«Дзеці пачынаюць бачыць іншых дзяцей»

Валожын — адзін з пяці пілотных гарадоў, у якім прымяняюцца ідэі Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў, што была падпісаная Беларуссю 28 верасня 2015 года. Працоўная група на працягу васьмі месяцаў падрыхтоўвала глебу дзеля таго, каб прымяняць канвенцыю на практыцы. Гэтая кампанія называецца «Павестка 50».

Валожынская працоўная група

Валожынская працоўная група

Дзеля чаго патрэбна «Павестка 50»?

«Цяпер я ведаю, што ёсць спецыяльная кніга, у якой напісана ўсё пра людзей з інваліднасцю, — кажа Арцём, выхаванец дзіцячага дому-інтэрната ў Івянцы. — Пакуль шмат яшчэ чаго не разумеем і саромеемся запытаць. Але на наступнай лекцыі будзем задаваць пытанні!»

Так Арцём сказаў пра трэнінгі, якія праводзіліся ў інтэрнаце ў межах кампаніі «Павестка 50». Праектная каманда правяла шэраг мерапрыемстваў для таго, каб праінфармаваць людзей з інваліднасцю і лакальную супольнасць пра Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю.

Праект «Павестка 50», які рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза, пачаў дзейнічаць у Валожынскім раёне восем месяцаў таму. Каб пачынаць рэалізоўваць ідэі Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю, былі абраныя пяць пілотных гарадоў: Стоўбцы, Бабруйск, Столін, Шчучын і Валожын.

Дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі распавёў, з чаго пачалася задума кампаніі ў рэгіёнах Беларусі. «Мы глядзелі, як у іншых краінах Канвенцыя прасоўваецца па рэгіёнах. Часта бывае, што кажуцца прыгожыя словы, а на практыцы атрымліваецца па-іншаму. Таму і з’явілася «Павестка». Лічба «50» у назве праекту — колькасць артыкулаў Канвенцыі. І сэнс «Павесткі 50» у тым, каб кожны артыкул Канвенцыі мог рэалізоўвацца на мясцовым узроўні. Нам трэба ісці двухбаковым рухам: з аднаго боку, дзяржава мусіць выконваць свае абавязкі, а з іншага — грамадства павінна прымаць удзел у інклюзіі. Трэба, каб абодва бакі ішлі насустрач адзін аднаму».

Кампанія «Павестка 50» — гэта своеасаблівая стратэгія таго, як канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю можна ажыццявіць у рэгіёнах. Галоўная задача — зрабіць запісаныя ў канвенцыі прынцыпы звычайнай штодзённасцю.

Па словах Сяргея Драздоўскага, у Валожыне ёсць актыўныя людзі, якія падхапілі праект. Усе мерапрыемствы рабіліся, каб Валожын паступова станавіўся больш інклюзіўным, а канвенцыя — больш рэальнай.

Выхаванец Івацэвіцкага інтэрнату Арцём

Выхаванец Івацэвіцкага інтэрнату Арцём


Як ішла праца?

Згодна статыстыцы, у Валожынскім раёне пражываюць 2421 чалавек з рознымі групамі інваліднасці.

Калі Валожын быў абраны пілотным горадам, там адразу арганізавалася працоўная група. У яе ўвайшлі прадстаўнікі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, Беларускае таварыства інвалідаў, БелАПДІіМІ, людзі з інваліднасцю, прадстаўнікі дзяржаўных арганізацый, эксперты. Гэтая група распрацоўвае дакумент, які дапамагае імплементацыі Канвенцыі.

Адна з галоўных праблем, якая высветлілася на працягу працы над праектам, — сацыяльныя прымхі ў адносінах да дзяцей з інваліднасцю. Улічваючы, што галоўным інструментам па ажыццяўленні пастаўленых задач з’яўляецца інфармаванне, то тыя, хто працаваў над праектам, папросту размаўлялі з бацькамі, школьнікамі, педагогамі пра тое, што, калі дзіця з інваліднасцю сядзіць за адной партай са здаровым дзіцём, — гэта нармальна.

Па словах прадстаўнікоў працоўнай групы, у раёне ёсць спецыялізаваныя школы, надомнае навучанне, але няма інклюзіўных класаў.

