Да Міжнароднага дня цырка: Адваротны бок цыркавой арэны
У трэцюю суботу красавіка ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень цырка. Свята гэта даволі маладое, першы раз яго правялі толькі ў 2010 годзе, хаця само цыркавое мастацтва бярэ свой пачатак з часоў Старажытнага Рыма.
Для рымлян цырк адыгрываў вялікую сацыяльную ролю. Аднак, нягледзячы на забаўляльны характар відовішч, яны мелі мала агульнага з сучаснымі цыркавымі шоў. На іпадромах ладзілі конныя скачкі і спаборніцтвы ў хуткасці язды на калясніцах, у амфітэатрах праводзілі гладыятарскія баі і траўлю жывёл. Гэтыя жорсткія для ўсіх удзельнікаў відовішчы збіралі тысячы рымлян і лічыліся ледзьве не святочнымі днямі.
Гладыятарскія баі маюць сваё паходжанне яшчэ з этрускай цывілізацыі і пачалі ўкараняцца ў традыцыі Старажытнага Рыма толькі ў 264 годзе да н.э., калі адбыўся першы паядынак трох пар гладыятараў. Праз 50 год баі ўжо насілі масавы характар і маглі працягвацца некалькі дзён. З 105 года да н.э. пачаў фарміравацца асобны сацыяльны клас гладыятараў, а самі баі набылі статус афіцыйнага публічнага відовішча. К канцу ІІ стагоддзя да н.э. у Рыме з'явіліся людзі, у задачу якіх уваходзіла ўтрыманне і навучанне гладыятараў. Яны шукалі на рынках фізічна моцных рабоў, пажадана ваеннапалонных ці злачынцаў, выкупалі іх, навучалі ўсім неабходным навыкам для выступу на арэне, а затым здавалі ў арэнду тым, хто жадаў арганізаваць бой. З цягам часу байцамі станавіліся не толькі рабы ці асуджаныя судом на выхад на арэну, але і прафесіяналы, якія выпускаліся са спецыяльных гладыятарскіх школ. Сярод рымскіх арыстакратаў увайшло ў моду мець сваіх уласных гладыятараў, якія яшчэ выконвалі і ролю аховы.
Нягледзячы на ўсю небяспеку гэтай прафесіі, для многіх удзельнікаў гэта быў адзіны шанс разбагацець і падняцца з сацыяльнага дна.
Не менш папулярным сярод рымлян былі баі гладыятараў з дзікімі жывёламі ці сутычкі паміж звярамі. Лайцы жывёл у літаральным сэнсе спусташалі рымскія правінцыі ў Афрыцы і Азіі, вылаўліваючы сотні львоў, тыграў, ваўкоў, мядзведзяў, кабаноў, бізонаў, сланоў і іншых звяроў, якія пасля гінулі на арэне на задавальненне гледачам і імператарам.
Старажытнарымскія дрэсіроўшчыкі дасягнулі небывалага майстэрства ў працы з жывёламі. Яны прымушалі мядзведзяў хадзіць па канату, запрагалі аленяў у калясніцы, страўлівалі, напрыклад, слана і насарога.
Да канца IV стагоддзя гладыятарскія баі і траўля жывёл паступова пачалі прыходзіць у заняпад, таму што Рымская імперыя цярпела бясконцыя паразы ад «варварскіх» плямён і перажывала эканамічны крызіс. Канчаткова гладыятарскія баі былі забароненыя за 72 гады да распаду імперыі.
Збіраўся народ у цыркі і на гонкі на калясніцах, якія першапачаткова былі складаючай часткай рэлігійна-палітычных урачастасцяў, што суправаджалі вяртанне войска з паходу. Па прыкладу грэкаў рымляне выкарыстоўвалі сістэму стартавых варот, калі калясніцы выстрайваліся ля іх, імператар даваў старт заезду, кідаючы хустку.
У час гонкі каляснічыя абганялі і «падразалі» адзін аднаго, стараючыся выпіхнуць суперніка на раздзяляльны бар'ер, які знаходзіўся пасярод іпадрома і раздзяляў дарожкі. У канцах бар’ера знаходзіліся паваротныя слупы, і часта менавіта ў гэтых месцах здараліся сутыкненні калясніц.
