Гаджэты і дзеці: ці магчымы кампраміс?

Раней прыкметай добрага тону лічылася мець дома шмат кніг, сёння — наяўнасць розных дэвайсаў і гаджэтаў: ноўтбукі, планшэты, смартфоны, розныя прыстасаванні, якія дазваляюць пашырыць магчымасці асноўных прыладаў або якія даюць магчымасць выкарыстоўваць гэтыя прылады ў новай якасці.

2018_12_14_gadjet.jpg

Сёння тата купляе дзіцяці мабільны тэлефон не толькі для таго, каб тое магло звязацца з бацькамі ў патрэбны момант, а яшчэ і для таго, каб дзіця не сумавала, і яму было чым заняцца ў вольны час. А таксама для таго, каб было чым маніпуляваць і караць за дрэнныя ўчынкі або адзнакі.

Да мяне на кансультацыі часта прыходзяць бацькі, дзеці якіх не зусім паспяховыя ў вучобе. Асабліва пасля таго, як паспяховасць значна пагоршылася, прыходзіць устрывожаная маці: «Ратуйце! Дзіця зусім адбілася, не слухаецца, урокі вучыць не хоча!» Задаю пытанне: «А чым тады яно займаецца?» — «Увесь час сядзіць у планшэце ці тэлефоне!»

Узнікае слушнае пытанне: «А што вы робіце ў той час, калі дзіця сядзіць у тэлефоне, а не выконвае хатнія заданні?» Часцей за ўсё, адказ такі — займаюся хатнімі справамі. Сучасныя бацькі — вельмі занятыя людзі. Адпрацаваўшы на вытворчасці або ў офісе, бацькі вяртаюцца дадому, і ім трэба яшчэ шмат чаго паспець зрабіць. У гэтай сітуацыі, каб дзеці не сумавалі, ім падсоўваюць мабільныя прылады, якія могуць хутка зрабіць жыццё малых цікавым. Хочаш — пагуляй у што-не­будзь, хочаш — пачытай, хочаш — паглядзі мультфільм ці відэа стромкага ютубера, які мае мільёны падпісчыкаў. Мноства забаў! Галоўнае — не блытацца пад нагамі і сядзець ціха.

Атрымліваецца, што мы самі прывучаем дзяцей да гаджэтаў і дэвайсаў. Сёння бацькам больш выгадна, каб дзеці знаходзіліся дома, — так за іх менш перажываеш. Ніхто не прычыніць ім зла. Прайшоў той час, калі дзеці гулялі на вуліцы, вучыліся выбудоўваць адносіны з навакольнымі, развіваліся фізічна, будучы пастаянна ў руху. І нікому не прыходзіла ў галаву адказаць на пытанне: «Чым займаешся?» — «Сяджу ў тэлевізары або ў кнігах».

Сённяшнія дзеці таксама гуляюць, але ўжо ў іншыя гульні. Яны таксама маюць зносіны з аднагодкамі, але ўжо інакш, не так, як мы гэта рабілі раней. Для майго дзяцінства найбольшым пакараннем было сядзець дома і не гуляць з сябрамі. Змяніліся ўмовы, а пакаранне засталося тым жа. Цяпер бацькі забіраюць мабільныя прылады і абразаюць сувязь са светам. Асабліва жорсткім такое пакаранне лічыцца ў падлеткаў.

Мне давялося працаваць з адной чатырнаццацігадовай дзяўчынкай, якая ненавідзіць сваіх бацькоў. У яе адна мара: хутчэй скончыць 9 класаў і з’ехаць куды-небудзь вучыцца ў іншы горад, далей ад бацькоў. А яшчэ лепш — на Камчатку, каб не бачыць родных і пазбавіцца ад іх дробязнай апекі. Як вы думаеце, чаму? Аказваецца, бацькі забараняюць хадзіць на вуліцу з сябрамі, забіраюць мабільны тэлефон і адключаюць інтэрнэт! Гэта пазбаўляе яе магчымасці мець зносіны з сябрамі. Дзяўчынка — экстраверт, для яе зносіны — сэнс жыцця. Дый у гэтым узросце вядучай дзейнасцю з’яўляецца не вучоба, а стасункі з аднагодкамі. Праблема — невысокія адзнакі ў школе. Не, яна не двоечніца. Проста вучыцца на тым узроўні, як хочуць бацькі, дзяўчынка не можа. Але затое яна — выдатны валанцёр, ходзіць у тэатральны гурток, займаецца грамадскай дзейнасцю.

Вядома, бацькі павінны кантраляваць сваё дзіця, павінны яго накіроўваць. Але пытанне, якім коштам?

Сёння адзін з дзейсных сродкаў уздзеяння на дзяцей — пазбаўленне мабільнага тэлефона і магчымасці карыстацца інтэрнэтам. Для падлетка гэта тое самае, што адключыць святло ва ўсім доме — сумна і страшна.

Навошта мы купляем дарагія мабільныя тэлефоны, планшэты, ноўтбукі, а потым з імі змагаемся? Мы ж не купляем кнопкавы Nokia, у якім адна функцыя — патэлефанаваць або прыняць званок. Мы купляем айфоны, смартфоны. Мы жывем у свеце вытворцаў і спажыўцоў тавараў. Вытворцы робяць усё магчымае, каб іх тавары раскупляліся. Маркетолагі часта ўздзейнічаюць на пачуцці бацькоў праз дзяцей. У падсвядомасці ўсіх нармальных бацькоў жыве думка: «Я павінен даць сваім дзецям усё самае лепшае, чаго не было ў мяне. Я павінен зрабіць сваіх дзяцей шчаслівымі». Рэклама ўздзейнічае на бацькоў: «Каб вашы дзеці былі шчаслівыя, купіце новы мабільны!» І бацькі бяруць крэдыты, купляюць новыя тэлефоны, каб дзіця было «не горш за іншых». А потым забіраюць дарагую цацку, пазбаўляючы радасці.

