Дзяржава зноў страляе ў сваіх
Адразу дзве вельмі не прыемныя рэчы для праваабаронцаў і тых людзей, што рашуча выступаюць супраць смяротнага пакарання ў Беларусі, сталі вядомыя 6 мая, за некалькі дзён да Дня Перамогі і праваслаўнай Радуніцы.
У пятніцу Вярхоўны Суд пакінуў у сіле смяротны вырак жыхару пасёлка Мачулішчы (Мінская вобласць) Сяргею Хмялеўскаму. Таксама высветлілася, што сёлета ўжо прыведзены ў выкананне першы з 2014 года расстрэльны прысуд.
Кулю ў патыліцу (а менавіта так у нашай краіне прыводзяцца ў выкананне смяротныя выракі), атрымаў 22-гадовы жыхар Рэчыцы Сяргей Іваноў, якога ў сакавіку 2015 года прызналі вінаватым у жорсткім забойстве знаёмай дзяўчыны.
Верагодна, гэта адбылося 17–18 красавіка бягучага года. Іваноў сядзеў у адной камеры смяротнікаў з Хмялеўскім. Менавіта апошні паведаміў падчас судовага пасяджэння 6 мая, што ягонага сукамерніка па “Валадарцы” (так у народзе завуць следчы ізалятар № 1 Міністэрства ўнутраных справаў на вуліцы Валадарскага ў Мінску, дзе прыводзяцца ў выкананне расстрэльныя выракі), у тую ноч вывелі з камеры, і больш Хмялеўскі яго не бачыў. Больш за тое, яму загадалі сабраць рэчы Іванова.
Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, якая з’яўляецца адным з праектаў зліквідаванага ўладамі Праваабарончага цэнтра “Вясна”, Андрэй Палуда скантактаваўся з бацькамі Сяргея Іванова. Тыя пацвердзілі: яшчэ на мінулым тыдні атрымалі паведамленне пра тое, што “прысуд прыведзены ў выкананне”.
Не будзем спыняцца на акалічнасцях крымінальных справаў. Забойцы ёсць забойцы. Але ці варта дзяржаве прыпадабняцца такім сваім, хоць і кепскім, але ж “сынам”?
Цывілізаваны свет, нават тыя краіны на постсавецкай прасторы, якія ў свеце лічацца аўтаркіямі ці нават дыктатурамі, адмовіліся ад смяротнага пакарання ці хаця б увялі мараторый на яго прымяненне. А што Беларусь?
Вышэйшае кіраўніцтва Сінявокай не перастае казаць, што мы з’яўляемся еўрапейскай дзяржавай, жывем у цэнтры сусветнай цывілізацыі, што мы такія ж разумныя і развітыя, як іншыя еўрапейскія краіны. А ці так гэта на самай справе?
Для цывілізаванай Еўропы найпершы паказнік развітасці і цывілізаванасці на сённяшні дзень з’яўляецца менавіта наяўнасць альбо адсутнасць у краіне смяротнага пакарання.
Беларусь, на наш вялікі сорам, цяпер з’яўляецца адзінай на кантыненце дзяржавай, дзе людзям, няхай і за самыя жорсткія злачынствы, страляюць у галаву.
Гэтая праблема дыскутуецца ўжо не адзін год. І дэпутаты пралукашэнкаўскага парламента, і суддзі прызначанага афіцыйным лідарам Канстытуцыйнага суда прызнаваліся нават перад сродкамі масавай інфармацыі, што гэтую праблемы можна вырашыць без правядзення плебісцыту. Бо менавіта Лукашэнка, калі выказваецца па праблеме смяротнага пакарання, увесь час спасылаецца на так званы рэферэндум 24 лістапада 1996 года, вынікі якога не былі прызнаныя міжнароднай і беларускай дэмакратычнай супольнасцю.
І дзяржаўныя, і недзяржаўныя адмыслоўцы сцвярджаюць, што для станоўчага вырашэння хапіла б палітычнае волі аднаго толькі чалавека, імя якога ўсе ведаюць. Але Лукашэнка не жадае праявіць такую волю, і нават злуецца, калі гэтую тэму закранаюць у ягонай прысутнасці.
Як гэта так, добраахвотна адмовіцца ад права караць і мілаваць, вырашаць, будзе чалавек жыць ці не?! Ад такога задавальнення правадыр адмовіцца не хоча, таму і вядомы толькі адзін выпадак за 22 гады панавання Лукашэнкі, калі ён памілаваў асуджанага на смерць чалавека. А вось больш за 400 “расстрэльнікаў” за час існавання незалежнай Беларусі такое ласкі не дачакаліся.
Апошні год улады спрабуюць наладжваць стасункі з Еўропай і Захадам у цэлым. І, тым часам, не хочуць змірыцца з думкаю, што істотны прагрэс, як то допуск афіцыйнага Мінска да міжнародных структураў, да ўдзелу ў еўрапейскіх праектах і арганізацыях кшталту Савета Еўропы, абсалютна немагчымы ва ўмовах, калі дзяржава забівае сваіх грамадзян.
Воля адной асобы адбіваецца на лёсах і перспектывах мільёнаў. Вось толькі ці разумее бяззменны правіцель, што кожная куля, кожнае рашэнне “пра непамілаванне” асуджаных на расстрэл — гэта і адбітак на яго лёсе ў будучыні. У практычна кожнага расстралянага, якім бы кепскі ён ні быў, ёсць бацькі, сямейнікі, сябры, знаёмцы, якія ні ў якім разе не жадалі б смерці асуджанаму. Часам нават сваякі ахвяраў даказаных злачынстваў просяць суды не выносіць “выключную меру пакарання”, тым больш што ў крымінальным заканадаўстве Беларусі існуе яшчэ адна вышэйшая мера — пажыццёвае зняволенне.
Менавіта да такой меры пакарання са слязьмі прасіў прыгаварыць яго 6 мая Сяргей Хмялеўскі, абяцаючы працаваць, пакрываць усе судовыя ды іншыя выдаткі, молячы суддзяў пакінуць яму жыццё.
Аднак “служкі Феміды” Аніскевіч, Літвіновіч, Гермянчук
не пачулі мальбы Хмялеўскага, зноў накіраваўшы яго ў камеру смяротнікаў. Цяпер
адно спадзяванне на тое, што Хмялеўскага памілуе кіраўнік дзяржавы. Але верыць
у гэта — усё роўна што спадзявацца на мятровыя сумёты ў Беларусі ў сярэдзіне
ліпеня.