Чаму сядзіць тройчы апраўданы Галавач? (абноўлена)
Гісторыя галоўнага інжынера МЗКЦ, які ўжо больш за 50 месяцаў сядзіць у СІЗА, цягне не толькі на рэкорд па тэрміне ў зняволенні без прысуду. Гэта яшчэ і рэкорд пракурорскага цынізму.
У лютым 2018 года суд прызнаў галоўнага інжынера Мінскага завода колавых цягачоў Андрэя Галавача невінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. Яго павінны былі вызваліць у зале суда. Радасныя сваякі ўжо спусціліся ўніз, чакаючы сустрэчы. Але да іх выйшлі толькі адвакаты і паведамілі, што Андрэя Галавача затрымалі зноў і прад’явілі новыя эпізоды абвінавачвання.
Андрэй Галавач працаваў на прадпрыемстве з 1984 года. У 2006-м стаў галоўным інжынерам. Пры Галавачу МЗКЦ стаў адным з лідараў у прамысловасці краіны. Сённяшні абвінавачаны прымаў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы рэактыўнай устаноўкі залпавага агню «Паланэз». Той самай, якую цяпер з гонарам дэманструюць падчас ваенных парадаў у Мінску. За распрацоўку колавых шасі і цягачоў чацвёртага пакалення галоўны інжынер і калектыў прадпрыемства ў 2013 годзе нават атрымалі дзяржаўную прэмію.
А ўжо ў 2015-м да яго прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Галоўнага інжынера абвінавацілі ў тым, што разам з двума іншымі фігурантамі ён атрымліваў хабары «за садзейнічанне пры пастаўках на завод рэжучага і дапаможнага інструмента». Галавач узначальваў камісію па закупках і, паводле версіі следства, лабіяваў інтарэсы кампаніі «Рэал», якая працавала з заводам на працягу многіх гадоў. Маўляў, ён свядома не ішоў на прамыя кантракты з вытворцам, а садзейнічаў выбару пасярэдніка.
Следства ўстанавіла больш за 80 эпізодаў атрымання хабару, з якіх 34 ставіліся ў віну галоўнаму інжынеру. Нібыта з 2012 па 2015 год ён атрымаў 180 тысяч дэнамінаваных рублёў. Пры гэтым ні адзін з 86 дапытаных сведак не пацвердзіў, што Галавач лабіяваў нечыя інтарэсы або браў хабар. Нават тагачасны міністр прамысловасці, а цяпер — генеральны дырэктар МТЗ Віталь Воўк у судзе схіляўся да таго, што Галавача абгаварылі.
Урэшце, пасля трох гадоў знаходжання ў СІЗА, галоўнага інжынера прызналі вінаватым, але пасля абскарджвання — апраўдалі. Усяго па гэтай справе суды апраўдвалі Галавача тройчы. Праўда, на волю ён так і не выйшаў: яго зноў затрымалі наўпрост у зале суда пасля абвяшчэння апраўдальнага прысуду. Цяпер Андрэя Галавача падазраюць у тым, што ён з 2012 па 2015 год атрымаў хабар у 70 тысяч долараў.
Затрыманні за хабар кіраўнікоў прадпрыемстваў і чыноўнікаў — не навіна для Беларусі. Але звычайна іх «накрываюць» на месцы злачынства з доказамі гэтага самага злачынства. Вось толькі ў справе Галавача нічога гэтага няма. Усё абвінавачванне грунтуецца на словах чатырох хабарадавальнікаў, пры гэтым адметна, што за ўвесь час працэсу ні адзін з іх не з’явіўся на допыт. То-бок, няма ні відэа, ні аўдыёзапісаў, ёсць толькі людзі, якія заяўляюць, што нібыта перадавалі Галавачу хабары 10–12 гадоў таму.
Дзіўна, што бізнесоўцы, якія адкрыта пра гэта заявілі, не былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці, як таго патрабуе закон. Трое з іх знаходзяцца ў Расіі, і адзін — у Канадзе. Ладна, Канада, але хіба такая вялікая праблема для нашых следчых органаў — запатрабаваць гэтых людзей з суседняй дзяржавы, з якой у нас няма нават межаў? Але чамусьці гэтага не зрабілі. Пытанне — чаму?
