Даследаванне: больш за палову беларусаў выступаюць за новыя выбары
Сацыёлаг Генадзь Коршунаў вылучыў галоўныя моманты ў новым апытанні, праведзеным нямецкім цэнтрам ZOiS.

Нямецкі даследчы цэнтр ZOiS (Zentrum für Osteuropa — und internationale Studien) прадставіў вынікі другога апытання, праведзенага ў чэрвені 2021 года. Гэта было анлайн-апытанне 2000 чалавек ва ўзросце ад 16 да 64 гадоў, апытанне ахоплівала населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам ад 20 000 чалавек і вышэй, піша «Салідарнасць».
Кандыдат сацыялагічных навук, былы кіраўнік Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Генадзь Коршунаў вылучыў найбольш важныя моманты:
1. За гэты час суадносіны пратэснай і лаялісцкай частак грамадства практычна не змяніліся: крыху больш за палову vs крыху менш за траціну (гадавыя ваганні колькасці гэтых груп менш памылкі выбаркі).

2. Меркаванні адносна прыярытэтаў для развіцця Беларусі таксама засталіся нязменныя. На першым месцы — незалежнасць і суверэнітэт краіны, на другім — сапраўдны ўдзел людзей у палітычным жыцці дзяржавы, на трэцім — падтрыманне годнага ўзроўню жыцця насельніцтва.
3. Галоўным спосабам вырашэння існуючага канфлікту вялікая частка апытаных называе новыя выбары — так лічаць 53 % (у снежні мінулага года такіх было 43 %).
Сацыёлаг звяртае ўвагу, што даныя даследавання ZOiS «больш чым адпавядаюць даным Chatham House і УЦВГД».
Нагадаем, што ў канцы кастрычніка былі апублікаваныя вынікі анлайн-апытання УЦВГД, праведзенага па замове МЗС Расіі ў ліпені 2021 года. У даследаванні прынялі ўдзел 1000 жыхароў буйных гарадоў Беларусі.
Вынікі апытання кажуць пра тое, беларусы лепш за ўсё ставяцца да Віктара Бабарыкі, Марыі Калеснікавай і Святланы Ціханоўскай. Рэйтынг антыгерояў узначалілі Наталля Качанава, Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Макей.
Акрамя таго, паводле даследавання 76% апытаных беларусаў выступаюць за рашучыя эканамічныя рэформы, а 66% — супраць аб’яднання з РФ. Пры гэтым да саюзнай дзяржавы ў большасці ставяцца станоўча.