Але, як аказалася, вынікі нават пасля простых гутарак значныя. «Дзеці пачалі бачыць іншых дзяцей», — пракаментавала Юлія Язерская, дырэктарка ДУА «Валожынскі раённы цэнтр карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі», начальнік дзіцячага летняга аздараўляльнага лагера «Дружба» з кругласуткавым знаходжаннем дзяцей на базе ДУА «Чэхаўшчынская ўспамагальная школа-інтэрнат». Юлія распавяла пра тое, што здаровыя дзеці дапамагаюць асаблівым дзеткам апранацца, умывацца, прыбіраць у сваіх пакоях.

Наступная праблема Валожына — адсутнасць безбар’ернага асяродку. Падчас дзеяння праекту «Валожын без бар’еру» (а ён ідзе ўжо трэці год) у дваццаці васьмі ўстановах пабудавалі пандусы, па раёне пераклалі бардзюры. У Налібокскай пушчы была адкрыта экалагічная сцяжынка, прыстасаваная да людзей з інваліднасцю.

Узнагароджанне офісу па правах людзей з інваліднасцю

Узнагароджанне офісу па правах людзей з інваліднасцю


Галіна Рай, дырэктар дзяржаўнай установы «Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва», сказала, што цяпер да адкрыцця рыхтуюцца аграсядзібы, прыстасаваныя да людзей з інваліднасцю, нумар у Валожынскай гасцініцы і хостэл, які будзе знаходзіцца на другім паверсе тэрытарыяльнага цэнтру.

На пытанне пра тое, у чым заключаюцца плюсы «Павесткі 50», улічваючы, што і да рэалізацыі праекта ў Валожыне паспяхова будавалі безбар’ерны асяродак, Галіна адказала: «Мы пачалі думаць пра тое, што патрэбна самім інвалідам. Мы сталі ездзіць, запытваць, ці патрэбна ім тое, пра што думаем мы. А з іншага боку, людзі з інваліднасцю часта ставяцца да дзяржавы па-спажывецку. І мы пачалі тлумачыць, што, калі дзяржава ім нешта абавязана, то яны перад дзяржавай таксама маюць пэўныя абавязкі. І, канечне, дзякуючы Офісу па правах людзей з інваліднасцю, мы цяпер больш пісьменныя юрыдычна».


Вынікі

Ларыса Шчарбачэвіч, менеджарка праекта па Валожынскім раёне, зазначыла, што, дзякуючы выязным кансультацыям, каманда здолела данесці юрыдычны бок да людзей з інваліднасцю: «Мы выявілі праблемы мясцовага насельніца. Часта гэтыя праблемы тычыліся асабістых спраў, але іх можна было вырашыць».

Ларыса Шчарбачэвіч, менеджарка праекта па Валожынскім раёне

Ларыса Шчарбачэвіч, менеджарка праекта па Валожынскім раёне


Каманда праводзіла семінары і трэнінгі па асабовым росце не толькі ў Валожыне, але і ў дамах-інтэрнатах і тэрытарыяльных цэнтрах у Валожынскім раёне. Да прыкладу, у Івянецкім доме-інтэрнаце былі праведзеныя два семінары па прынцыпе «роўны навучае роўнага», восем заняткаў па самаадвакатаванню. Дзякуючы гэтаму людзі з інваліднасцю вучыліся сябе самапрэзентаваць і даведваліся пра свае правы і абавязкі.

Па словах Ларысы, падчас рэалізацыі праекта ў раёне палепшыліся міжвектарнае і міжсектарнае ўзаемадзенне, сітуацыі для мэтавых груп, прыцягнуліся валанцёры ў дзейнасць праекта, з’явілася яскравае разуменне імплементацыі палажэнняў канвенцыі.

Да працы з мэтавай групай далучыліся валанцёры, сярод якіх былі і самі людзі з інваліднасцю.

Паводле меркавання Сяргея Драздоўскага, валожынскай камандзе атрымалася рэалізаваць важны момант канвенцыі — уключэнне: «Камандзе не ўдалося б ахапіць столькі людзей, калі б яна не прыцягнула да працы ў якасці валанцёраў саміх людзей з інваліднасцю. Да таго ж, каманда знайшла кропкі сутыкнення з мясцовымі ўладамі».

Падаецца, вынікі працы зараз нельга памацаць рукамі. Але галоўнае — гэта якраз інфармаванне і праца з насельніцтвам. Вынікі гэтага этапу «Павесткі 50» і сабраныя матэрыялы будуць служыць дзеля імплементацыі канвенцыі ў Валожынскім раёне.

Артыкул падрыхтаваны ў межах кампаніі «Павестка 50», якая фінансуецца ЕС

41402984_2225656831001508_1335738204900294656_n.jpg
41527459_237981180220731_7137500729803014144_n.jpg