Для цэлюлознага камбінату ў Светлагорску дагэтуль не распрацавалі методыкі вымярэння шкодных выкідаў
Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат, які рыхтуецца да запуску пасля скасавання дамовы аб будаўніцтве з кітайцамі, дагэтуль не распрацаваў методыкі выканання вымярэння шкодных выкідаў. Гэта вынікае з дакументу, копію якога атрымала Свабода.
![Светлагорскі завод беленай цэлюлозы Светлагорскі завод беленай цэлюлозы](/img/v1/images/aafbfa16_69d4_4e5c_a635_5f3411f36f23_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Светлагорскі завод беленай цэлюлозы
Мясцовыя жыхары амаль два гады скардзяцца на смурод ад заводу. Кіраўніцтва прадпрыемства запэўнівае, што непрыемныя пахі не шкодзяць здароўю.
Дакумент называецца «Пратакол даручэнняў» намесніка прэм’ер-міністра Ігара Ляшэнкі. У ім шэраг заўваг і распараджэнняў, без выканання якіх завод не будзе запушчаны. Свае заўвагі аб новым заводзе зрабілі міністэрствы і ведамствы. Напрыклад, МНС дало 27 заўваг. Паводле «Пратакола даручэнняў», Светлагорскі ЦКК цяпер вядзе працу для іх ліквідацыі.
Адзін з пунктаў пратаколу — даручэнне камбінату «да 20 верасня вызначыць рэальны тэрмін выканання работ у распрацоўцы методык выканання вымярэння рэчываў, якія забруджваюць паветра, і прамысловых выкідаў, з улікам правядзення неабходных дадатковых эксперыментальных даследаванняў».
Таксама пратакол даручэнняў змяшчае патрабаванне да кіраўніцтва Светлагорскага ЦКК падаць спіс спецыялістаў, патрэбных для працы на заводзе; заробак, які можа ім прапанаваць камбінат, і побытавыя ўмовы.
Абяцанні распрацаваць методыкі вымярэння шкодных рэчываў кіраўніцтва камбінату давала неаднаразова. Вымяраць газы, якія даюць смурод, метылмеркаптаны, прыязджалі з расійскай лабараторыі.
Праект будаўніцтва новай вытворчасці ў Светлагорску рэалізуецца з 2010 года. Завод будавалі кітайцы з карпарацыі САМСЕ. Прадпрыемства павінны былі запусціць у 2015 годзе. Пуск шмат разоў пераносіўся, а завод скаланалі скандалы — то кітайцы ўсталююць забракаваную кабельную прадукцыю, то мясцовыя жыхары абурацца смуродам, то частка даху абваліцца. У жніўні 2019 года кантракт з кітайцамі быў скасаваны, цяпер беларусы мусяць самі давесці да ладу «смярдзючы» завод.
Кіраўнік ураду Сяргей Румас абяцае: «Задача, пастаўленая кіраўніком дзяржавы аб уводзе ў эксплуатацыю гэтага заводу ў IV квартале, безумоўна, будзе выкананая».
svaboda.org