Чарговае будаўніцтва ля самых Курапатаў

У зоне рэгулявання забудовы Курапатаў з іх паўднёва-заходняга боку з 18 красавіка мінулага года ўзводзіцца новы вялізны комплекс сервісных паслугаў з крамай, кавярняй, станцыяй тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў і аўтамыйняй.

kurapaty_straceh_1_logo.jpg

Так зараз выглядае будаўніцтва. На другім плане — МКАД, у правым куце зверху — Курапаты


Па замове СТАА “Інвестыцыйная кампанія “Стратэг” праект чатырохпавярховага комплексу ў раёне вуліцы Абрыкосавай — МКАД распрацавала ТАА “ТамерланБудПраект”. Ці будзе збудаванне ўзведзена ў рамках праекту, сказаць цяжка, бо з размовы з будаўнікамі стала вядома пра тое, што ад чацвёртага паверху замоўшчыкі адмовіліся. Аднак і ў існым, “абкарнаным” выглядзе гэтае трохпавярховае збудаванне мае вышыню 10 з паловай метраў.

І хоць зараз на будоўлі зацішша, аднак узвядзенне трохпавярховіка ў зоне рэгулявання забудовы Курапатаў выклікае лагічнае пытанне пра ягоную законнасць.

Аўтар праекту зонаў аховы гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты”, зацверджанага Міністэрствам культуры 1 снежня 2014 года, вядомы беларускі архітэктар-рэстаўратар Вадзім Гліннік паведаміў, што ён прапаноўваў абмежаваць двума паверхамі вышыні новых будынкаў і збудаванняў у зоне рэгулявання забудовы Курапатаў.

Аднак спецыялісты ўпраўлення аховы гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры палічылі інакш. У зацверджаным і апублікаваным тэксце праекту зонаў аховы Курапатаў запісана наступнае: “На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы дазваляецца будаўніцтва будынкаў і збудаванняў з тэхніка-эканамічнымі параметрамі, вызначанымі праектамі дэталёвага планавання прылеглых тэрыторый, не вышэй існуючага будынку гандлёва-забаўляльнага цэнтру “Экспабел” па вуліцы Мірашнічэнкі”.

Вось так. І згадаліся словы былога начальніка ўпраўлення аховы помнікаў і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігара Чарняўскага на сустрэчы прадстаўнікоў грамадскасці з міністрам культуры Барысам Святловым пра тое, што Міністэрства культуры не займаецца аховай помнікаў.

Бо калі новы комплекс сервісных паслугаў не стаяў у яме ўздоўж МКАДу, а на адной вышыні з кальцавой, гэтае збудаванне перашкодзіла б успрыняццю Курапатаў з ускрайку былой вёскі Цна — з паўднёва-заходняга боку ад Народнага мемарыялу.

Няцяжка ўявіць сабе, што праз некаторы час у зоне рэгулявання забудовы можа з’явіцца новы заказчык, які, згодна з дзеючымі рэгламентамі зоны рэгулявання забудовы Курапатаў, узвядзе тут будынак ці збудаванне вышынёю з “Экспабел”. А калі ж такая будыніна будзе месціцца на адным узроўні з кальцавой, тады Народны мемарыял увогуле не будзе бачны з боку Цны. І гэта без уліку дадатковага антрапалагічнага ўціску ад новабудоўляў на Курапаты, чый запаведны лес і так пакутуе ад шкодных выкідаў з боку дзвюх аўтамагістраляў з інтэнсіўным рухам — МКАДу і шашы Заслаўе—Калодзішчы.

Вось чаму грамадскасць патрабуе вяртання, па мажлівасці, да праекту зонаў аховы 2003 года, які забяспечвае існаванне і захаванне Курапатаў і іхнага атачэння з гістарычным ландшафтам,  краявіднымі кропкамі і старадаўнімі дарогамі.

А так па задуме праекціроўшчыкаў
мае выглядаць новы сервісны цэнтр

А так па задуме праекціроўшчыкаў мае выглядаць новы сервісны цэнтр