Даследчыкі з Беларусі і Расеі перамаглі ў конкурсе працаў пра беларускае замежжа
Падведзены вынікі конкурсу працаў пра беларускае замежжа, які ладзіўся згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына» да 25-годдзя гэтага міжнароднага грамадскага аб’яднання.
Як паведаміла карэспандэнту НЧ старшыня міжнароднага журы конкурсу, даследчыца беларускай эміграцыі Наталля Гардзіенка, пераможцамі сталі даследаванні Вольгі Мярчук (Беларусь) “Эміграцыя насельніцтва з Заходняй Беларусі ў розныя краіны свету ў 1921-1939 гг.”, Аляксея Кухты (Расея) “Я не паляк, а беларус”: паўстанец 1863 г. Мікалай Віткоўскі, яго жыццёвы шлях і навуковыя дасягненні ў Сібіры” і Эмануіла Іофэ (Беларусь) “Арыгінальны талент вучонага, паэта і палітыка” (пра выбітнага дзеяча беларускага нацыянальнага адраджэння, асветніка, даследчыка творчасці Францішка Скарыны Ігната Дварчаніна).
Журы таксама адзначыла працы айчынных адследчыкаў Аляксандра Крука “Мне сняцца сны аб Беларусі…” (пра станаўленне і дзейнасць арганізацыі беларусаў Прыбайкалля), Канстанціна Касяка “Культурніцкая дзейнасць Вацлава Ластоўскага ў Ковенскай Літве” і Марыны Яўсейчык “Вобраз нацыянальнага героя ў перыёдыцы дыяспары”.
Конкурс, у якім узялі ўдзел 13 даследчыкаў беларускай дыяспары з Беларусі, Літвы, Расеі і Украіны, быў абвешчаны “Бацькаўшчынай” з нагоды юбілею дзеля прыцягнення ўвагі да спадчыны беларускага замежжа, вывучэння і папулярызацыі яе дасягненняў як неад’емнай часткі супольнай гісторыі і сучаснасці нацыі.
Як зазначыла Наталля Гардзіенка, паводле агульнага меркавання сябраў журы, большасць прац, дасланых на конкурс, вельмі цікавыя і вартыя публікацыі. “Важна тое, што даследчыкі розных пакаленняў адлюстравалі даваеннае і сучаснае жыццё беларускай дыяспары праз постаці яе асобных дзеячоў і справы асяродкаў эміграцыі ў розных краінах свету. Прычым ў сваіх працах аўтары прадставілі як грамадска-культурніцкую дзейнасць, так і сацыяльныя ўмовы жыцця эмігрантаў, а таксама асаблівасці іх адаптацыі ў замежную рэчаіснасць”, — сказала навукоўца.
Паводле яе словаў, мяркуецца выданне зборніку працаў-пераможцаў конкурсу і ўрачыстае ўганараванне іх аўтараў, якое запланавана бліжэйшым часам у Мінску.
Пазнаёміцца з працамі-пераможцамі і іншымі найбольш цікавымі тэкстамі, дасланымі на конкурс, неўзабаве можна будзе на сайце “Бацькаўшчыны” zbsb.org у радзеле “ЗБС “Бацькаўшчына” — “Да 25-годдзя Згуртавання”.