«Для іх пырнуць нажом, як аплявуху даць». Памежнік — пра абвастрэнне міграцыйнага крызісу

На мяжы Беларусі з краінамі Еўрасаюза зноў горача. Рэжым Лукашэнкі пайшоў на абвастрэнне міграцыйнага крызісу.

Фота strazgraniczna.pl

Фота strazgraniczna.pl

Польшча фіксуе рэзкую эскалацыю міграцыйнага крызісу на мяжы з Беларуссю. Расце не толькі колькасць спробаў нелегальнага пранікнення ў краіну, але і градус агрэсіі мігрантаў. Выданне Most распытала былога супрацоўніка памежных органаў Беларусі пра абвастрэнне сітуацыі. Віталь (імя змененае) шмат гадоў аддаў пагранслужбе, але звольніўся пасля падзей 2020 года. Цяпер ён знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі.

Польскае памежнае ведамства ўсё часцей стала фіксаваць акты агрэсіі з боку мігрантаў. Яны закідваюць памежныя патрулі камянямі, буйнымі сукамі дрэў і падпаленымі галінамі. А ў апошнія тыдні абралі новую тактыку: псуюць памежныя слупы і пасты, наносяць раненні патрульным. Замежнікі сталі выкарыстоўваць найпростую зброю: рагаткі, нажы, заточкі, пабітыя шкляныя бутэлькі. Каб параніць польскіх вайскоўцаў праз плот, яны прымацоўваюць нажы да доўгіх палках.

Пасля некалькіх інцыдэнтаў, адзін з якіх скончыўся цяжкім нажавым раненнем памежніка, Польшча прыняла рашэнне аднавіць у асобных раёнах мяжы 200-метровую буферную зону.

— Што з сябе ўяўляе мяжа з беларускага боку? Яе можна прайсці без дапамогі памежнікаў?

— Польскі ўчастак мяжы Беларусі ў інжынерным дачыненні аформлены максімальна моцна. Гэта захавалася яшчэ з часоў СССР, калі менавіта гэты ўчастак быў знешняй мяжой Саюза. У параўнанні з Літвой, Латвіяй і тым больш з Украінай ён максімальна ўмацаваны. Таму ў папярэднія гады мігранты калі і выбіралі нелегальны прарыў у Еўропу праз Беларусь, то звычайна ішлі па іншых напрамках. Калі на польскай мяжы лавілі мігранта, гэта была сапраўдная падзея. Былі заставы, дзе па пяць гадоў ніводнага такога інцыдэнту не было.

Найбольш небяспечныя ўчасткі былі на стыках мяжы Беларусі з Украінай і Літвой, так мяжа з гэтымі краінамі не абсталяваная сігналізацыйным комплексам.

Цяпер усё гэта (штурмы мяжы) адбываецца на ўчастку лінейнай заставы. Памежная паласа пазначаная на мясцовасці комплексам інжынерных збудаванняў і загарод. Яго асноўным элементам з'яўляецца сігналізацыйны комплекс. Сістэмы могуць быць абрыўныя, яны спрацоўваюць на замыканне, а таксама індукцыйныя, оптавалакновыя — у любым выпадку памежнікам стане вядома, што ў памежнай паласе хтосьці ёсць. Трывожная група заставы адразу выязджае на ўчастак, які «спрацаваў». Такога не можа быць, што 200 чалавек знаходзяцца ў лесе і застава іх не бачыць.

Акрамя таго, там мноства інжынерных загарод. І спіралі Бруна, і спатыкачы, і іншае.

Трапіць у гэтую паласу проста так немагчыма. Там плот, калючы дрот, потым кантрольна-следавая паласа.


Крыніца: Straż Graniczna [ youtube ]

Нават да 2021 года ўсе вельмі рэдкія, адзінкавыя спробы пранікнуць нелегальна з Беларусі ў Польшчу абапіраліся на дапамогу нейкіх людзей — напрыклад нейкага былога салдата, які ведаў участак сваёй заставы. Але і тады гэтыя спробы ў большасці выпадкаў былі разлічаныя на рывок. Гэта значыць не на тое, што мігранта не засякуць, а на тое, што ён паспее праскочыць хутчэй, чым да яго дабярэцца трывожная група. Пераадолець гэтую паласу шырынёй ад 500 метраў да 3,5 кіламетра — мы гаворым пра хвіліны ці дзясятках хвілін.

Ды і то мігранты часта блукалі. Гэта ж лес, мясцовасць не праглядаецца. А цяпер мы бачым мігрантаў, якія сотнямі бягуць да плота з вялізнымі лесвіцамі, па якіх пералазяць яго. Рывок з лесвіцай немагчымы.

Акрамя вайсковага кампанента — гэта значыць інжынернага абсталявання мяжы і службы паганічных нарадаў — ёсць аператыўны. Гэта праца з насельніцтвам. Калі мясцовыя жыхары бачаць чужынцаў, яны заўсёды паведамляюць памежнікам. Мы заўсёды працавалі з мясцовым насельніцтвам, ва ўсіх былі кантакты памежнікаў. Асабліва тут, на польскім напрамку, насельніцтва было вельмі дысцыплінаваным. Немагчыма ўявіць, каб столькі замежнікаў блукала ў той мясцовасці і ніхто пра іх не далажыў.