За дзень праводзілася па некалькі дзесяткаў заездаў. Калясніцы звычайна запрагаліся чацвёркай ці парай коней. У якасці каляснічых таксама выступалі рабы, яны мелі спецыяльнае абмундзіраванне, каб абараніць сябе пры сутыкненні ці крушэнні. Калі раб выйграваў шмат заездаў, ён мог выкупіць сваю свабоду, але звычайна працягласць жыцця каляснічага, як і коней, была невысокай.
У Сярэднія вякі значнае развіццё атрымалі містэрыі, і тэатральнае мастацтва прыйшло на змену цыркавому як віду грамадскай забавы.
Адраджэннем цыркаў можна лічыць XVIII стагоддзе, калі ў Францыі на аснове школы верхавой язды пачалі паказваць прадстаўленні з вершнікамі і акрабатычныя нумары. А бацькам класічнага цырку лічыцца Філіп Астлей, які імкнуўся стварыць даступнае для кожнага гледача тэатральнае прадстаўленне, але без лішніх слоў. З цягам часу Астлеі пашырылі шоў балетнымі нумарамі і прадстаўленнямі кітайскага тэатру ценяў. Іх італьянскія пераемнікі Франконі ўдасканалілі цыркавую праграму пантамімай, а таксама вярнулі ў моду барацьбу дзікіх жывёл паміж сабой і з сабакамі.
У нямецкіх цырках ХІХ стагоддзя дэманстравалі акрабатычнае ўменне, балетныя і музычныя нумары, танцы на лёдзе і «страшылкі» чалавечага цела — сіямскіх блізнят ці іншыя ўродствы, якія на той час здаваліся неверагоднымі дзівоцтвамі.
З канца ХІХ стагоддзя ледзьве не галоўнымі артыстамі ў цырках становяцца дзікія жывёлы. У Еўропе сталі распаўсюджаны прадстаўленні вандруючых артыстаў з ручнымі малпамі і танцуючымі мядзведзямі.
Чарговы заняпад цыркам прынеслі Першая і Другая сусветныя войны, калі былі паўсюдна знішчаны цыркавыя будынкі, а большасць артыстаў і жывёл загінулі. Пры адраджэнні цыркавога мастацтва праз недахоп мужчынскага насельніцтва пасля войнаў у шоў прыходзілі жанчыны-артысткі, менавіта таму працяглы час быў вельмі папулярны жанр вар'етэ — танцавальныя і музычныя нумары.
Нягледзячы на ўвесь тэхнічны прагрэс чалавецтва — развіццё тэлебачання, а затым і інтэрнэту, сёння цырк застаецца адным з самых даступных відаў забаў, якія не патрабуюць ад гледача ні інтэлектуальнай, ні душэўнай падрыхтоўкі. Сучасныя цыркавыя шоў здзіўляюць сваёй разнастайнасцю, яркасцю і майстэрствам артыстаў, клоўнаў, жанглёраў, ілюзіяністаў. Як і сотні год таму, асаблівай папулярнасцю ў гледачоў карыстаюцца нумары з дрэсіраванымі жывёламі.
Большасць людзей упэўнена, што выкананне нумароў для цыркавых жывёл звыкла і ім у задавальненне. Але мала хто задумваецца, якіх намаганняў, сілы і здзеку каштуе перавыхаваць дзікую жывёлу, падавіць яе інстынкт, каб у далейшым яна безумоўна падпарадкоўвалася камандам дрэсіроўшчыка.
Чалавецтва прайшло доўгі шлях гуманізацыі грамадства, напрацоўкі вопыту ў правах людзей і правах жывёл, аднак, на жаль, найчасцей апошніх мы асацыюем з хатнімі гадаванцамі — катамі і сабакамі, не надаючы значэння ўмовам утрымання дзікіх звяроў у цырках і заапарках.
На працягу апошніх некалькіх дзесяткаў год міжнародны абарончы рух за правы жывёл актыўна выступае за адмену выкарыстання звяроў у цырках і іншых галінах забаўляльнай індустрыі з-за дрэнных ўмоў іх утрымання ў няволі, жорсткія метады дрэсіроўкі, якія часта суправаджаюцца фізічнымі пакараннямі, голадам і падманам.
