі заканчваюцца не заўсёды: перыядычна птушанятам не ўдаецца выжыць пасля таго, як людзі спрабуюць ім «дапамагчы».

Чаму ўзяць дадому подлетка — гэта не проста рызыкоўна, але і недапушчальна? Давайце разбірацца.

«Птушкапад» — сезон подлеткаў

У канцы траўня-чэрвені птушаняты становяцца дастаткова дужымі, каб пачаць рыхтавацца да самастойнага жыцця, а менавіта — вучыцца лётаць. У іх яшчэ кароткае апярэнне, яны дрэнна лётаюць, і ў іх яшчэ можа быць “жоўтая дзюба”. Яны трымаюцца паблізу дрэва з родным гняздом, перамяшчаюцца па зямлі і галінках. Подлеткі могуць гучна пішчаць, кідацца з боку ў бок, і здавацца вам бездапаможнымі, але ў 99% выпадкаў яны не маюць патрэбы ў дапамозе чалавека.

У дзікай прыродзе, як і ў нас, усё заканамерна: у птушанят ёсць бацькі-птушкі, якія клапоцяцца пра іх і працягваюць прыглядаць і карміць, нават тады тыя ўжо топчуцца па зямлі. Таму малы, які здаецца бездапаможным, насамрэч знаходзіцца пад наглядам дарослых.

_vjasna_minsk_pryroda_adnaulenne_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas___21_.jpg


Падабраць подлетка: выратаванне ці шкода?

Галоўнае правіла ўзаемадзеяння чалавека з дзікай прыродай — мінімум умяшальніцтва. Людзі, калі забіраюць подлеткаў з прыроды, наносяць ім большую шкоду, чым натуральныя ворагі.

Так, калі забраць птушаня дадому і выгадаваць яго, то потым птушку ўжо нельга будзе вярнуць у дзікую прыроду: яна там проста не выжыве. Прыручаныя птушаняты вырастаюць слабейшымі за суродзічаў і не ўмеюць паляваць.


Да таго ж, выгадаваць подлетка ў хатніх умовах — задачка, складаная нават для прафесіянала. Дома яны могуць памерці банальна ад голаду, бо птушанятак сініцы, напрыклад, трэба карміць да 20 разоў на дзень. Да таго ж, хлебныя крошкі, семечкі і іншая ежа дарослых птушак ім не падыходзіць.

_belarus_pryroda_vjana_vjahir_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas_logo.jpg

Калі птушцы ўсё ж патрэбна дапамога?

Дапамагчы можна параненай птушцы, якая без дапамогі відавочна не выжыве. Але і гэта трэба рабіць кампетэнтна. Калі птушаня не параненае (вывернута крыло, рана, кроў і г. д.) і яму не пагражае яўная небяспека, лепш ісці сваёй дарогай. Калі параненае, звярніцеся ў тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды — Камітэты прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, да карыстальніка дадзенай тэрыторыі, міліцыю або ў дзяжурную службу МНС. На месцы будзе працаваць камісія, якая вырашыць, што рабіць з птушкай.

Таксама можна звярнуцца па кансультацыю ў прытулак «Ахова прыроды» (ptici.by) пад Асіповічамі або цэнтр дапамогі дзікім жывёлам «Сірын» (sirin.by) пад Мінскам.

Дапамагчы варта таксама, калі злётак скача побач з праезнай часткай, дзіцячай ці сабачай пляцоўкай, падвалам, дзе жывуць каты і іншымі небяспечнымі для птушанят зонамі. У гэтым выпадку можаце акуратна перанесці яго да бліжэйшых кустоў або дрэў, падсадзіць на галінку або казырок пад'езда. Так бацькі змогуць хутка яго знайсці. З варанятамі будзьце асцярожныя: калі нехта набліжаецца да іх дзяцей, вароны могуць напасці, каб абараніць малых. Таму, калі вырашылі дапамагчы дзіцяці вароны, закрыйце галаву парасонам або капюшонам.

Паводле прэс-рэлізу