Нікарагуа: выбары або пантаміма?
У нядзелю, 7 лістапада, у Нікарагуа прайшлі ўсеагульныя выбары, вынікі якіх былі даўно прагназаваныя, а вось наступствы дасюль цяжка прадказаць.
Адной з разынак мінулых выбараў з’яўляецца прысутнасць іх назіральнікаў такой экзатычнай краіны, як… Паўднёвая Асеція. Хто не ў курсе, Нікарагуа, хутчэй за ўсё дзеля атрымання нейкіх пернікаў з Масквы, прызнала рэжымы ў Сухумі і Цхінвалі.
У выніку інспекцыі назіральнікі ад Паўднёвай Асеціі паведамілі пра адсутнасць парушэнняў у арганізацыі працэсу волевыяўлення грамадзян. Як вынікае з іх рапарта, «выбарчы працэс прайшоў па ўсіх нормах выбарчага заканадаўства». Але рэзюмэ каўказцаў не адпавядаюць высновам маніторынгу прадстаўнікоў ЗША і ЕС. Яны назвалі галасаванне «пародыяй» і «пантамімай». А таксама абвінавацілі ўлады ў стварэнні «найгоршых умоў» для галасавання.
Відавочна, гаворка пра беспрэцэдэнтную блакіроўку ўдзелу ў кампаніі патэнцыйных супернікаў прэзідэнта Даніэля Артэгі, які пайшоў на чацвёрты тэрмін у тандэме з жонкай Разарыі Мурыльё (тая пажадала пасаду віцэ-прэзідэнта).
Нагадаем, што падчас кампаніі, якая стартавала вясной, кожны з аўтарытэтных апазіцыянераў, які анансаваў жаданне балатавацца, імгненна трапляў за краты. Ці то для перастрахоўкі, ці то ў якасці запалохвання пад каток зачысткі трапілі тры партыі, дзясяткі актывістаў і апошнія рэлікты лакальнай незалежнай прэсы. Усім затрыманым высоўваліся шаблонныя абвінавачанні: пагроза нацыянальнай бяспецы.
Сам Даніэль Артэга ў дзень выбараў заявіў, што падобныя хапуны з’яўляюцца атрыбутам нікарагуанскага суверэнітэту. «Мы, як нікарагуанцы, маем права ўзбуджаць расследаванні супраць тэрарыстаў і абараняць унутраны мір», — заявіў ён.
Усяго 7 лістапада павінны былі выканаць свой грамадзянскі абавязак 4,5 млн. выбаршчыкаў краіны з колькасцю насельніцтва 6,5 млн. чалавек. Яны галасавалі за кандыдатаў на пасаду прэзідэнта, віцэ-прэзідэнта, дэпутатаў Нацыянальнай асамблеі (аднапалатнага парламента) і Цэнтральнаамерыканскага парламента. Акрамя праўладнага альянсу на чале з «Сандынісцкім фронтам нацыянальнага вызвалення» ў кампаніі ўдзельнічалі яшчэ шэсць палітычных партый.
Па паведамленнях дзяржаўных СМІ Нікарагуа, выбаршчыкі ці ледзь не штурмавалі выбарчыя ўчасткі. Замежныя медыя кшталту CNN малююць іншую карціну. Калі верыць ім, людзі напалоханыя і сядзелі па дамах, а чэргі на выбарчыя ўчасткі былі пастановачнымі. Арганізацыя Urnas Abiertas паведаміла, што, паводле дадзеных яе 1450 назіральнікаў па ўсёй краіне, у сярэднім устрымалася ад галасавання астранамічная колькасць выбаршчыкаў — 81,5 працэнтаў!
Зрэшты, рэальнасць такая, што на фінальную калькуляцыю ЦВК падобны байкот, нават калі ён меў месца, не ўплывае. Паводле апошняй інфармацыі, Артэга атрымлівае 75 працэнтаў галасоў пры 65-працэнтнай яўцы.У заходняй прэсе пішуць, што адказнасць за дэманстратыўнае ігнараванне Манагуа дэмакратычных нормаў нясе і Белы дом. Насамрэч, адміністрацыя Байдэна яшчэ ўлетку заявіла, што выбары ў Нікарагуа не адпавядаюць стандартам, і прызнаваць іх яна не збіраецца. Акрамя таго, незадоўга да галасавання з’явілася інфармацыя, што Вашынгтон збіраецца ўвесці санкцыі супраць Артэгі і яго атачэння.
Якія гэта будуць санкцыі — вось сапраўдная інтрыга. Так Вашынгтон можа перагледзець Cafta — пагадненне аб свабодным гандлі паміж ЗША і Нікарагуа. Нікарагуа экспартуе 62 працэнты сваёй прадукцыі ў Злучаныя Штаты і імпартуе 30 працэнтаў спажыванай прадукцыі па льготных тарыфах. Адмена Cafta, як сцвярджае іспанскі El Pais, паставіць краіну на мяжу краху.
Аднак паслядоўнае прымяненне эканамічных санкцый можа настолькі пагоршыць становішча нікарагуанцаў, што справакуе імклівы рост эміграцыі. Маршрут караванаў бежанцаў зразумелы: на Поўнач. Між тым Штаты і так ледзь стрымліваюць міграцыйны націск. Таму Байдэн можа абмежавацца нейкім «глыбокім заклапочаннем». З іншага боку, нерашучасць можа быць успрынятая рэгіянальнымі рэжымамі як прыкмета слабасці Вашынгтона, што выкліча жаданне імпартаваць нікарагуанскія ноў-хаў наконт правядзення выбараў. Дарэчы, магчыма, назіральнікі з Цхінвала зноў будуць запатрабаваныя.
У любым выпадку, на выніковым пратаколе нікарагуанскага ЦВК (дакумент, напэўна, зафіксуе чарговую «элегантную перамогу» Даніэля Артэгі) наўрад ці ўсё закончыцца.