Дзіўнае сяброўства з Расіяй

Калі ўзгадаць прымаўку пра тое што любыя сварацца — толькі цешацца, то гэта не пра саюз Беларусі і Расіі. На тыдні нашы краіны зноўку «абмяняліся кампліментамі» і выразамі незадаволенасці. Зноў у нас шмат крыўдаў адзін на аднаго.

Беларусь «занадта доўга рыхтуецца» да прызнання незалежнасці Абхазіі. Такую заяву агучыў спікер Дзярждумы Расіі Барыс Грызлоў 18 мая на брыфінгу ў Сухумі.



192fc044e74dffea144f9ac5dc9f3395.jpg

Калі ўзгадаць прымаўку пра тое што любыя сварацца — толькі цешацца, то гэта не пра саюз Беларусі і Расіі. На тыдні нашы краіны зноўку «абмяняліся кампліментамі» і выразамі незадаволенасці. Зноў у нас шмат крыўдаў адзін на аднаго.
Беларусь «занадта доўга рыхтуецца» да прызнання незалежнасці Абхазіі. Такую заяву агучыў спікер Дзярждумы Расіі Барыс Грызлоў 18 мая на брыфінгу ў Сухумі.
Паводле слоў Грызлова, ужо зроблены «пэўныя захады на парламенцкім узроўні, і дэлегацыі парламента Рэспублікі Абхазія нададзены статус пастаяннага назіральніка ў парламенцкім сходзе Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі». Спікер Дзярждумы таксама зазначыў, што абхазская дэлегацыя ўжо ўдзельнічала ў працы другой сесіі, прычым «не толькі назірала, але і раілася, кансультавалася».
«Рашэнне пытання ў першую чаргу залежыць ад прызнання Абхазіі з боку другой саюзнай дзяржавы — Рэспублікі Беларусь. Я размаўляў з калегамі з беларускага парламента, яны гатовы разгледзець гэтае пытанне. І прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка казаў, што, безумоўна, прызнанне будзе. Але мне здаецца, што Беларусь занадта доўга рыхтуецца да гэтага пытання», — заявіў Грызлоў.
На што Грызлову быў дадзены адказ у традыцыйным беларускім стылі: «Мы самі з вусамі, і большымі, чым у вас». «Прызнаваць ці не прызнаваць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі — гэта выключна права Рэспублікі Беларусь. У нас цесныя адносіны з абхазскім і паўднёваасецінскім народамі, якія не патрабуюць пасярэднікаў у чыім небудзь абліччы. Беларусы самі прымуць рашэнне. І гэта будзе рашэнне, якое не расколвае наша грамадства», — заявіў старшыня савету рэспублікі Барыс Батура.
Дадаў копаці і беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі. Ён, бачце, занепакоены невыкананнем шэрагу палажэнняў плана сумесных дзеянняў урадаў Беларусі і Расіі па пераадоленні наступстваў сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу. Пра гэта ён заявіў 19 мая на сустрэчы з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Паўлам Барадзіным напярэдадні запланаванага на 28 мая ў Мінску пасяджэння саюзнага Саўміна.
«На жаль, эксперты пакуль не знаходзяць варыянты вырашэння тых даручэнняў, якія прэм’еры далі ў мінулы раз, падпісаўшы антыкрызісны план», — заявіў Сідорскі. «Рассельгасбанк» не крэдытуе беларускую тэхніку. Гэта значыць фактычна пастаўкі тэхнікі па прамых дамовах абмежаваны. Ён зазначыў, што з-за ўплыву фінансавага крызісу тавараабарот паменшыўся на 40 працэнтаў і працягвае зніжацца. «Пакуль не адчуваецца замацавання нашых дамоўленасцей на папярэднім саюзным Саўміне. Гэта выклікае занепакоенасць», — заявіў Сідорскі. Паводле слоў прэм’ера, ёсць шэраг пытанняў, вырашэнне якіх беларускі бок хацеў бы актывізаваць. «На двары май, а мы дамаўляліся, што ў першым квартале гэтага года закончым працу па плане сумесных антыкрызісных мерапрыемстваў», — зазначыў ён.
