Чаму звальняюцца міліцыянты?
Праваабаронца і былы супрацоўнік праваахоўных органаў Алег Волчак распавядае, чаму праца работнікаў міліцыі абясцэньваецца.
Не так даўно СМІ распавялі аб праблеме, якая ўзнікла ў Барысаўскім РУУС, дзе за месяц заяву на звальненне напісалі 5 чалавек. Яны распавялі, што звольніцца іх прымусіла папяровая валакіта і паказчыкі, якія патрабавала выконваць кіраўніцтва.
Алег Волчак адзначыў:
— Найперш трэба сказаць, што гэта не начальнік райаддзела вырашае, як трэба праводзіць палітыку сілавой структуры. Зверху прыходзіць указанне забяспечваць паказчыкі, а гэта робіцца старым метадам — “палачнай” сістэмай. Мы, праваабаронцы, пастаянна кажам, што ад гэтай сістэмы трэбы адыходзіць, але ж нічога не змяняецца.
Міліцыянты павінны забяспечваць паказчыкі праз пэўную колькасць людзей, якія прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і гэтак далей. Калі не атрымліваецца, значыць, супрацоўнік міліцыі павінен працаваць і ў вольны час.
Натуральна, складваецца канфліктная сітуацыя, і гісторыя ў Барысаве — гэта толькі маленькая частка агульнай сістэмы. А закладнікі тут — шараговыя міліцыянеры. У іх жа нават няма сваіх прафсаюзаў, якія б маглі дапамагчы адстойваць правы работнікаў. Таму міліцыянеры застаюцца сам насам са сваімі праблемамі.
Дарэчы, па некаторай інфармацыі, у рэгіёнах і так 30–40 адсоткаў недахоп участковых міліцыянтаў. Здаецца, трэба трымацца за кожнага работніка, але, як бачым, сістэма працуе па сваіх старых законах. Калі так і далей пойдзе, то хутка у РУУС застануцца працаваць начальнікі і іх намеснікі.
— А чаму вышэйшае міліцэйскае кіраўніцтва не прыслухоўваецца да тых праблем, якія падымаюць нізы?
— Таму што ў такім выпадку трэба будзе ламаць усю сістэму МУС, а гэта ніхто не хоча рабіць. Прасцей звольніць чалавека — і ўсё. Няма чалавека — няма праблемы. Я ўжо не раз казаў, што патрэбна рэформа МУС.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё
Рацыя