Дзень Волі не для ўсіх

Толькі ў сталіцы ўлады дазволілі правесці святочнае шэсце і мітынг, прымеркаваныя да 95-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці БНР. Рэгіянальныя ж “вертыкальшчыкі” правядзенне вулічных урачыстасцяў забаранілі.



dv15.jpg

Прадстаўнікі рэгіянальных дэмакратычных структураў своечасова падавалі ў мясцовыя выканкамы заяўкі на правядзенне вулічных урачыстасцяў 24 і 25 сакавіка. Аднак паўсюдна заяўнікі атрымалі ад чыноўнікаў катэгарычныя адмовы. Гэта адбылося, напрыклад, у Гродна, Магілёве, Слоніме (тут адхіленыя адразу тры заяўкі), Віцебску, Салігорску, Баранавічах, іншых гарадах краіны. У большасці выпадкаў улады сцвярджалі, што заяўнікі дапусцілі парушэнні пры афармленні зявак, аднак “вертыкальшчыкі” нават не абцяжарыліся патлумачыць людзям, што гэта былі за парушэнні. Таму рэгіянальныя актывісты будуць змушаныя адзначаць угодкі БНР больш сціпла, у нейкіх памяшканнях.

Дарэчы, у Віцебску 22 сакавіка супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі актывістаў дэмакратычнага руху Кастуся Смолікава і Леаніда Аўтухова, якія раздавалі мінакам улёткі з заклікам усё ж такі прыйсці 25 сакавіка на святочны мітынг. Абодвух транспартавалі ў РАУС Кастрычніцкага раёна абласнога цэнтра.

Чаму ж мясцовыя ўлады так адмоўна ставяцца да юбілею БНР? Чаму, апроч Мінска, паўсюль забаранілі праводзіць не толькі шэсці ці мітынгі, але нават ладзіць сціплыя і бяскрыўдныя пікеты? 

Я не думаю, што гэта нешта новае, — кажа паэт Генадзь Бураўкін. — Мне падаецца, што гэта ўсё працяг тых жа адносін нашага высокага беларускага чыноўніцтва да нацыянальнай гісторыі, да нацыянальных святаў, да нашых нацыянальных спраў. Ну, а тое, што дазволілі толькі ў Мінску, а ў астатніх гарадах не дазволілі, дык гэта, на маю думку, элементарная бюракратычная гульня. Усё абмяркоўвалася і вырашалася ў Мінску. А чаму было прынята менавіта такое рашэнне? Відаць, каб прадэманстраваць той жа Еўропе, што вось бачыце, у нас ёсць дэмакратыя, хай не зусім такая, як вам хочацца, але яна ў нас ёсць, і мы не забараняем адзначаць святы, якія цяпер не з’яўляюцца афіцыйна дзяржаўнымі. Але я ні на хвіліну не сумняваюся, што ўсё,  што звязана з Днём Волі, вырашалася тут, у Мінску, на самым высокім ідэалагічным узроўні. Я думаю, што ўсё ж улады баяцца больш сталіцу, а не рэгіёны, але яны не хочуць, каб апазіцыйная “зараза” распаўзалася па краіне”.   

Улада зараз хоча прадэманстраваць нейкія прыкметы так званай лібералізацыі. Яна не можа выкарыстоўваць табу абсалютна на ўсе дзеянні апазіцыі, сваіх апанентаў, — мяркуе старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. — У Мінску яны дазволілі, бо ў сталіцы людзі ўсё роўна выйдуць на вуліцы. Колькі іх там будзе — некалькі соцень, некалькі тысяч альбо некалькі дзясяткаў тысяч, але яны ўсё роўна выйдуць. А табу — гэта значыць правакаваць нейкія сілавыя дзеянні, што ўладам зараз абсалютна нявыгадна. А ў рэгіёнах можна проста сказаць “не!”, і на гэтым усё скончыцца. Калі б рэгіянальным уладам паступіла адмашка “дазволіць”, яны б дазволілі гэтыя акцыі. А так практыка апошніх гадоў пасля прэзідэнцкай кампаніі — табу на ўсё. І гэта дзейнічае. Ніякіх новых цыркуляраў і “ўказівак” “зверху” не пайшло, таму лепш перастрахоўвацца. Ніхто не хоча наклікаць сабе нейкія праблемы, а выйсце з гэтага — лепш за ўсё казаць “не!”, асабліва на ўзроўні рэгіёнаў”.  

Нагадаем, што збор удзельнікаў дазволенага Мінгарвыканкамам  шэсця адбудзецца апоўдні 24 сакавіка (нядзеля) на пляцоўцы перад кінатэатрам “Кастрычнік” (станцыя метро “Акадэмія навук”) у беларускай сталіцы. Завершыцца акцыя мітынгам у Парку Дружбы народаў.