Кіраўнік адной зоаабарончай арганізацыі Амерыкі ўпэўнены, што калі б публічна сталі вядомыя факты пра ўтрыманне і выхаванне чатырохногіх артыстаў, то цыркі моцна згубілі б у сваёй папулярнасці, бо на арэне мы бачым гармонію ў адносінах жывёлы і дрэсіроўшчыка, не разумеючы, што ў аснове іх ляжыць гвалтоўны і балючы вопыт.
Калі тыгр скача праз гарачы абруч, робіць ён гэта толькі са страху быць пакараным электрашокерам ці бізуном. Слон, які становіцца на галаву, трымае раўнавагу на пярэдніх ці на задніх нагах, пераносіць каласальныя нагрузкі і траўміруе суставы, якія не разлічаныя на такую вагу. Трэба разумець, што ўсе небывалыя трукі і майстэрства жывёл мы ніколі не ўбачым у натуральных для іх умовах, у дзікай прыродзе.
У Еўропе і Амерыцы перад тым, як патрапіць у цырк, жывёлы праходзяць праз спецыяльныя «фермы», дзе іх трымаюць на кароткай прывязі, ставяць на расцяжку, б'юць, ламаючы волю і закладваючы асновы будучых трукаў. Драпежным жывёлам часта выдзіраюць клыкі і кіпцюры, каб яны не маглі параніць сваіх «гаспадароў». Сланоў збіваюць спецыяльнымі «баграмі» да таго моманту, пакуль яны не пачнуць выконваць каманды.
Не варта забываць, што выступаючы на арэне жывёлы атрымоўваюць і псіхалагічную траўму праз вялікую колькасць людзей, музыкі, шуму і святла. Для многіх дзікіх звяроў можа быць нязвыклым клімат краін, у якіх яны вымушаны выступаць. Акрамя гэтага жывёлы пераносяць вялікі стрэс у час дарогі пры пастаянных пераездах цырка з месца на месца, бо вымушаныя суткамі прастойваць у цесных, цёмных мабільных «вальерах». Таму нярэдка яны гінуць у дарозе ці на самой цыркавой арэне.
Нельга адмаўляць і той факт, што даведзенае да нервовага стану жывёла часта дае адпор, праяўляючы агрэсію ў адносінах да дрэсіроўшчыкаў ці нават гледачоў. Найчасцей «агрэсіўных» і непадкантрольных жывёл забіваюць, прызнаючы іх «бракам».
Аднак, у апошнія гады ў некаторых краінах назіраецца станоўчая тэндэнцыя па частковай ці поўнай забароне выкарыстання жывёл у цыркавых шоў. Пры гэтым самі выступленні не становяцца «бядней», а зусім наадварот, у іх удаецца спалучыць лепшыя традыцыі мастацтва і сучаснасці.
Так, напрыклад, з 2010 года ў Нарвегіі забаронены паказ сланоў, насарогаў і прыматаў, на «пераходны перыяд» па вырашэнню пытання са сланамі цыркам было адведзена 5 год. У Чэхіі забаронены паказ малпаў, цюленяў і кітападобных (за выключэннем дэльфінаў), а таксама насарогаў, бегемотаў і жырафаў.
У Фінляндыі існуе забарона на паказ малпаў, драпежнікаў, сланоў, бегемотаў, насарогаў, сумчатых, цюленяў, кракадзілаў, драпежных птушак, страўсаў, дзікіх жвачных і капытных. У Даніізабаронена ўтрыманне ў цырках многіх дзікіх жывёл, за выключэннем сланоў, марскіх львоў, мядзведзяў, зебр, авечак і птушак. Эстонія і Польша забаранілі працаваць у цырках з дзікімі жывёламі, што нарадзіліся на волі.
У Венгрыі забаронены паказ сланоў, насарогаў і прыматаў, а таксама прыём новых дзікіх жывёл у цыркі. На Мальце і ў Славакіі існуе забарона на выкарыстанне жывёл, якія занесеныя ў CITEC (анг. The Convention on International Trade in Endangered Species of Wild Fauna and Flora — міжнародная канвенцыя, мэтай якой з'яўляецца абарона рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін, заключана ў 1975 годзе). У Балгарыі з 2013 года была ўведзена забарона на паказ нумароў з дзікімі жывёламі, у 2015 годзе павінна быць цалкам вырашана пытанне з утрыманнем жывёл у цырках. У такіх краінах, як Аўстралія, Коста-Рыка, Ізраіль, Сінгапур і Балівія, існуюць цыркі выключна без жывёл.