«Два гады турбулентнасці не закранулі жаданне людзей дапамагаць». Што ў Беларусі з дабрачыннасцю?
За два гады пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ліквідавалі дзясяткі арганізацый, якія займаліся дапамогай беларусам з асаблівымі патрэбамі. Як гэта паўплывала на сістэму дабрачыннасці ў цэлым? Ці сталі беларусы менш ахвяраваць тым, хто не можа дапамагчы сабе сам? Ці наадварот — на хвалі салідарнасці больш актыўна сталі дапамагаць іншым?
DW паразмаўляла пра гэта з прадстаўнікамі сферы.
Магчымасцяў для збору сродкаў стала яшчэ менш
У чэрвені Павел (імя зменена) пачаў дабрачынны збор на куплю электракаляскі. За некалькі тыдняў яму ўдалося сабраць усяго 7% ад патрэбнай сумы — каля 1400 беларускіх рублёў (каля 540 еўра). Шмат гэта ці мала, ён пакуль ацаніць не можа: ніколі раней зборы не вёў.
Менеджар па зборах Дар'я Царык гаворыць: у сваёй практыцы яна не бачыць, што беларусы сталі менш ці радзей ахвяраваць, а дабрачынныя зборы — ісці павольней. «Усе прыватныя зборы, з якімі я мела справу, закрываліся (неабходная сума была сабраная. — Рэд.). Два гады турбулентнасці не закранулі жаданне людзей дапамагаць», — лічыць Дар'я Царык.
Але саміх магчымасцяў для адраснай дапамогі за мінулыя два гады стала істотна менш. Улетку 2020 года ліквідавалі фандрайзінгавыя пляцоўкі Ulej.by і «Мола-Мола», якія былі зручным інструментам для прыватных збораў на медыкаменты і медабсталяванне. «Цяпер гэтая магчымасць для прыцягнення сродкаў моцна абмежаваная», — кажа Дар'я.
У 2021 годзе закрылі платформу «Імёны», што, на думку Дар'і Царык, стала вялікай стратай для сферы дабрачыннасці. «З пункту гледжання сістэмнай дапамогі гэта быў прафесійны і этычна пісьменны праект. Ліквідацыя платформы — істотны ўрон», — кажа Царык.
Закон першасны, а з ім у Беларусі складана
Дар'я Царык перакананая, што ў любой сферы першасны закон, а ён у Беларусі не спрыяе развіццю сферы дабрачыннасці.
Па-першае, любая арганізацыя, якая прымае ахвяраванні з-за мяжы — будзь то адзін долар ці дзесяць тысяч — абавязана рэгістраваць перавод у дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці. Гэта, з аднаго боку, дае дзяржаве кантроль над усімі грашовымі патокамі, з другога — абмяжоўвае магчымасці для прыцягнення бязвыплатнай дапамогі.
Па-другое, у многіх краінах заканадаўства ўладкавана так, што бізнесу выгадна займацца дабрачыннасцю. Напрыклад, кампаніям даюць падатковыя льготы, а дзяржава такім чынам здымае з сябе частку сацыяльнай нагрузкі. У Беларусі з гэтым складана, кажа Дар'я.
Паводле яе слоў, «самацэнзура дабрачыннай сістэмы на прыём ахвяраванняў з-за мяжы — гэта, напэўна, асноўны фактар, з-за якога і раней, і ў бліжэйшыя гады будзе складана збіраць грошы ў патрэбным аб'ёме». Сёння фонды не пакрываюць і 1% патрэбнасці ў зборах, прыводзіць даныя Дар'я.
Выпрабаванне пандэміяй
«Мне здаецца, феномен беларускай дабрачыннасці заключаецца менавіта ў тым, што, дзякуючы складаным умовам, у якіх яна існавала ўсе гэтыя гады, удзельнікі сферы навучыліся выжываць», — кажа Дар'я Царык. Цяперашнія ўмовы дэфіцыту сродкаў для іх не новыя.
Паводле яе вопыту і назіранняў, складанасці ў сферы дабрачыннасці пачаліся з прыходам пандэміі: «Ніхто не адчуў уздзеянне 2021 года і тым больш 2022-га менавіта таму, што ўжо на той момант многія былі ў стрэсавым стане: даходнасць кампаній-партнёраў упала, яны стратэгічна пераглядалі свае магчымасці і скарачалі выдаткі, у тым ліку на бязвыплатную спонсарскую дапамогу. Ведаю, што некаторыя калегі страцілі вялікую колькасць кампаній, якія дапамагалі. Але заўсёды знойдзецца іншая кампанія. Пытанне толькі ў жаданні дыверсіфікаваць крыніцы сваіх паступленняў».
