Такім чынам, 75-гадовы Артэга балатуецца на свой пяты прэзідэнцкі тэрмін. Нягледзячы на тое, што даныя аднаго з апошніх апытанняў паказалі, што аддаць свае галасы за Артэгу збіраюцца менш за пятую частку выбаршчыкаў, чакаецца, што перамога дастанецца менавіта яму.
На крэсла прэзідэнта прэтэндуюць яшчэ пяць кандыдатаў, найбольш вядомыя з якіх прадстаўнік Ліберальнай канстытуцыяналісцкай партыі Уолтар Эспіноса і лідар Нікарагуанскай партыі хрысціянскага шляху Гільерма Асорна, які ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах у 1996 годзе.
Кандыдатаў, дапушчаных на выбары, у апазіцыйна настроеных СМІ называюць «калабарацыяністамі», якія ўдзельнічаюць у «перадвыбарным фарсе». Тым жа, хто, на думку апазіцыі, мог скласці рэальную канкурэнцыю Артэгу, балатавацца не дазволілі.
Улетку ў Нікарагуа былі затрыманыя некалькі апазіцыйных палітыкаў, якія заяўлялі аб намеры змагацца за пасаду кіраўніка дзяржавы. У іх ліку аказаліся журналістка і дачка былога прэзідэнта Крысціяна Чамора, дыпламат Артура Круз, палітолаг Фелікс Марадыага, эканаміст Хуан Себасцьян Чамора і журналіст Мігель Мора Барберэна.
Дачку былога прэзідэнта краіны Віялеты Барыяс дэ Чамора Крысціяна Чамора, якая, паводле некаторых даследаванняў грамадскай думкі, магла стаць фаварытам перадвыбарнай гонкі і галоўным супернікам Артэгі, абвінавацілі ў адмыванні грошай і яшчэ шэрагу злачынстваў.
Напярэдадні дня галасавання апазіцыйныя арганізацыі і актывісты заклікалі да перадвыбарнай забастоўкі і байкоту выбараў. Улады аб'явілі, што для забеспячэння бяспекі ў дзень выбараў па ўсёй краіне будуць задзейнічаны 15 тысяч ваеннаслужачых.
Апошні раз буйныя акцыі пратэсту праходзілі ў Нікарагуа ў 2018 годзе. Іх удзельнікі патрабавалі, у тым ліку, адстаўкі прэзідэнта і арганізацыі датэрміновых выбараў. Пасля таго, як пратэсты былі задушаныя вайскоўцамі, дэманстрацый у краіне практычна не было, а многія апазіцыйныя палітыкі былі вымушаныя пакінуць краіну.
Рэакцыя міжнароднай супольнасці
Пасля падаўлення пратэстаў 2018 года ЗША і Еўразвяз увялі санкцыі ў дачыненні да «адказных за парушэнні правоў чалавека або рэпрэсіі ў дачыненні да грамадства і дэмакратычнай апазіцыі» ў Нікарагуа.
Чакаецца, што пасля сёлетніх выбараў ціск на ўрад Нікарагуа можа быць узмоцнены. Так, напярэдадні агенцтва Рэйтэр паведаміла, што адміністрацыя прэзідэнта ЗША Джо Байдэна разам з замежнымі партнёрамі працуе над падрыхтоўкай новых санкцый супраць Манагуа.
З заклікам падрыхтаваць новыя санкцыі супраць урада Нікарагуа і яго афіцыйных асоб выступілі міністры замежных спраў ЕС. Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль на мінулым тыдні заявіў, што лічыць галасаванне ў Нікарагуа «поўнай фальшыўкай», а да гэтага назваў рэжым Артэгі «адной з самых жудасных дыктатур у свеце».
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен выступіў з заявай, у якой абвінаваціў Артэгу і яго жонку і віцэ-прэзідэнта Мурыльё ў «падрыхтоўцы фальшывых выбараў, якія не выклікаюць даверу».
Сандынісцкая рэвалюцыя
Палітычная кар'ера Артэгі пачалася ў 1967-м, калі ён увайшоў у склад кіраўніцтва прасавецкага Сандынісцкага фронту нацыянальнага вызвалення (СФНВ) і ўзначаліў кампанію гарадскога супраціву, якая складалася ў асноўным у рабаванні банкаў: для рэвалюцыйнай дзейнасці патрэбны былі грошы. Неўзабаве Артэга быў арыштаваны і пасаджаны ў турму.
У 1974 годзе ён быў вызвалены ў абмен на закладнікаў, якія ўтрымліваліся санданістамі. Пасля гэтага ён паехаў на Кубу, якая аказвала нікарагуанскім рэвалюцыянерам усю неабходную дапамогу, і вярнуўся да камандавання паўстанцамі.
Праз пяць гадоў, у 1979-м, сандыністы зрынулі дыктатарскі рэжым дынастыі Сомаса, і Артэга стаў адным з пяці чальцоў новага кіраўніцтва Нікарагуа, а неўзабаве і фактычным кіраўніком краіны. У 1984-м ён правёў выбары і стаў прэзідэнтам, атрымаўшы падтрымку 63 % выбаршчыкаў.
У 1990 годзе ён прайграў прэзідэнцкія выбары Віялеце Барыяс дэ Чамора, якую падтрымліваў антысандынісцкі альянс, які аб'ядноўваў 14 партый, ад кансерватыўнай да камуністычнай.
Вялікую ролю ў паразе Артэгі адыграла і дзейнасць шматлікіх паўстанцкіх рухаў, вядомых пад абагульняючай назвай «контрас» (ад іспанскага La Contra, скарочанага варыянту «руху контррэвалюцыянераў»), якія атрымлівалі грошы і зброю ад аргенцінскага ўрада і ад амерыканскіх спецслужбаў.
Сутычкі сандыністаў з «контрас» забралі жыцці каля 50 тысяч нікарагуанцаў.
Артэга да гэтага часу захоўвае добразычлівае стаўленне да Расіі. У прыватнасці, у 2008 годзе яго ўрад прызнаў незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, якія адкалоліся ад Грузіі.
Невялікая краіна ў Цэнтральнай Амерыцы з таго часу таксама стала адным з найбуйнейшых атрымальнікаў фінансавай дапамогі ад Расіі.
bbc.com