У школах зараз таксама забараняюць карыстацца мабільнымі прыладамі — маўляў, дзеці перасталі засвойваць і запамінаць інфармацыю, а толькі спісваюць з рашальнікаў. А яшчэ адцягваюць увагу на розныя паведамленні ў тэлефоне, або, чаго добрага, збіраюць кампрамат на настаўнікаў.

З усіх бакоў праблемы. Усе прылады аб зямлю, далоў шкоднікаў! Што будзем рабіць? Павернем прагрэс у адваротны бок? Жылі ж тысячы гадоў без гэтага! Ці прыстасуемся і зробім гэта карысным для сябе і дзяцей?

img_20191022_105812_logo.jpg


Я думаю, цяпер немагчыма (дый не трэба) знішчаць дэвайсы і адключаць інтэрнэт. Важна знайсці ім правільнае прымяненне ў адукацыі і ў выхаванні дзяцей. А для гэтага не планшэт і не тэлефон павінен сядзець з дзіцём замест бацькоў, а бацькі павінны навучаць і выхоўваць сваіх дзяцей. Ні адна мабільная прылада не навучыць дзіця мець зносіны. Зносінам дзіця вучыцца ў сваіх бацькоў, яно пераймае іх.

Пасадзіўшы дзіця за кампутар або даўшы яму ў рукі тэлефон, мы даем магчымасць хутка атрымліваць задавальненне. А потым думаем, што, калі трэба, націснем на кнопку «выключыць» — і дзіця адразу павернецца да нас і падзякуе за гэта. Не, паважаныя бацькі, вельмі цяжка выйсці са стану, у якім атрымліваеш задавальненне. Знаходзячыся перад маніторам або экранам тэлевізара, мы атрымліваем гармон задавальнення без асаблівага напружання. У гэты момант наш мозг выпрацоўвае дафаміны — нейрамедыятары, прызначэнне якіх — здымаць стрэс і боль. Тут і дарослыя не могуць выстаяць, а дзеці — тым больш. Калі мы выключаем гаджэт дзіцяці хутка і без папярэджання, узровень дафаміну ў дзіцяці рэзка падае, што можа выклікаць нават адчуванне болю. Гэты гарманальны спад і звязаны з ім фізіялагічны дыскамфорт — той самы момант, калі ў дзіцяці пачынаецца істэрыка. Гэта вельмі балючы момант. Таму не раю злоўжываць такімі метадамі барацьбы з гаджэтамі.

Спачатку трэба адцягнуць дзіця ад віртуальнага свету і вярнуць яго ў свет рэальны. Для гэтага трэба пэўны час пабыць побач з дзіцём, паглядзець з ім фільм, пагуляцца. Хопіць некалькіх хвілін, каб далучыцца. Задайце шэраг пытанняў: «Што глядзіш? На якім узроўні гуляеш? Што гэта за персанаж?» і гэтак далей. Як толькі дзіцяці пачынае адказваць вам, яно паступова вяртаецца ў рэальны свет. Дафамін не падае рэзка, бо вы пабудавалі мост паміж віртуальным і рэальным светам.

У гэты момант і можна сказаць, што настаў час вячэраць, рабіць урокі, ці проста нагадаць, што час карыстання гаджэтам скончыўся. Вы зрабілі гэта мякка, і дзіця будзе ў стане вас слухаць і рэагаваць на просьбы. А яшчэ яно можа ўзрадавацца, што маці ці тата звярнулі на яго ўвагу, падзялілі яго захапленне.

І яшчэ. Нашым дзецям давя­дзецца жыць не ў віртуальным свеце, а ў рэальным. У ім трэба мець зносіны з людзьмі, працаваць, а не забаўляцца ўвесь час. І наша задача — навучыць іх сябе абслугоўваць, арганізоўваць сваю прастору, умець адкладаць задавальненне патрэбаў на потым, навучыць крытычна ацэньваць інфармацыю, якую яны атрымліваюць. У дарослым жыцці больш прыйдзецца рабіць таго, што трэба, а не таго, што хочаш. Калі дзіця хоча стаць студэнтам, яму неабходна вучыцца. Калі хоча быць футбалістам, неабходна трэніравацца кожны дзень. Нягледзячы на тое, што гэта не так лёгка і весела, як хацелася б.

Дзеці павінны ведаць межы дазволенага і заслугоўваць жаданага добрымі справамі. Думайце пра тое, што добра для дзяцей, а не пра тое, чаго яны хочуць ці не хочуць. Пазней яны скажуць вам дзякуй за гэта. Ім неабходна гуляць на вуліцы і класціся спаць своечасова, каб на наступны дзень прыйсці ў школу гатовымі вучыцца. Абмяжуйце доступ да гаджэтаў і аднавіце эмацыйную бліз­касць з дзецьмі. Гуляйце з імі ў гульні — лепш у настольныя, ладзьце сямейныя вячэры, разам чытайце кнігі ці глядзіце і абмяркоўвайце фільмы, разам выпраўляйцеся на шпацыр на роварах, разам выконвайце абавязкі па хаце. Навучыце сваё дзіця выконваць манатонную працу з ранняга ўзросту, паколькі гэта — аснова для будучай працаздольнасці.

І самае галоўнае — любіце сваіх дзяцей такімі, якія яны ёсць.