Зняволенага анархіста Паліенку западозрылі ў «абразе прадстаўніка ўлады»
Крымінальная справа актывіста анархічнага руху Змітра Паліенкі ў пачатку ліпеня была перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд. Але абвінавачанне могуць дапоўніць.
Як расказала Радыё Свабода прадстаўніца прэс-службы Следчага камітэту па Мінску Кацярына Гарлінская, справу Паліенкі вярнулі для дадатковага папярэдняга раследавання ў Заводcкі раённы аддзел менскага СК «з пазнакай аб дачы прававой ацэнкі дзеянням Паліенкі».
Ацэньваць будуць дзеянні, «звязаныя з абразай прадстаўніка ўлады», па выніках можа быць дапоўненае абвінавачанне. Каго і калі мог абразіць Паліенка, не паведамляецца.
Паліенка быў затрыманы 20 сакавіка, яго трымалі пад вартай без выстаўлення абвінавачвання да 5 красавіка (хаця можна толькі 10 дзён). Розныя абвінавачванні аб’ядналі ў адну справу:
- увечары 13 сакавіка, як сцвярджае СК, Паліенка распыліў пярцовы газ з балончыка ў твар чалавеку, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэнне ў пад’ездзе (паводле сяброўкі Паліенкі, гэта была самаабарона — да Змітра чапляўся «п’яны агрэсіўны мужчына»);
- 23 студзеня была распачатая таксама крымінальная справа за графіці «Міліцыянты забіваюць людзей» на будынку ў Заводскім раёне Менску, у якой разам з Паліенкам фігуруюць Яўген Чуліцкі і Настасся Гусева.
Паліенку пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі. Сёлета яго ўжо штрафавалі за «экстрэмісцкую шапку».
У 2016 годзе Паліенку асудзілі за «гвалт або пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў» і «выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару». Ён выйшаў на волю ў кастрычніку 2018 году, праз два з паловай гады зняволення.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала яго вязнем сумлення. Віны ён не прызнаў. Беларускія праваабаронцы патрабавалі вызваліць актывіста. Прысуд яму называлі палітычна матываваным.
У зняволенні Паліенка абвяшчаў галадоўку, патрабаваў аказання медыцынскай дапамогі і права на лісты сябрам. СК сцвярджаў, што галадоўкі не было.