Чаму сістэме не ўдаецца перапісаць гісторыю?
Так ці інакш, але выкрасленае з гісторыі вяртаецца. Нават калі перапішуць падручнікі — хто цяпер толькі іх чытае? Пра гэта Цімафей Акудовіч разважае на «Філіне».
У новым навучальным годзе ў беларускіх школах з’явяцца два факультатывы, якія датычаць беларускай гісторыі: «Святыні роднага краю» для 9-10 класаў і «Духоўная спадчына Беларусі (IX ст. — 1569 год)» — для 6-х. Адпаведная пастанова Мінадукацыі была апублікаваная днямі на нацыянальным прававым інтэрнет-партале.
Што будуць вывучаць дзеці на факультатывах?
Старшакласнікі — помнікі духоўнай і матэрыяльнай культуры, архітэктуры, у тым ліку ўнесеныя ў спіс спадчыны ЮНЕСКА, беларускія святыні, летапісы і лёсы рэлігійна-асветніцкіх дзеячаў — там нават ёсць пералік канкрэтных месцаў і асоб.
Вучням сярэдніх класаў распавядуць пра духоўную спадчыну, асветнікаў, рамёствы, геральдыку і г.д. А яшчэ будуць фарміраваць «патрыятычныя і духоўна-маральныя якасці асобы навучэнца шляхам вывучэння духоўнай спадчыны Беларусі перыяду першых дзяржаўных утварэнняў на яе тэрыторыі і часоў Вялікага княства Літоўскага».
І гэта можна было б толькі вітаць, калі б другой рукой улады не перапісвалі падручнікі па гісторыі і не падавалі ў чорным святле нязручныя для іх перыяды, падзеі і ролю пэўных асоб.
Прыгадаем хоць прыбраны ў Зэльве падалей з вачэй прапагандыстаў помнік паэтцы Ларысе Геніюш, хоць публічныя выказванні лукашэнкаўскіх чыноўнікаў пра нацыянальных герояў Беларусі — Тадэвуша Касцюшку, Кастуся Каліноўскага. Альбо з зусім свежага: быў на гродзенскім вакзале памятны знак паўстанцам 1863-га — замянілі на мемарыяльную дошку савецкім падпольшчыкам.
З якімі мэтамі ўводзяцца новыя факультатывы, што з гэтага наогул атрымаецца, «Филин» абмеркаваў з гісторыкам, кіраўніком праекта «Беларускія магістраты» Цімафеем Акудовічам.
— Мне падаецца, што сістэма дзейнічае рознымі рукамі па-рознаму проста таму, што яна вялікая, — мяркуе гісторык, — і цалкам лагічна, што, з аднаго боку, ёсць тыя, хто патрабуе большай жорсткасці, а ёсць тыя, хто спрабуе патрэбу ў ідэалагічнай рабоце, спушчаную дзяржавай, перавесці ў нейкае нармальнае русла.
Не дужа разбіраюся ў школьнай праграме — можа, такія факультатывы з’яўляюцца ў ёй перыядычна — і тады ў гэтым няма нічога незвычайнага. Але калі гэта нешта зусім новае — на мой погляд, тое спроба адэкватных людзей у сістэме запусціць курс не пра «гаротнае жыццё беларусаў пад панскай Польшчай» ці якое іншае глупства, а што-небудзь нейтральнае, спакойнае: пра святыні, пра духоўнасць.
Хаця я і не разумею, што можна шасцікласнікам расказваць пра духоўнасць у ВКЛ да XVII стагоддзя — пра карты праваслаўныя, ці што? Але прынамсі, гэта пэўная нейтральная тэма.
— На вашу думку, ці атрымаецца ў дзяржавы выкрасліць з грамадскай памяці нязручныя для сябе моманты на карысць ідэалогіі? У нас зусім пад бокам ёсць страшны прыклад, што такое магчыма і да чаго прыводзіць…
— Выкрасліць нязручныя моманты, відавочна, не атрымаецца. У нас ужо аднойчы іх цалкам выкраслілі, у 1930-я гады, супержорсткім спосабам. І што? І нічога — хоць і не ўсё цалкам, і з пэўным спазненнем, і мы дагэтуль пакутуем ад гэтага, — але так ці інакш, выкрасленае вяртаецца.
Да таго ж не заўжды гэта дзеянні ўлады: калі мы кажам пра гродзенскі помнік — зразумела, што лютуе недзяржаўная суполка «актывістаў», якія сабраліся вакол Бондаравай і якім цяжка адмовіць. Але гэта не зусім дзяржаўная палітыка, проста інерцыя рэпрэсіўнай сістэмы.
Я не кажу, натуральна, што ўсё ў гэтай сферы — але ёсць, за што змагацца і з кім змагацца. Гэтая барацьба з сістэмай заўсёды ішла, мы проста яе працягваем.
Дый нават калі перапішуць падручнікі — хто цяпер толькі іх чытае? Не, школьная адукацыя ўплывае — але людзі выходзяць у дарослы свет і запамінаюць тое, што ім трэба ў дарослым жыцці. І дарослае жыццё істотна карэктуе тое, што расказвалі ў школе. Мне здаецца, тут у нас якраз больш матэрыялаў і больш уплыву, чым у сістэмы.