— Навошта мігранты шпурляюць у польскіх патрулёў палкі і камяні?

— Калі мы бачым, як 5-10 чалавек шпурляюць гэтыя палкі, мы разумеем, што яны, хутчэй за ўсё, мяжу цяпер не перасякуць. У дадзены момант яны прыцягваюць да сябе ўвагу і адцягваюць на сябе сілы памежнікаў. Гэта робіцца для таго, каб нейкая маленькая група на іншым участку магла пералезці праз плот або рассунуць яго дубцы. Працягласць мяжы каля 400 кіламетраў, Польшча не можа выставіць памежніка на кожным метры.

— Што гэта за людзі, якія са зброяй прыкрываюць праход мігрантаў з беларускага боку?

— Гэта было падобна на рагатку. Наўрад ці хтосьці дазволіць там выкарыстоўваць «агнястрэл». Але паляўнічай рагаткай з жалезным падшыпнікам, нармальнай гумкай можна забіць чалавека — пры трапленні ў твар, у вока. Калі патрапіць у цела, у вопратку — наўрад ці, але раненне можа быць дастаткова сур'ёзным. Што тычыцца дзеянняў магчымых супрацоўнікаў, то мне падалося, што тут больш мітусні, чым дзеяння. Глядзець на гэта ўсё, вядома, брыдка на арганічным узроўні.

— Чаму мігранты сталі выкарыстоўваць нажы? Беларускія памежнікі ў курсе?

— Тут два варыянты. Гэта можа быць спантанная акцыя мігрантаў, ужо азлобленых. Многія ўжо месяц жывуць у гэтым лесе, брудныя, нямытыя, смярдзючыя, усё ў кляшчах, з кучай хвароб. І ў іх, дапусцім, жонка ці дзіця яшчэ дзесьці ў такім жа становішчы. Яны на нервах.

Гэтыя хлопцы — своеасаблівы кантынгент. У іх розны жыццёвы вопыт, і ў некаторых ён вельмі складаны. Там шмат людзей, якія на войны наглядзеліся, на адрэзаныя галовы. І для іх пырнуць нажом чалавека — як для каго-небудзь даць аплявуху хулігану, для іх гэта не з'яўляецца нейкім табу.

І другі варыянт — што гэта была правакацыя.

— Мігранты маглі выйсці з-пад кантролю беларускіх сілавікоў?

— Не. Пры жаданні іх там закантралююць за пару дзён. Калі трэба будзе, яны будуць строем хадзіць.

— Чаму адны мігранты перасякаюць мяжу, а іншым адводзяць ролю штурмавікоў?

— Могуць быць розныя ўмовы. Хтосьці больш плаціць і адразу трапляе ў групу на пераход. Камусьці кажуць, што спачатку трэба пабыць у штурмавой групе, тады трэба заплаціць менш.


Глядзіце таксама

— Штодня ў Польшчы фіксуюць дзясяткі і нават сотні спробаў нелегальна перасекчы мяжу. Няўжо столькі мігрантаў можна размясціць?

— Лёгка. У залежнасці ад заставы і 100 чалавек могуць жыць. Умовы будуць не вельмі, але камфортней, чым у лесе. Іх размесцяць, вада будзе, ежы падвоз будзе, магчымасць памыцца і нават нейкая медыцына прымітыўная будзе.

— Як паводзяць сябе польскія памежнікі?

— Часцяком заўважаў, што яны часам паварочваюцца да плота спіной. Гэта небяспечна. Магчыма, гэта кажа пра стомленасць, бо так доўга гэта працягваецца. Момант, дзе памежніца аказвае дапамогу параненаму салдату. Яна павернутая спіной да плота, хоць з таго боку ў яе ляцяць бярвёны.

— Польшча ўводзіць буферную зону. Гэта дапаможа?

— 200 метраў—гэта хвіліна вельмі павольнага бегу. Нават пешшу пройдзеш.

— А што дапаможа?

— Рэдка хто з мігрантаў бяжыць, «абы перабегчы». Як правіла, па той бок мяжы іх сустракаюць. Яны бягуць у свае дыяспары, у свае абшчыны. Яны тэлефануюць сваім людзям у Германіі і іншых еўрапейскіх краінах, наўрад ці ў Польшчы. Тут далёка не самыя камфортныя ўмовы для мігрантаў. Таму трэба змагацца з інфраструктурай незаконнай міграцыі па гэты бок мяжы. Пачытайце эмігранцкія чаты. Там пастаянна размяшчаюць аб'явы: тут патрэбен кіроўца, там патрэбен кіроўца. Зразумела, што гэта шукаюць кур'ераў. Мне здаецца, гэта можна ўзяць пад кантроль.