Ужо тры справы за пікет адправілі на дапрацоўку

5 траўня па выніках адміністрацыйнага працэсу ў судзе Цэнтральнага раёна горада Мінска суддзя Наталля Вайцэховіч вярнула ў Цэнтральнае РУУС сталіцы справу бабруйчанкі Любові Санкевіч.

haravy_sud_sankevicz_5.5.16_logo.jpg


Яна абвінавачвалася ва ўдзеле ў недазволенай акцыі, што 31 сакавіка на сталічнай плошчы Свабоды правялі 15 актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры — пенсіянеры і інваліды з розных рэгіёнаў краіны дзеля таго, каб дамагчыся дыялогу з чыноўнікамі, якія даюць адпіскі на звароты грамадзянаў.  
Падтрымаць Любоў Санкевіч у судзе прыйшлі яе сябры з Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры
Нягледзячы на тое, што супраць жанчыны  сведчылі нашмат маладзейшыя міліцыянты, спадарыня Любоў змагла даказаць суду неабходнасць вяртання адміністрацыйнай справы на дапрацоўку ў Цэнтральнае РУУС. І суддзя гэта зрабіла ў выніку пасяджэння, якое доўжылася больш за гадзіну.
Жанчына абгрунтавала сваю пазіцыю нормамі заканадаўства. Як таго патрабуе закон аб масавых мерапрыемствах, пенсіянерка загаддзя пісьмова звярнулася ў Мінскі гарвыканкам з заяўкай на пікетаванне. Аднак атрымала адмову, якая не адпавядае нормам права. Вось чаму жанчына вырашыла праз пікетаванне рэалізаваць канстытуцыйнае права грамадзянаў на выказванне свайго меркавання.
Трэба мець на ўвазе, што 5 траўня адбыўся чацверты судовы працэс за ўдзел у пікетаванні 31 сакавіка на сталічнай плошчы Свабоды. Прычым ва ўсіх працэсах супраць пенсіянерак сведчылі адны і тыя ж супрацоўнікі АМАП Мінгарвыканкаму — камандзір аддзялення Алесь Сакольчык і камандзір узводу Зміцер Лабкоў.
І кожны раз пад час суду грамадзяне не могуць дабіцца ад міліцыянтаў адказу на адно пытанне: чаму Алесь Сакольчык і Зміцер Лабкоў парушылі Закон Рэспублікі Беларусь “Аб органах унутраных спраўРэспублікі Беларусь”, які абавязвае міліцыянтаў спыняць адміністрацыйныя правапарушэнні?      
Нагадаем, што 22 красавіка актывістка ініцыятывы з Бабруйску Валянціна Каваленка была аштрафаваная суддзёй суду Цэнтральнага раёна Валерам Есьманам на 20 базавых велічынь (4 млн.200 тыс.руб). Справы яшчэ трох пікетоўшчыц — мінчанак Тамары Сяргей і Камеліі Чарняўскай, а таксама Любові Санкевіч суддзі Вікторыя Шабуня і Наталля Вайцэховіч накіравалі на дапрацоўку .