Чым адказала Расія? З 1 ліпеня цана на газ для Беларусі складзе прыкладна 200–205 долараў ЗША за тысячу кубаметраў. Пра гэта паведаміў першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка, выступаючы 20 мая на пленарным пасяджэнні ў межах Беларускага прамысловага форуму ў Мінску.
Нагадаем, у разліках кошту газу для Беларусі на 2009 год прадугледжана яго паэтапнае паніжэнне з улікам сусветнага падзення цэн на нафту. Гэта ўрэгулявана дадатковым пагадненнем да кантракта на пастаўку газу ў Беларусь у 2007–2011 гадах, якое «Газпром» і «Белтрансгаз» падпісалі ў пачатку лютага. Але зараз ніякага зніжэння не адбываецца. Дакладная цана, па якой Беларусь купляе газ цяпер, афіцыйна не называецца. Паводле некаторых звестак, гэта прыблізна 147 долараў за тысячу кубаметраў.
Як тут не ўзгадаць «Брыльянтавую руку»: «А калі не будуць браць, — адключым газ!». Да адключэння справа пакуль не дайшла, але з такім перамоўным працэсам да гэтага засталося пару крокаў.
Затое ў чым мы наперадзе ўсяго свету, — дык гэта, як казалі ў СССР, па «гонцы ўзбраенняў». 19 мая ў Мінску адкрылася V Міжнародная выстава ўзбраення і ваеннай тэхнікі Milex–2009. У ёй бяруць удзел 145 экспанентаў з васьмі краін, у тым ліку Беларусі, Расіі, Украіны, Арменіі. На асобным стэндзе працуюць прадстаўнікі ўсіх дзяржаў — сябраў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы. Выстава размясцілася на плошчы прыкладна 6 тысяч квадратных метраў.
Адкрываючы Milex–2009, прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі зазначыў, што «выстава можа лічыцца візітнай карткай абароннай прамысловасці краіны і заклікана адыграць значную ролю ў інфармаванні грамадскасці аб магчымасцях абароннага комплексу». Паводле яго слоў, мэта выставы — дэманстрацыя перадавых дасягненняў Беларусі ў галіне распрацоўкі, вытворчасці, рамонту і мадэрнізацыі ваеннай тэхнікі. Прадстаўленыя ўзбраенні, ваенная і спецыяльная тэхніка створаныя на аснове новых інфармацыйных і тэлекамунікацыйных тэхналогій, зазначыў прэм’ер.
У цырымоніі адкрыцця выставы таксама ўзялі ўдзел дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Юрый Жадобін, кіраўнікі беларускіх органаў дзяржкіравання, дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Павел Барадзін, а таксама прадстаўнікі замежных дэлегацый. Дэлегацыю Украіны і Судана ўзначальваюць міністры абароны, Кітая — начальнік галоўнага ўпраўлення ўзбраення і ваеннай тэхнікі НВАК, Азербайджана і ААЭ — начальнікі генеральных штабоў, Ірана, Таджыкістана, Турцыі — намеснікі міністраў абароны. На адкрыцці таксама прысутнічалі прадстаўнікі ваенных ведамстваў Інданезіі, Лівіі, Малайзіі, Амана, Перу, Сірыі і шэрагу іншых дзяржаў.
Такім чынам, нашая ваенная моц будзе прадэманстравана ўсяму свету. Толькі б была ад гэтага нейкая карысць...
Ну і, канешне ж, працягваем гандлявацца з Еўропай. Беларусь можа разгледзець пытанне пра ўвядзенне мараторыя на пакаранне смерцю, лічыць намеснік старшыні камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Анатоль Глаз. Паводле яго слоў, цяпер «можна прапрацаваць заканадаўчыя асновы па ўвядзенні мараторыя на пакаранне смерцю».
Анатоль Глаз падкрэсліў, што станоўчае вырашэнне пытання з увядзеннем мараторыя дазволіць «лягчэй наладжваць» дыялог з дзяржавамі Еўропы. Карацей, аніякага гуманізму — толькі бізнес.