Дзень "сумленнага" мытніка

20 верасьня адна з катэгорый людзей у пагонах у нашай краіне афіцыйна адзначае як прафэсійнае сьвята. Паводле задумы, мытнікі сочаць за тым, каб нічога супрацьзаконнага не было ўвезена на тэрыторыю Беларусі, і зь іншага боку – каб кантрабанда не была вывезеная за межы. А ці так насамрэч?

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

Працаваць на мяжы – гэта і прэстыж і, у выпадку службы пра сёньняшнім рэжыме ў Беларусі,  вельмі хлебнае месца. Тут табе і заробак, і падарункі ад невядомых на працоўным стале. А сам мытнік у Беларусі вельмі часта на жаль губляе зрок, ды і здольнасьці рухацца ці вынюхваць – дзіўным чынам калі трэба адсутнічаюць. Чым пахваляцца беларускія мытнікі за апошні час? На гэтае пытаньне дадуць вычарпальны адказ іх калегі з Польшчы, Латвіі і Літвы.

Дадзеныя за апошні час уражваюць. Напачатку 2024 года польскія органы паведамлялі, што кантрабанда цыгарэтаў з Беларусі ў Польшчу ў 2023-м павялічылася на 1000% ці ў 12 разоў  з 500 тысяч даляраў да 6 мільёнаў. У 2022 годзе ж было яе падзеньне. Але "пасьля недоўгачасовага застою асноўны "экспартны тавар" рэжыму Лукашэнкі зноў на вышыні", пісала Rzeczpospolita. Знаходзяць кантрабанду і ў грузавіках, і ў грузавых цягніках — у «грузах драўніны, вугалю, солі, у ахоўных пакрыцьцях вагонаў-цыстэрнаў». Цыгарэты знаходзяць не толькі ва ўласна беларускіх цягніках, але і ў тых, якія ідуць праз Беларусь транзытам.

З пачатку 2024 года супрацоўнікі памежнай службы не пусьцілі ў Польшчу нелегальных цыгарэтаў на суму каля мільёна даляраў.

У параўнаньні з першай паловай 2022 года кантрабанда цыгарэтаў у Літву вырасла ўдвая ў наступным годзе. У 2022 годзе, паводле зьвестак літоўскіх мытнікаў, пачаўся рэзкі спад патоку кантрабандных цыгарэтаў з Беларусі. Ведамства зьвязвала гэта з тым, што быў уведзены шэраг міжнародных санкцый у адносінах да Беларусі і Расеі. У мытні таксама адзначылі, што абʼёмы кантрабанды зьнізіліся дзякуючы таму, што ў санкцыйныя сьпісы патрапілі тавары, якія традыцыйна служылі прыкрыцьцём для нелегальнай перавозкі цыгарэтаў, напрыклад калійныя ўгнаеньні, драўніна і вырабы з драўніны.

Спаду папярэднічаў рэзкі рост кантрабанды. Калі ў 2017 і 2018 літоўскія мытнікі звычайна затрымлівалі каля 6 мільёнаў пачкаў кантрабандных цыгарэтаў за год, то з 2019 года ў ведамстве пачалі фіксаваць павелічэньне тытунёвай плыні з Беларусі. У 2019 годзе літоўская мытня затрымала 8,6 мільёнаў пачкаў з Беларусі, у 2020 16,8 мільёнаў пачкаў, а ў 2021 ужо 22,4 мільёны пачкаў. Такое павелічэньне па часе супала з адкрыцьцём у Менску яшчэ адной тытунёвай фабрыкі «Інтэр Табака», якая належыць бізнэсоўцу Аляксею Алексіну – аднаму з «гаманцоў» Лукашэнкі – паведамляў Беларускі Рассьледвальніцкі Цэнтар.

Літоўскія мытнікі рапартуюць, што з пачатку 2023 года года яны затрымалі 6 мільёнаў 458 тысячаў пачкаў кантрабандных цыгарэтаў, а таксама 32 тоны тытуню. Гэта ўдвая больш, чым за першае паўгодзьдзе 2022-га. Рэкордам 2023 года сталі 2 тысячы скрынак з цыгарэтамі, што складае паўмільёна пачкаў.

Толькі ў красавіку 2024 года пад выглядам аўсянкі з Беларусі ў Літву прывезлі цыгарэты на больш за мільён эўра. Як паведамляла літоўская Мытная крымінальная служба, здарэньне адбылося ў пункце пропуску «Шыльчынінкай» (на беларускім баку «Беняконі»). Паводле дакумэнтаў, у грузавіку былі 7 тонаў аўсянкі, якую чакала літоўская кампанія. Аднак пасля высьветлілася, што скрынкі з аўсянкай былі перамяшаныя са скрынкамі з цыгарэтамі. Іх налічылі 250 тысячаў пачкаў.

Кантрабанды няма, нават калі яна ёсьць

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

Яшчэ ў 2021 годзе Мытны камітэт Беларусі паведаміў праваабаронцу Паўлу Левінаву, што калі кантрабандны тавар быў перамешчаны непасрэдна праз мытню ў працоўны час, то ў гэтым няма складу злачынства. А Генэральная пракуратура нашай краіны адмовілася даць прававую ацэнку фактам кантрабаднага перасоўваньня буйных партый цыгарэтаў праз беларускія мытныя пасты.