Пастаянныя партнёры застаюцца
Фонд «Шанц» працуе ў Беларусі з 2008 года. Ён аказвае дапамогу дзецям з рознымі захворваннямі і медыцынскімі патрэбамі па ўсёй Беларусі, таксама ў яго ёсць прадстаўніцтва ў Літве. За 14 гадоў фонд сабраў амаль 19 мільёнаў долараў і дапамог 120 дзецям.
Падзеі апошніх двух гадоў адбіліся на працы фонду наўпрост. Да прыкладу, у гэтым годзе «Шанц» упершыню застаўся без спонсарскай дапамогі «Белгазпрамбанка», які на працягу 13 гадоў быў адным з галоўных партнёраў.
«Вядома, мы чакаем, што ў будучыні зможам супрацоўнічаць з "Белгазпрамбанкам", таму што гэта каштоўны для нас вопыт. Цяпер нашым генеральным партнёрам стаў "Газпрам Трансгаз Беларусь", дзякуючы яму мы застаемся ўстойлівымі», — распавядае Наталля Маханько, дырэктарка Фонду «Шанц».
На працягу месяца ў фонд паступаюць ад 10 да 25 запытаў аб дапамозе. Звычайна толькі на адзін з іх «Шанцу» даводзіцца весці збор-пакрыць патрэбы астатніх, як правіла, атрымліваецца са сродкаў звычайных грамадзян і партнёраў — юрыдычных асоб, якія аказваюць бязвыплатную спонсарскую дапамогу. Колькасць гэтых арганізацый за апошнія два гады значна зменшылася. Наталля прыводзіць такую статыстыку: у 2020 годзе ў іх было 204 партнёра, у 2021-м іх стала 170, цяпер колькасць юрыдычных асоб, якое іх падтрымлівае, скарацілася да 90.
«Але радуе, што 76% нашых партнёраў застаюцца з намі надоўга. Гэта значыць, аказаўшы адзін раз дапамогу нашым падапечным, яны працягваюць рабіць гэта і ў далейшым. Так, цяпер да нас прыходзіць мала новых арганізацый. Прычыны розныя — ад наступстваў пандэміі да складанасцяў у бізнесе ці нават яго ліквідацыі. Але буйныя юрыдычныя асобы, індывідуальныя прадпрымальнікі, якія даўно на беларускім рынку, усё ж застаюцца», — кажа Наталля.
Колькасць ахвяраванняў ад прыватных асоб упала ў два разы
У 2022 годзе значна ўпала колькасць ахвяраванняў ад прыватных асоб, працягвае яна. У 2020-2021 гадах іх было больш за 33 тысячы. У першай палове гэтага года колькасць ахвяраванняў стала ў два разы менш, хоць у грашовым выражэнні сумы засталіся практычна ранейшымі: «У два разы менш грошай не стала, але тэндэнцыя, вядома, трывожная. Пакуль мы спраўляемся, яшчэ не было такога, каб мы не змаглі сабраць дзіцяці грошы».
Ёсць у мінулых двух гадоў і менш відавочны эфект. А менавіта — з-за закрыцця СМІ стала складаней распаўсюджваць гісторыі падапечных. «Цяпер гэта магчыма ў асноўным праз уласныя сацыяльныя сеткі і мэсэнджары. На жаль, пазіцыянаваць сябе на тым полі, дзе раней нас вельмі добра чулі, стала значна складаней», — канстатуе Наталля.
Яна не рызыкуе рабіць прагнозы, як далей будзе развівацца сфера дабрачыннасці, і не дае адказу на пытанне, што трэба змяніць у гэтым полі, каб працаваць было прасцей і больш эфектыўна.
«На жаль, мы зараз знаходзімся ў невядомасці: што далей? Што будзе з эканамічным развіццём, даходамі людзей, прыбытковасцю бізнесу? Калі раней мы назіралі тэндэнцыю на павелічэнне збораў, то цяпер выйшлі на плато. Магчыма, яно будзе доўжыцца год, два, пяць. Галоўнае, каб не адбылося рэзкага падзення», — кажа Наталля Маханько.