Да Вінчы, грыбы і халакратыя: на Зыбіцкай гутарылі пра навуку
Тым, што ўвечары пятніцы на Зыбіцкай звычайна людна, нікога не здзівіш. Але тое, што моладзь цалкам запоўніла прынамсі тры бары на самай тусовачнай вуліцы сталіцы для таго, каб паслухаць лекцыі з розных галін навукі — як мінімум незвычайна.
У Мінску 3-6 кастрычніка ўпершыню праходзіць Barcamp — серыя канферэнцый свабоднага фармату, якія ствараюць самі ўдзельнікі. Асноўная мэта такіх імпрэз — абмен навуковым досведам і камунікацыя паміж людзьмі. Адметнасць гэткага фармату ў тым, што ён не мае жорсткай арганізацыйнай структуры. «Новы Час» наведаў адно з мерапрыемстваў — Science Bar Hopping, які прайшоў у рэгі-бары «Жеваный крот». Падчас яго даследчыкі з розных краін і абласцей навукі падзяліліся з прысутнымі сваімі напрацоўкамі.
Леанарда да Вінчы: масон, веган, іншапланетнік
Марына Металёва з Цэнтра папулярызацыі навукі (Астрахань) даследуе жыццё генія італьянскага Адраджэння і руйнуе міфы, якімі абрасла постаць вялікага Леанарда.
Першы з такіх міфаў звязаны з тайнай нараджэння вынаходніка і мастака. Напрыклад, многія на поўным сур’ёзе мяркуюць, што Леанарда — чалавек з будучыні, іначай як можна было выперадзіць развіццё навукі і тэхнікі на шмат стагоддзяў наперад? Аднак у фларэнційскім архіве ёсць запісы пра дату нараджэння генія, а таксама захаваўся запіс дзеда Леанарда аб з’яўленні на свет унука ў 1452 годзе.
Не менш таямніц уяўляюць загадкавыя рукапісы вучонага з элементамі візуалізацыі. Яны доўгі час былі схаваныя ад вачэй адмыслоўцаў, і сталі даследавацца толькі ў 19 стагоддзі. Аднак не ўсе з тых, хто іх вывучаў, рабілі гэта ў навуковым рэчышчы, было шмат ахвотных шукаць у іх эзатэрыку. Што праўда, многія рукапісы Леанарда не расшыфраваныя па сённяшні дзень. Блытаніны дадае і тое, што да Вінчы быў леўшуном і пісаў «люстэркава».
Калі стала развівацца матывацыйная літаратура, з’явіліся і кнігі пра тое, як эфектыўна размяркоўваць свой час. Адным з такіх спосабаў стаў поліфазны сон — методыка таго, як можна спаць «дазавана»: напрыклад, 4 гадзіны чування, 1 гадзіна сну. У лагер прыхільнікаў такога сну запісалі і да Вінчы. Але насамрэч Леанарда пра гэта ніколі не казаў. У яго запісах аб здаровым ладзе жыцця сказана, што трэба своечасова класціся спаць ноччу і не варта спаць удзень.
Многія лічаць, што вялікі мастак і вынаходнік быў вегетарыянцам. Але гэта не так, нягледзячы на яго выказванні, што «чалавек — не магіла для жывёл». У часы Леанарда ўвогуле не існавала такой плыні ў харчаванні. Сам ён нават праводзіў досыць жорсткія вопыты над жывёламі, напрыклад, утыркваў трубку ў сэрца жывой свінні і глядзеў, як яно б’ецца і як мяняецца крываток.
А што наконт рэлігійнасці мастака? Усім вядомыя яго карціны на гэтую тэматыку. Але, па словах Марыны Металёвай, рэлігійныя сюжэты Леанарда маляваў на замову, што не дзіўна для яго часу, калі ўлічыць, што самай распаўсюджанай кнігай тады была Біблія. Больш за тое, да Вінчы асуджаў царкву як інстытут, а таксама тых яе прадстаўнікоў, якія мелі супярэчлівыя маральнасці прынцыпы. У той жа час нельга сказаць, што ён быў цалкам атэістычным, зазначыла выступоўца.
«Леанарда быў інтраверт, небагаты чалавек, у чымсьці нешчаслівы, з багацейшай фантазіяй. Але калі чытаеш матэрыялы аб ім, больш спачуваеш яму. У яго не было сям’і, асабістага шчасця, часам ён піша, што не было чаго есці», — падсумавала Марына Металёва.
