Даследаванне Мінздароўя абвергла статыстыку Мінздароўя

На «Беларусь 1» і АНТ выйшлі сюжэты пра даследаванні Міністэрства аховы здароўя. У ім гаворыцца, што ў краіне папуляцыйны імунітэт да каронавіруса выпрацаваны сярод 40 адсоткаў грамадзян.

Скрыншот з відэа АНТ. Крыніца: mediaiq

Скрыншот з відэа АНТ. Крыніца: mediaiq


Сюжэты выйшлі ў навінах 16 чэрвеня. АНТ паказаў, у якіх рэгіёнах паказчык папуляцыйнага імунітэту вышэй і ніжэй, піша mediaiq.by.

— Самы моцны — у жыхароў Гродзенскай вобласці, а больш за ўсё антыцелаў — у людзей, старэйшых за 70 гадоў. Першы этап даследавання праходзіў з 14 па 19 траўня. Добраахвотнікаў для праверкі антыцелаў набіралі па ўсёй краіне. Агулам ў праверцы даных паўдзельнічалі 12 893 чалавекі, — сказала вядучая праграмы.

На БТ вядучы, у адрозненне ад калегі з АНТ, удакладніў, што даследаванне праводзілі беларускае Міністэрства аховы здароўя сумесна з Расспажыўнаглядам. А таксама дадаў, што, паводле даных СААЗ, парогавы мінімум вар’іруецца ў межах 60 адсоткаў.

— Гэта той бар'ер, які здольны спыніць далейшае распаўсюджванне захворвання, — адзначыў дыктар.

Скрыншот з відэа «Беларусь 1». Крыніца: mediaiq

Скрыншот з відэа «Беларусь 1». Крыніца: mediaiq


Наогул, як напісана на афіцыйным сайце СААЗ, існуюць два шляхі дасягнення калектыўнага імунітэту: масавым вакцынаваннем або ў выніку перанесенай раней інфекцыі.

У Беларусі, паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, на момант выхаду сюжэту прайшлі поўны курс вакцынацыі прыкладна 401 тысяча грамадзян (4,24 адсотка насельніцтва), 702 тысячы атрымалі першую дозу прэпарата і 407 тысяч (4,3 адсотка) перахварэлі з пачатку пандэміі. А даследаванне ведамства паказвае, што антыцелы ёсць прыкладна ў 40 адсоткаў насельніцтва. Атрымліваецца, што больш за 30 адсоткаў (прыкладна 2 мільёны 840 тысяч беларусаў) перахварэлі на COVID-19, але ў статыстыку Міністэрства аховы здароўя так і не трапілі.

Пры гэтым у СААЗ лічаць, што спробы дасягнуць калектыўнага (папуляцыйнага) імунітэту, падвяргаючы людзей ўздзеянню віруса, неэтычныя і праблематычныя з навуковага пункту гледжання.

— Распаўсюд COVID-19 сярод насельніцтва розных узроставых груп і з розным станам здароўя прывядзе да неапраўданых інфекцый, пакут і смяротных зыходаў, — пазначана на сайце арганізацыі.

Да таго ж, міжнародная арганізацыя афіцыйна не заяўляла, што парогавы мінімум, каб выпрацаваць калектыўны імунітэт — 60 адсоткаў прышчэпленых і перахварэлых на каронавірус грамадзян.

— Доля людзей, якім неабходна мець імунітэт для забеспячэння калектыўнага імунітэту, вар’іруецца ў залежнасці ад хваробы. Напрыклад, для забеспячэння калектыўнага імунітэту да адзёру патрабуецца вакцынаваць каля 95 адсоткаў насельніцтва. Астатнія 5 адсоткаў будуць абароненыя дзякуючы таму, што адзёр не будзе распаўсюджвацца сярод вакцынаваных людзей. Для поліяміеліту парогавы ўзровень складае каля 80 адсоткаў. Доля насельніцтва, якая павінна быць вакцынаваная супраць COVID-19 для таго, каб пачаў фармавацца калектыўны імунітэт, невядомая і, верагодна, будзе вар’іравацца ў залежнасці ад супольнасці, вакцыны, груп насельніцтва і іншых фактараў, — пазначана на сайце СААЗ.