Дзень сусліка ці Дзень свабоднага спорту? Што святкаваць у Першамай

Апошнія месяцы паказалі вялікую салідарнасць беларусаў. Таму ў гэтым сэнсе Першамай акурат наш дзень. Але 1 мая, аказваецца, ёсць і іншыя святы. А што адзначаць — выбірайце самі!

painting_1843078_1280.jpg


Дзень сусліка

У канадскіх індзейцаў правінцыі Саскачэван на працягу многіх стагоддзяў 1 мая святкуецца як Дзень сусліка. Дата гэтая ў канадскім календары ніколі не адзначалася чырвоным колерам і не была выходным днём, але заўсёды адрознівалася радасным і вясёлым настроем. У сучасных даследаваннях вы не знойдзеце нічога, што б распавядала пра ролю сусліка ў жыцці індзейцаў, але тое, што падобнае свята ў Канадзе ёсць — гэта відавочны факт.
Гэты дзень заўсёды адзначаўся вельмі весела, класціся спаць цвярозым пасля гэтага свята лічыцца вялікім грахом.

Дзень ландышу

lilies_of_the_valley_4221263_1280.jpg


А вось французы 1 мая могуць яшчэ адзначыць і Дзень ландышу. 1 мая французы дораць адзін аднаму ландышы, якія па старажытных павер'ях прыносяць шчасце. У Дзень ландышаў — jour de muguet, ці нават проста muguet, вуліцы Парыжа расквітаюць сотнямі ландышаў.
Гэтую традыцыю ўвёў Карл ІХ амаль 500 гадоў таму. Ён дарыў усім дамам са свайго атачэння букеты ландышаў як сімвал вясны, жыцця і шчасця.
1 мая попыт на ландышы ў Францыі бывае так вялікі, што іх прывозяць з правінцыі цэлымі вагонамі, не лічачы мільёнаў кветак, якія вырошчваюць штучна ў цяпліцах у ваколіцах Парыжа.

Lei Day

16755158243_6c4d10c3f7_c.jpg


Яшчэ адно прыгожае свята Lei Day адзначаюць 1 мая на Гаваях.
Lei — гэта найпрыгажэйшыя кветкавыя гірлянды, якія носяць на шыі на Гаваях. Адзначаць гэты Дзень гірлянд прыдумаў паэт Дон Бландзінг у 1927 годзе. У той час ён працаваў у газеце ў Ганалулу, так што неўзабаве пра ідэю святкаваць 1 мая Дзень гірлянд ведалі ўсе Гаваі. У 2010 годзе ў Ганалулу паставілі рэкорд — сплялі самую доўгую гірлянду з кветак даўжынёй 162,5 метра. У гэты дзень ладзяць конкурсы прыгажосці, танцы і кірмашы.

Вальпургіева ноч



fantasy_2293074_1280.jpg


Калі мы ўзгадалі пра танцы і прыгажосць, то, безумоўна, нельга прамінуць Вальпургіеву ноч, якая адбываецца якраз у ноч на 1 мая. Гэта, як вядома, свята ведзьмаў, якія збіраюцца ў гэты час вакол свайго ўладара-сатаны — на высокай, недаступнай гары Брокен, дзе і спраўляюць свой "шабаш". Пра гэта павер'е кажа Гётэ ў 1-й частцы "Фаўста".
Павер’е склалася каля канца VIII стагоддзя: так як 1 мая з асаблівай урачыстасцю святкавалася язычнікамі як першае веснавое свята, то ўсе тыя, хто не мог адразу адмовіцца ад паганскіх абрадаў на карысць хрысціянства, нягледзячы на смяротнае пакаранне, працягвалі збірацца ў недаступных месцах, каб песнямі і скокамі сустрэць 1-га мая.
Абстаноўка (вогнішчы, дзікая мясцовасць), а можа быць, і чуткі, што наўмысна распускалі гэтыя таемныя язычнікі (каб пазбавіцца ад лішніх сведак), спрыялі распаўсюджванню ў народзе апавяданняў пра ведзьмаў, якія збіраюцца ў гэтую ноч. Назва ж пайшла ад супадзення са святкаваннем 1 мая памяці святой Вальпургіі, сястры святога Відзібальда, кананізаванай у 778 годзе.

Бельтайн

08c9f554bb5e.jpg


Ну, і 1 мая — гэта яшчэ і кельцкае свята пачатку лета Белтэйн, якое адзначаюць у Ірландыі. Дарэчы, Бельтайн азначае назву месяца май у ірландскім, шатландскім і іншых гальскіх мовах
Свята лічыцца пераважна ірландскім і шатландскім. Гэтаму дню надавалася асаблівае рэлігійнае значэнне. Ён быў прысвечаны богу сонца і ўрадлівасці Беленусу, якому прыносілі сімвалічныя ахвяры друіды. Існавала павер'е, што ў дні свята Бог спускаецца на зямлю і яго можна ўбачыць.

Дарэчы, спрычыніцца да кельцкага свята сёлета можна будзе і ў Мінску — адзначаць «Бельтайн» будуць 1 мая ў Цэнтральным батанічным садзе.


Дзень свабоднага спорту

stretching_498256_1280.jpg


І калі гаворка зайшла пра актыўнасці на вольным паветры, нельга абмінуць і Дзень свабоднага спорту, які ініцыяваў Фонд спартыўнай салідарнасці. Спартоўцы, якія падвергліся пераследу за свае погляды, пераконваюць, што грамадзянскую пазіцыю можна праяўляць займаючыся спортам і адмаўляючыся ад кепскіх звычак. Старшыня фонду Аляксандра Герасіменя прапанавала, каб субота 1 траўня стала днём, калі беларусы зробяць крок насустрач здароваму ладу жыцця:
— Беларусы, выходзім на вуліцы нашай цудоўнай краіны! Арганізуем дваравыя спаборніцтвы, спартыўныя гульні з дзецьмі, забегі і велапрабегі. Пастарайцеся заняцца спортам у любым месцы і ў любой сітуацыі: дома, на лецішчы, нават у турме. Памятайце, што нас шмат і што мы разам. Гэта наша краіна. Гэта нашы вуліцы. І мы самыя выбіраем, як нам клапаціцца пра сваё здароўе, падтрымліваць добрае самаадчуванне. Штодзённыя чэленджы, майстар-класы, нашыя нядзельныя зарадкі ўсёй краінай умацоўваюць нашу веру ў сябе, як нацыі, развіваюць волю, робяць нас мацнейшымі. Я аб’яўляю 1 мая адзіным днём свабоднага спорту для цудоўных беларусаў.
Вось колькі прыгожых традыцый можа падарыць нам 1 мая. Не абмяжоўвайце сябе!