Стварэнне каманд, якія самаарганізуюцца
Вольга Панамарова з Пярмі ў сваім выступе распавяла пра каманды, якая самаарганізуецца. Такія каманды адрознівае тое, што іх удзельнікі самі фармулююць свае мэты, выбіраюць праекты і прымаюць рашэнні, самі вызначаюць, чаму неабходна навучыцца, колькі і з кім працаваць, а таксама свае каштоўнасці. Пры гэтым кожны чалваек у камандзе ўспрымаецца як асоба, і ўсе разам яны ўяўляюць адзіны арганізм. Выступоўца прывяла прыклад кампаній, якія ўяўляюць сабой самаарганізаваныя каманды і з’яўляюцца паспяховымі ў сферах медыцыны, камп’ютарных гульняў і інш. Асноўная іх рыса — нефармальнасць, свабода і асабістая адказнасць. Самаарганізаваныя каманды грунтуюцца на халакратыі — зводзе правілаў кампаніі, якія падразумляюць, што паўнамоцтвы і адказнасць за прыняцце рашэнняў зводзіцца не да іерархіі, а да ўдзельнікаў каманды.
Каманда, што самаарганізуецца, — эфектыўная. Эфектыўнасць, у сваю чаргу, вызначае псіхалагічная бяспека яе ўдзельнікаў, разуменне таго, што ты робіш і ці атрымліваеш ты задавальненне ад працы. Такім чынам, на думку выступоўцы, каб стварыць паспяховую кампанію ці прадукт, трэба аб’яднаць зацікаўленасць, аўтаномнасць, накіраванасць на агульны вынік, камунікацыю і гатоўнасць дзяліцца ведамі паміж удзельнікамі каманды.
…І некалькі слоў пра грыбы
Дакладней, пра мікрагрыбы распавяла Ганна Барэйка з Інстытута мікрабіялогіі НАН.
«Грыбы растуць марудна, але вельмі агрэсіўна ў пажыўным асяроддзі, вы можаце не заўважыць, як яны запануюць паўсюль», — папярэдзіла мікрабіёлаг і распавяла пра небяспеку фітапатагенных грыбоў.
Гэта тыя грыбы, якія паражаюць расліны, злакі, а таксама развіваюцца на прадуктах харчавання ў выглядзе знаёмай усім цвілі. Так што, калі раптам у вас заплеснела варэнне, нельга здымаць слой цвілі і есці «чыстае» змесціва слоіка. Бо насамрэч увесь прадукт ужо заражаны цвіллю. Таму найлепшы варыянт — адразу выкінуць слоік з сочывам, бо споры вельмі добра жывуць у салодкім асяроддзі, і пры ежы лёгка трапляюць у наш арганізм. Тое ж самае, дарэчы, варта рабіць і з любымі іншымі прадуктамі, на якіх вы заўважыце цвіль. Нельга есці плады раслін, напрыклад, памідораў, на лістах якіх вы заўважыце плямы. Бо можна лёгка атрымаць інфекцыю скуры і нават вачэй (асабліва гэта тычыцца людзей са слабым імунітэтам). Тое самае са злакамі: споры могуць выклікаць інтаксікацыю, рак печані і нават вар’яцтва.
Грыбы вынішчыць вельмі цяжка, таму звязаныя з імі захворванні лепей папярэдзіць, чым лячыць, зазначыла Ганна Барэйка. Яны любяць вільгаць і не любяць спёку, яшчэ больш не любяць холад, таму прадукты пажадана захоўваць у сухіх памяшканнях і ў лядоўні.
У цэлым падчас Science Bar Hopping папулярнай і простай мовай распавядалі пра складаныя рэчы з самых розных навуковых абласцей. Разварушыць мазгі ў нязмушанай атмасферы можна будзе яшчэ і сёння, 6 кастрычніка, у 20.00 у прасторы ОК 16, дзе пройдзе заключнае мерапрыемства Barcamp — батл навукоўцаў Science Slam. Мовы слэму — англійская і руская. Мерапрыемствы ладзяцца пры падтрымцы Brains and Bridges e. V. і Еўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі сумесна з Цэнтрам выяўленчага і медыя мастацтва «Новая культурная ініцыятыва», а таксама пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Германіі.