Адказ напрошваецца толькі адзін: таму што сапраўдная мэта гэтага працэса — не ўстанавіць справядлівасць і пакараць вінаватых, а кінуць за краты толькі аднаго чалавека — галоўнага інжынера МЗКЦ. Дзе і каму ён перайшоў дарогу, што пракурор так стараецца выставіць яго вінаватым, не прадставіўшы належных доказаў, — гэта ўжо іншае пытанне.
Тым не менш, дзяржабвінаваўца палічыў, што віна Галавача даказаная цалкам, і запрасіў для яго 9 гадоў калоніі. За што — так ніхто з тых, хто сачыў за працэсам, і не зразумеў. Сам пракурор прызнаў, што ў справе маецца блытаніна з датамі здзяйснення злачынстваў, дэталямі нібыта перадачы хабараў, аднак лічыць, што словы хабарадавальнікаў не варта ставіць пад сумнеў, таму што з тых падзей прайшло шмат часу.
І яшчэ адна цікавая дэталь, на якую звяртаюць увагу адвакаты абвінавачанага: не называецца шкода, нанесеная дзеяннямі Галавача. А хіба можа дзяржслужбоўца, перавышаючы службовыя паўнамоцтвы, не нанесці шкоды? Урэшце, галоўны інжынер МЗКЦ больш за год быў у распрацоўцы ГУБАЗіКа, за гэты час «праваахоўнікі» маглі зладзіць мноства аперацый, каб узяць падазраванага на месцы злачынства. Але гэтага не зрабілі. А можа, проста не атрымалася — таму што Галавач сапраўды не браў хабар?
Тым часам супрацоўнікі МЗКЦ пісалі ліст Лукашэнку ў падтрымку Андрэя Галавача. Пад ім сабралі амаль 900 подпісаў — пагадзіцеся, салідная характарыстыка стаўлення калектыву да галоўнага інжынера. Але Галавач працягвае сядзець на Валадарцы пяты год — гэта рэкордны для Беларусі выпадак, кажуць юрысты. Нядаўна суд «не ўбачыў падстаў» змяніць меру стрымання і адпусціць галоўнага інжынера пад хатні арышт.
Яшчэ адной шакуючай навіной стала тое, што ў дачыненні да адваката Галавача ўзбуджаныя дзве крымінальныя справы: па арт. 407 КК (Разгалошванне дадзеных дазнання, папярэдняга следства ці закрытага судовага пасяджэння) і па ч. 2 арт. 295 КК (Незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў). Хаця прозвішча адваката не называецца, МУС пацвердзіла, што гаворка ідзе пра абаронцу галоўнага інжынера МЗКЦ, намесніцу старшыні Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. Імаверна, маецца на ўвазе Вера Арэшка, якая больш за 20 гадоў працуе ў адвакатуры. Паведамляецца, што падчас ператрусу ГУБАЗіК знайшоў у адвакаткі прыдатны для стральбы пісталет «Walter» mod. 1938 (Р.38) і патроны да яго.
Гэтая гісторыя дае падставы меркаваць, што ў справе Галавача не ўсё так проста. Паведамленне насцярожыла нават генеральнага пракурора Аляксандра Канюка. «Узбуджэнне крымінальных спраў у дачыненні да адваката выклікала насцярожанасць у мяне як у суддзі. Я столькі гадоў прапрацаваў суддзёй, ведаю, што гэта такое, гэта выклікала насцярожанасць. Мы вельмі сур’ёзна правяраем справы, распачатыя ў дачыненні да адваката, не выключаю, што там будуць Генеральнай пракуратурай прыняты кардынальныя рашэнні», — цытуе Канюка tut.by.
Ці выплыве на паверхню прычына амаль 5-гадовага зняволення тройчы апраўданага галоўнага інжынера МЗКЦ, пакуль не вядома. Але ўжо цяпер зразумела, што гэта — не шараговая справа аб хабарніцтве, яе карані цягнуцца з вышэйшых кабінетаў беларускай улады.
Прысуд Андрэю Галавачу абвесцяць 19 ліпеня. Якім бы ён ні быў, гэты працэс скончыцца драматычна. Бо нават калі падсуднага апраўдаюць, 5 гадоў жыцця, праведзеных у зняволенні, ні яму, ні яго блізкім, ніхто не верне.
***
Суд Першамайскага раёна Мінска прызнаў Андрэя Галавача невінаватым у атрыманні хабараў і злоўжыванні ўладай. Пасля абвяшчэння прысуду яго вызвалілі.