Сяргею Хмялеўскаму Вярхоўны суд пакінуў вышэйшую меру
Апеляцыйная скарга асуджанага да смяротнага пакарання жыхара пасёлка Мачулішчы Мінскага раёна Сяргея Хмялеўскага разгледжаная Калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі сёння, 6 мая.
Калегія суддзяў у складзе Аніскевіч, Літвіновіч, Гермянчук прыступіла да разгляду скаргі. Старшыня калегіі заявіў, што судовае паседжанне вядзецца з прымяненнем гуказапісу. У судзе прысутнічаюць адвакаты, сваякі Сяргея Хмялеўскага і пацярпелыя.
Сяргей Хмялеўскі знаходзіцца ў металічнай клетцы ў кайданках. Ён заявіў хадайніцтва аб выкліку ў суд экспертаў, якія праводзілі псіхіятрычную экспертызу і наконт цялесных пашкоджанняў. Пракурор Бурко выступае супраць выкліку, але адвакаты настойваюць. Суд сыходзіць у дарадчы пакой для прыняцця рашэння аб хадайніцтве.
Суд адмовіўся задаволіць хадайніцтва Хмялеўскага аб выкліку ў суд экспертаў.
Суд агалошвае матэрыялы справы. Суддзя адзначыў, што агулам у месцах пазбаўлення волі абвінавачваемы правёў каля 13 гадоў.
У пісьмовай скарзе Хмялеўскі заявіў, што суд не даў належнай ацэнкі заяўленым ім фактам аб тым, што ён даў прызнальныя паказанні пад фізічным і псіхалагічным уздзеяннем супрацоўнікаў міліцыі, у прыватнасці оперупаўнаважанага Б.
Ён лічыць сённяшні суд проста фармальнасцю, які нічога не вырашае і просіць прабачэння ў пацярпелай за забойства брата.
Хмялеўскі заяўляе, што другога чалавека не забіваў, а прызнаўся толькі пасля фізічных уздзеянняў супрацоўнікаў міліцыі і катаванняў.
Пасля 13 гадоў у турме ён не мог знайсці сябе на волі, не было працы, стаў выпіваць. Кажа каб дапамаглі псіхолагі, дык гэта б дапамагло. Просіць пажыццёвага зняволення. Гатовы працаваць і аплочваць судовыя зыскі.
Гаворыць пра ўмовы ўтрымання ў спецкалідоры, кажа, што там ён губляе розум, сядзіць у адзіночнай камеры, а раней некаторы час сядзеў з іншым смяротнікам. Хмялеўскі кажа, што зараз яго няма ў камеры і лічыць, што яго маглі расстраляць і гэта цісне псіхалагічна. Ён плача і просіць змякчыць пакаранне і не караць смерцю.
Выступае адвакат Калініна. Кажа, што доказаў віны Хмялеўскага ў забойстве другога чалавека (Елесеенкава) няма, што на яго ўздейнічалі фізічна і падтрымлівае скаргу Хмялеўскага. Адвакат папрасіла суд замяніць вышэйшую меру пакарання на 25 гадоў турмы.
Адвакат Казак кажа, што вывад абласнога суда неабгрунтаваны і яго выснова аб асаблівай жорсткасці здзейсненага злачынства спрэчная. Хмялеўскі агаварыў сябе пад ціскам следчых.
Адвакат кажа, што калі прысуд пакінуць у сіле, Хмялеўскі будзе звяртацца ў міжнародныя інстанцыі, паколькі маецца парушэнне права на справядлівы суд і прымяненне катаванняў. Міжнародныя дакументы, у тым ліку і Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, з’яўляюцца частай прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь.
Пацярпелыя Данская і Аляксеенкава згодныя з выракам суда першай інстанцыі, пры гэтым Данская заявіла, што была згодная і з ранейшым прысудам — пажыццёвым зняволеннем.
Прадстаўнік абвінавачвання пракурор Бурко нязгодная з довадамі абароны.Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі не задаволіла скаргу асуджанага да смяротнага пакарання Сяргея Хмялеўскага: пакінуты ў сіле прысуд Мінскага абласнога суда — расстрэл.
***
15 лютага Мінскі абласны суд вынес смяротны прысуд 31-гадоваму жыхару пасёлка Мачулішчы Мінскага раёна Сяргею Хмялеўскаму за жорсткае забойства дзвюх і болей асобаў. Гэты цяжкі прысуд быў вынесены пасля перагляду ягонай крымінальнай справы, па якой раней Хмялеўскі быў асуджаны да пажыццёвага зняволення.
Крымінальная справа была ўзбуджаная ў лістападзе 2014 года, пасля таго як у Мінскім раёне пры тушэнні пажару ў прыватным доме супрацоўнікі МНС знайшлі абгарэлыя целы 49-гадовага мясцовага жыхара і яго 48-гадовай сужыцелькі. На целах загінулых былі выяўленыя шматлікія колата-рэзаныя раны шыі і галавы. Следчыя прыйшлі да высновы, што падпал дома быў ажыццёўлены з мэтай утойвання слядоў злачынства.
Пакідаючы месца злачынства, абвінавачаны ў двары дома забітых сустрэў 57-гадовага аднавяскоўца. Жадаючы пазбавіцца ад сведкі, сапхнуў яго ў бетонную яму глыбінёй два метры. У выніку падзення пацярпеламу былі прычынены шматлікія цяжкія цялесныя пашкоджанні, ад якіх праз некалькі тыдняў ён памёр у бальніцы.
spring96.org
Фота з сайта spring96.org