Праваабарончая арганізацыя «Віцебская Вясна» тады паведамляла: На падставе інфармацыі, атрыманай з Нацыянальнай падатковай адміністрацыі Польшчы аб затрыманьні буйных партый цыгарэтаў, якія прыбывалі з боку Беларусі, Павел Левінаў зьвярнуўся ў беларускую Генэральную пракуратуру з заявай. Калі цыгарэты былі вырабленыя на беларускіх прадпрыемствах і перавозіліся праз беларускія мытныя пункты як легальны тавар, але затрымліваліся як кантрабандны тавар у Польшчы, то ў праваабаронцы паўсталі пытаньні да працы беларускіх мытнікаў.

Каб разьвеяць сумненьні адносна крыштальнасьці беларускіх мытнікаў, ён і зьвярнуўся ў Генпракуратуру з заявай аб правядзеньні праверкі фактаў кантрабанды цыгарэтаў у межах крымінальнага справаводзтва.

У сваёй заяве праваабаронца выказаў тады фантастычнае меркаваньне аб магчымым садзейнічаньні беларускіх мытных органаў кантрабандыстам ў перасоўваньні тытунёвых вырабаў праз дзяржаўную мяжу. А таксама пра тое, што ў мытных органах краіны дзейнічаюць арганізаваныя злачынныя групы, якія незаконна перасоўваюць праз мытную мяжу кантрабанду ў буйным памеры, а службовыя асобы Мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь зьяўляюцца ўдзельнікамі злачынных схемаў.

Глядзіце таксама

Гэтая кляўза не засталася без адказу шчырых і сумленных супрацоўнікаў самай празрыстай мытні ў сьвеце. У Генэральнай пракуратуры вырашылі не распачынаць крымінальную справу ў дачыненьні да мытні, а заяву скіравалі ў ... той самы Дзяржаўны мытны камітэт з просьбай паведаміць аб выніках праверкі выкладзеных фактаў кантрабанды.

У сваім адказе намесьнік старшыні Дзяржаўнага Мытнага Камітэту Эдуард Даніловіч патлумачыў праваабаронцу склад артыкулаў 228 і 228-1 Крымінальнага кодэксу. З гэтых тлумачэньняў стала зразумелая пазыцыя беларускіх мытнікаў да кантрабанды цыгарэтаў. Яны лічаць, што яе не было ў выпадку, калі кантрабандны тавар быў перамешчаны непасрэдна праз мытны пункт у працоўны час. А тое, што беларускія мытнікі не знайшлі цыгарэтаў, то гэта не караецца, нават калі польскія службы іх выявілі.

Спадзяемся, з праваабаронцам усё добра пасьля гэтых дзёрзкіх лістоў у так званую пракуратуру.

Але, як кажуць, і на нашай (іх) вуліцы бывае сьвята

Прапагандысцкае выданьне Зьвязда нядаўна адрапартавалася наступнымі посьпехамі:

«Дзевяць тысяч літраў трансмісійнага масла коштам амаль 150 тысяч рублёў мелі намер правезьці праз мытную мяжу ЭАЭС без дэкляраваньня. Пра гэта паведамілі ў Віцебскай мытні. Спробу кантрабанды спынілі віцебскія мытнікі на беларуска-латвійскай мяжы ў пункце пропуску «Грыгораўшчына». Везлі тавар у грузавіку DAF.

Аўто ехала з Фінляндыі з таварам «аўтамабільныя масла, аўтамабільныя змазкі, антыфрызы». Пры праходжаньні вагагабарытнага кантролю мытнікі ўстанавілі істотнае перавышэньне фактычнай вагі грузу ў параўнаньні з паказанай у дакумэнтах.

Глядзіце таксама

Далейшы мытны дагляд пацьвердзіў наяўнасьць у грузавым адсеку незадэкляраванага: 325 каністраў па 20 літраў і 16 бочак па 170 літраў трансмісійнага масла — у агульнай складанасьці 9 тысячаў літраў.

Па дадзеным факце пачаты адміністрацыйны працэс. Санкцыя артыкула ў якасьці пакараньня прадугледжвае накладаньне штрафу на перавозчыка ў памеры да 30% ад кошту прадмета адміністрацыйнага правапарушэньня».

Адзін з самых нечаканых выпадкаў адбыўся напрыканцы мінулага года, калі беларус пазбыўся 10 тысяч эўра, калі ... пытаўся ў беларускага ж мытніка, як задэкляраваць грошы.

Як паведамлялася, мужчына вяртаўся дадому з Літвы. Ён прайшоў пашпартны кантроль і зьвярнуўся да беларускага мытніка з пытаньнем, як задэкляраваць 19 562 эўра гатоўкай. Пры гэтым беларус на адзін мэтр выйшаў за мяжу "зялёнага калідора". Аднак на яго адразу склалі адміністрацыйны пратакол. Суд Кастрычніцкага раёна Гародні пастанавіў канфіскаваць у мужчыны 10 349 эўра.

Так і зарабляюць. Са сьвятам!